Талака да 25-годдзя адкрыцця Курапатаў

Рашэнне арганізаваць талаку ў Курапатах было прынятае 6 сакавіка ў Мінску на чарговым пасяджэнні грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу “Курапаты”.



Як адзначыў былы вязень ГУЛАГу і сябра міжнароднага гісторыка-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства “Мемарыял” Уладзімір Раманоўскі, 3 чэрвеня 1988 году ў газеце “Літаратура і мастацтва” быў надрукаваны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога смерці”. “Гісторыя ўрочышча, адкрытая даследчыкамі, падштурхнула грамадства іншымі вачыма паглядзець на сфальсіфікаванае мінулае Беларусі, пераасэнсаваць яго і звярнуцца ад тых даследаванняў па гісторыі Бацькаўшчыны, якія грунтуюцца на дакументальнай спадчыне і вывучэнню нацыянальных культурных традыцый. Дзякуючы гэтаму беларусы адчулі сябе часцінкамі нацыі і носьбітамі яе мінулага”, — сказаў Раманоўскі.

Ён адзначыў, што ўладальнік ляснога масіву ва ўрочышчы Курапаты — “Мінская лесапаркавая гаспадарка”, якая падпісала ахоўныя абавязацельствы на гісторыка-культурную каштоўнасць і прыкладае адпаведныя высілкі для падтрымкі тэрыторыі народнага мемарыялу ў нармальным стане, выступіла ініцыятарам правядзення талакі для санітарнага высякання лесу, прыборкі смецця і яго вывазу. “Грамадская ініцыятыва падтрымлівае гэтую ініцыятыву, прапануе правесці яе да 25-годдзя адкрыцця Курапатаў і гатова аказаць неабходную дапамогу ў арганізацыі талакі”, — сказаў Раманоўскі.

Былы абаронца Курапатаў падчас кругласуткавай моладзевай вахты памяці з 24 верасня 2001 года па 3 чэрвеня 2002 года Васіль Парфянкоў адзначыў, што ў талацэ гатовыя ўдзельнічаць юнакі і дзяўчаты шэрагу моладзевых дэмакратычных аб’яднанняў.

Актывіст ініцыятывы, былы інжынер-будаўнік Таццяна Колышава паведаміла, што звярнулася з лістом да міністра архітэктуры і будаўніцтва краіны Анатоля Нічкасава. У лісце, між іншым, адзначаецца, што прыпыненае Міністэрствам культуры будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Бульбаш-хол”, якое ажыццяўляецца СТАА “БелРэстІнвест” у зоне рэгулюемай забудовы і ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згуба ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”, не адпавядае шэрагу палажэнняў айчыннага заканадаўства.

У сваім лісце спадарыня Таццяна спасылаецца на шматлікія артыкулы законаў аб ахове спадчыны, а таксама аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Акрамя таго, Колышава апелюе да ўказу прэзідэнта ад 18 кастрычніка 2007 году № 527 “Аб некаторых пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны”.

На выснове палажэнняў законаў і ўказа кіраўніка дзяржавы Таццяна Колышава просіць Анатоля Нічкасава паспрыяць зносу комплексу “Бульбаш-хол”, само ўзвядзенне якога побач з Курапатамі без адпаведнага дазволу Міністэрства культуры сведчыць пра ганебныя адносіны пэўнай часткі грамадства да светлай памяці нявінна загубленых ахвяраў сталінізму.

Каментаваць