Тамара Сяргей абскардзіла ў судзе афіцыйнае папярэджанне Генпракуратуры

4 ліпеня юрыстка Тамара Сяргей абскардзіла ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска афіцыйнае папярэджанне Генеральнай пракуратуры ад 23 красавіка аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі.



Юрыст Тамара Сяргей


Як адзначае юрыстка ў сваёй скарзе, згодна афіцыйнаму папярэджанню, падставай для прыняцця мер пракурорскага рэагавання сталі матэрыялы праверкі Генпракуратурай, пад час якой устаноўлена: «на розных інтэрнэт-крыніцах цягам шэрагу гадоў сістэматычна змяшчаецца інфармацыя пра дзейнасць групы грамадзянаў, што называецца Грамадзянскай ініцыятывай супраць беззаконня ў судах і пракуратуры. На інтэрнэт-сайтах публікуюцца звесткі пра факты зваротаў прадстаўнікоў так званай Грамадзянскай ініцыятывы ў дзяржаўныя і праваахоўныя органы, характар перапіскі па заявах, а таксама Вашыя асабістыя каментары па розных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця дзяржавы».  

Аднак юрыстка лічыць, што згодна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах яна мае правы на свабоду думкі і свабоднае яе выказванне, на распаўсюд інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, а таксама на сумеснае з іншымі грамадзянамі накіроўванне ў дзяржаўныя структуры калектыўных зваротаў.

«Такім чынам, у Генеральнай пракуратуры няма законных падставаў разглядаць грамадзянаў, якія накіроўваюць калектыўныя звароты ў дзржаўныя органы і размяшчаюць інфармацыю пра гэта на інтэрнэт-сайтах, як сябраў грамадскай арганізацыі, бо артыкул 40 асноўнага закону краіны прадастаўляе гэта права кожнаму грамадзяніну. Калектыўныя звароты грамадзян ў дзяржаўныя органы не з’яўляюцца прыкметай грамадскага аб’яднання гэтых грамадзянаў». — падкрэсліваецца ў скарзе.

Тамара Сяргей лічыць афіцыйнае папярэджанне Генпракуратуры актам псіхалагічнага ўціску і абмежавання яе правоў на свабоду меркавання і яго свабоднае выказванне, а таксама на распаўсюд інфармацыі і сумеснае з іншымі грамадзянамі накіроўванне ў дзяржаўныя органы калектыўных зваротаў. 

Юрыстка просіць суд адмяніць афіцыйнае папярэджанне Генпракуратуры і абавязаць яе прадставіць суду доказы таго, што пры зваротах ў дзяржаўныя структуры яна пазіцыянуе сябе ў якасці лідара Грамадзянскай ініцыятывы.

Каментаваць