Тамара Сяргей: я звярнулася ў МУС і Генпракуратуру наконт правакацыі супраць мяне

Актывістка Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, юрыстка Тамара Сяргей накіравала скаргі міністру ўнутраных справаў Ігару Шуневічу і генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку ў сувязі з дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі, якія праваабаронца лічыць правакацыйнымі.  



Нагадаем, што з 2007 года актывісты ініцыятывы не могуць вырашыць праблему адпісак на свае звароты ў дзяржаўныя органы. Паколькі па гэтай праблеме 5 лістапада грамадзян не прынялі ў Адміністрацыі прэзідэнта ў дзень асабістага прыёму аднаго з намеснікаў кіраўніка адміністрацыі, пенсіянеры вырашылі раніцай 6 лістапада наўпрост звярнуцца да кіраўніка дзяржавы ў дзень ягонай інаўгурацыі. Тамара Сяргей павінна была сустрэцца з актывістамі грамадзянскай ініцыятывы на сталічным чыгуначным вакзале, каб затым паспрабаваць сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам.

6 лістапада каля 10.15, пасля таго, як юрыстка ўвайшла ў будынак вакзала, а актывісты ініцыятывы з Мінску і Бабруйску (Магілёўская вобласць) пачалі падпісваць чарговы 43-ці зварот да кіраўніка дзяржавы, да пенсіянераў падышлі два міліцыянты ў форме. Пазней высветлілася, што гэты былі супрацоўнікі міліцыі на транспарце — падпалкоўнік Сяргей Гаркавы і старшы прапаршчык Сяргей Махнач. Пасля праверкі дакументаў у юрысткі Сяргей Гаркавы звярнуўся да маладой жанчыны, якая стаяла побач, а сваім выглядам і неадэкватнымі паводзінамі магла сысці за наркаманку ці алкагалічку. Невядомая жанчына, якая праз некаторы час знікла, так і не назваўшы сябе, заявіла, што грамадскія актывісты забралі ў яе кашалёк з апошнімі грашыма. Потым невядомая жанчына змяніла свае паказанні, абвінаваціўшы ў рабаванні Тамару Сяргей.

Падпалкоўнік Сяргей Гаркавы з прымяненнем грубай сілы паспрабаваў затрымаць юрыстку і адвесці яе ў пастарунак, не даўшы магчымасці патэлефанаваць. Аднак Тамару Сяргей даставілі ў пастарунак толькі пасля таго, як яна пагаварыла па тэлефоне.   

Юрыстка дала тлумачэнні, яе абшукалі ў прысутнасці двух панятых. Вобшук нічога не даў. З пратаколу затрымання Тамара Сяргей даведалася, што невядомая жанчына па прозвішчу Тарасава ў адкрытым крадзяжы ў яе 300 долараў ЗША абвінавачвае праваабаронцу.

У сваім лісце на імя Ігара  Шуневіча юрыстка просіць міністра правесці праверку дзейнасці Сяргея Гаркавага. Сяргей Махнача і Тарасавай, каб прыцягнуць іх да адказнасці.

Сваю просьбу праваабаронца матывуе тым, што пасля заявы Тарасавай Сяргей Гаркавы не паглядзеў матэрыялы відэакамер і не даў указанне зрабіць гэта сваім падначаленым, паверыў на слова Тарасавай і адкінуў сведчанні юрысткі і тлумачэнні яе знаёмых, без наяўнасці дастатковых падставаў парушыў асабістую недатыкальнасць жанчыны і яе свабоду, здзейсніў самавольства ў скарыстанні ўладных паўнамоцтваў, ужыў у адносінах да спадарыні Сяргей фізічную сілу без належных падставаў, усклаў адказнасць за свае дзеянні на падначаленага, а таксама з’яўляючыся афіцэрам і прадстаўніком праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь закрануў гонар і годнасць юрысткі.

Яна лічыць, што гэтыя дзеянні сведчаць аб правакацыі, удзельнікамі якой з’яўляліся спадары Гаркавы, Махнач і Тарасава.

У лісце на імя Аляксандра Канюка Тамара Сяргей просіць пракантраляваць хаду праверкі ў адносінах да яе.  

Абмеркаванне:

  • Коваленко
  • 2015-11-14 10:51:41
Милиция должна охранять права человека, а у нас всё наоборот. Случай в Светлогорске показал, что преступников милиция боится и не способна профессионально справиться с одним преступником на
протяжении длительного времени. С законопослушными гражданами, да ещё с пенсионерами, они герои.

Каментаваць