Тамары Сяргей вынесена папярэджанне Генпракуратуры

Праваабаронцы Тамары Сяргей вынесена папярэджанне Генеральнай пракуратуры Беларусі пра недапушчальнасць парушэння закона.



Акцыя 19 красавіка


Як паведаміла БелаПАН Сяргей, папярэджанне звязана з тым, што яна выступіла арганізатарам акцыі супраць самавольства ўлад 19 красавіка ў Міхайлаўскім скверы ў Мінску. Падчас акцыі 20 чалавек планавалі сустрэцца з прэзідэнтам, які ў гэты дзень выступаў са штогадовым пасланнем да беларускага народа і парламента, і перадаць яму пасланне супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры за подпісам 30 чалавек. Аднак людзі ў цывільным адціснулі ўдзельнікаў акцыі з Міхайлаўскага сквера, і перадаць пасланне не ўдалося.
 

Пры асвятленні акцыі былі затрыманы міліцыяй на некалькі гадзін відэааператар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Сяргей Сацюк і журналіст "Радыё Свабода" Алег Груздзіловіч, сабраная імі інфармацыя была знішчана.
 

Сяргей расказала БелаПАН, што сёння яе асабіста запрасілі ў Генпракуратуру і зачыталі афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць парушэння закона, падпісанае намеснікам генпракурора Беларусі Аляксандрам Лашыным. "Афіцыйна папярэджваю пра недапушчальнасць парушэння закона і растлумачваю, што ў выпадку далейшага парушэння заканадаўства будзе разгледжана пытанне аб прыцягненні вас да крымінальнай адказнасці паводле артыкула 193 заўв. Крымінальнага кодэкса Беларусі за арганізацыю дзейнасці (удзел у дзейнасці) грамадскага аб'яднання, якое не прайшло ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю", — гаворыцца ў папярэджанні.
 

"Я лічу, што гэта проста чарговае запалохванне, але запалохванне, якое ўжо пацягне, магчыма, для мяне і крымінальнае пакаранне за тое, што мы паспрабавалі сустрэцца з кіраўніком дзяржавы падчас яго выступлення перад беларускім народам і парламентам са штогадовым пасланнем", — заявіла Сяргей. Яна расцэньвае папярэджанне "як псіхалагічны ціск" на людзей, якія адстойваюць свае правы.
 

Праваабаронца адзначыла, што да крымінальнай адказнасці яе могуць прыцягнуць ужо пасля наступнай спробы абараніць свае правы. Мінімальнае пакаранне па гэтым артыкуле КК — штраф, максімальнае — пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў. "Мы ведаем, што гэты артыкул у нас дзейнічае і што людзі адбываюць пакаранне менавіта па гэтым артыкуле. Я расцэньваю гэта як рэальную пагрозу і спробу дамагчыся такім незаконным спосабам, каб я перастала адстойваць свае правы", — сказала Сяргей.

 

Каментаваць