Танцы з веерамі пад гукі барабана (фотарэпартаж)

Сёння на тэрыторыі Верхняга горада ў Мінску ў рамках фестывалю нацыянальных культур упершыню праходзіць маляўнічае Свята карэйскай культуры, якое дазволіць адчуць непаўторны дух самабытнай Карэі.

Адкрыў канцэртную праграму творчы калектыў карэйскай культуры «Арыранг», створаны пры ГА «Асацыяцыя беларускіх карэйцаў».

«Арыранг» — адна з найбольш папулярных і вядомых народных песень у Карэі. У Паўночнай і ў Паўднёвай Карэі праводзяцца цэлыя фестывалі песень «Арыранг», існуюць фальклорныя калектывы з такой назвай.

Выступленне калектыву "Арыранг" на барабанах чангу

Выступленне калектыву "Арыранг" на барабанах чангу


Мінскі «Арыранг» дзейнічае з 2007 года і ўжо паспеў прыняць удзел не толькі ў мерапрыемствах і фестывалях ў Беларусі, але і за мяжой. У яго рэпертуары ўзоры прыдворнага, народнага, рытуальнага будыскага танца, а таксама аўтарскія танцы сучаснага карэйскага харэаграфічнага мастацтва. А сёння ён паказвае мінчанам на плошчы Свабоды харэаграфічныя кампазіцыі «Лотас», «Водар успамінаў» «Танец з веерамі», знаёміць з элементамі традыцыйнага карэйскага касцюма. Некаторыя нумары калектыў прадстаўляе шырокай аўдыторыі ў Мінску ўпершыню.



А артысты ансамбля «Самульноры» выканаюць нумары з нацыянальнымі барабанамі — чангу і танец з нажамі. У гледачоў ёсць рэдкая магчымасць пазнаць легенды выкананых танцаў, пазнаёміцца з усімі складнікамі традыцыйнага карэйскага гарнітура — ханбок, навучыцца граць на барабанах чангу.

 Выступоўцы ў нацыянальным адзенні ханбок

Выступоўцы ў нацыянальным адзенні ханбок


У другім, сучасным блоку праграмы, Пасольства Рэспублікі Карэя ў Беларусі прадстаўляе канцэрт карэйскай поп-музыкі (k-pop канцэрт), якую гледачы змогуць убачыць і пачуць у выкананні каманд-прадстаўнікоў «Халю» ў нашай краіне. «Халю» атрымала незвычайную папулярнасць пасля выхаду кліпу «Gangnam Style», яна  штурхае маладых людзей танцаваць, прымаць удзел у спаборніцтвах, матывуе да вывучэння сучаснай карэйскай мовы — хангыль.

Таксама госці свята змогуць сфатаграфавацца ў традыцыйным адзенні — ханбок, набыць сувеніры з Паўднёвай Карэі і паспрабаваць стравы нацыянальнай карэйскай кухні: кімчы (квашаная пекінская капуста), чон (мяса ў кляры), кімпаб (ролы з адварным рысам, рыбай і гароднінай). А падчас майстар-класа па каліграфіі можна будзе на адмысловай паперы напісаць сваё імя іерогліфамі.

Майстар каліграфіі піша для газеты "Новы час" назву выдання карэйскімі іерогліфамі

Майстар каліграфіі піша для газеты "Новы час" назву выдання карэйскімі іерогліфамі

"Новы час" па-карэйску

Арганізатары свята — Мінгарвыканкам, ГА «Асацыяцыя беларускіх карэйцаў», Пасольства Рэспублікі Карэя ў Беларусі, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Асноўная  імпрэза праходзіць з 13.00 да 16.00, але пакаштаваць карэйскія стравы можна будзе і пазней.

Дарэчы, пасол Карэі раскрыў сакрэт, што ў канцы кастрычніка пройдзе яшчэ буйнейшы фестываль карэйскай культуры, падчас якога адбудзецца паказ карэйскіх фільмаў і шмат культурных мерапрыемстваў.



У Беларусі, па афіцыйных дадзеных, жывуць крыху больш за 500 прадстаўнікоў карэйскай дыяспары. Калі ўлічваць змяшаныя сем'і, то гэта 1 200 чалавек. Большасць з іх — жыхары Мінска. «Асацыяцыя беларускіх карэйцаў» была створана напачатку 1990-х з мэтай захавання нацыянальнай спадчыны.


Каментаваць