«Танчыць» больш не прыйдзецца: беларускіх школьнікаў прымусяць двойчы ў год спяваць гімн

Ёсць даўняя показка пра размову двух беларускіх дэпутатаў перад пачаткам сэсіі ў парламенце. «Ты словы гімна ведаеш? — Не. — І я не. Ізноўку танчыць прыйдзецца!». Каб такога не здаралася, ніжняя палата беларускага парламента прыняла ў другім чытанні папраўкі ў закон аб дзяржаўных сімвалах.



Гэтыя папраўкі абавязваюць беларускіх школьнікаў як мінімум двойчы ў год спяваць дзяржаўны гімн.

Выконваць яго прыйдзецца ў пачатку і канцы навучальнага года.

Добра, што хоць двойчы на год. Рашэнне балерускіх дэпутатаў па павышэнні пазнавальнасці беларускага гімна — яўная копія з адпаведнага рашэня ўладаў Расіі. Але там паступілі больш жорстка.

З 1 верасня 2015 года школьнікі павінны будуць спяваць гімн РФ штодзённа, перад першым урокам. Таксама ён будзе выконвацца падчас ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўным і муніцыпальным святам. Пакуль што — толькі ў некаторых рэгіёнах Расіі, у якасці эксперымента. Напрыклад, у Калужскай, Белгарадскай, Кастрамской і Ульянаўскай абласцях Расіі.

У сярэдзіне нулявых выконваць гімн у школах пачалі ў Казахстане. А восенню 2009 года Кыргызскі парламент ухваліў папраўкі ў закон «Аб дзяржаўных сімвалах», якія абавязваюць грамадзян спяваць гімн, але толькі падчас яго афіцыйнага выканання. Адначасова ў закон ўнеслі норму аб абавязковай штодзённай трансляцыі гімна тэлерадыёкампаніямі перад пачаткам і канцом вяшчання. Раней гэта патрабаванне распаўсюджвалася толькі на дзяржаўныя каналы.

Абавязковае выкананне гімна прынята і ў іншых краінах. Так, тры гады таму ўлады лацінаамерыканскай рэспублікі Нікарагуа загадалі вучням спяваць гімн краіны штодня перад заняткамі. Як казаў міністр адукацыі Нікарагуа Мігель дэ Касцілья, моладзь страціла павагу да сімвалаў дзяржавы, і трэба адраджаць забытыя традыцыі. Пры парушэнні закона прымяняюцца «строгія адміністрацыйныя меры».

Аналагічныя меры дзейнічаюць і ў Заходняй Еўропе. Некалькі гадоў таму французскі ўрад таксама ўвёў у школах абавязковыя спевы нацыянальнага гімна ў межах кампаніі па барацьбе з ісламскім фундаменталізмам і «адраджэннем нацыянальнага гонару».

У ЗША, на якую ўсе спасылаюцца, як «празмерна патрыятычную» дзяржаву, выкананне гімна, насуперак распаўсюджанаму меркаванню, выкананне дзяржаўнага гімна адбываецца толькі ў асабліва ўрачыстых выпадках.

Каментаваць