Танкачова: Усе тры гады высылкі марыла, як хутчэй вярнуцца ў Беларусь

Тэрмін трохгадовай забароны на ўезд у Беларусь для праваабаронцы Алены Танкачовай завяршаецца апоўначы 21 лютага. 

Алена Танкачова, фота Змітра Лукашука

У бліжэйшыя дні яна плануе здзейсніць тое, пра што ўвесь гэты час марыла ― вярнуцца з Літвы ў Беларусь.

Алена Танкачова: “Я магу пацвердзіць толькі тое, што, згодна з пісьмовымі дакументамі з МУС, 21 лютага павінен завяршыцца тэрмін высылкі. Ніякіх дадатковых дакументаў і звестак у мяне ад іх няма. І, відаць, гэта ўсё, што я на дадзены момант магу з гэтай нагоды сказаць. Што да таго, ці маю я намер у бліжэйшы час быць дома, то ў мяне ёсць такі намер усе апошнія тры гады”.

Па словах праваабаронцы, калі перашкод на шляху яе вяртання не ўзнікне, то ў першачарговых планах ― сустрэча з блізкімі, роднымі і сябрамі.

Нагадаем, у 2014 годзе МУС пазбавіла Алену Танкачову, якая мае расійскае грамадзянства, віду на жыхарства і забараніла тры гады ўязджаць у Беларусь. У 2015 годзе праваабаронцу дэпартавалі. Афіцыйнай падставай сталі штрафы за перавышэнне хуткасці. Праваахоўнікі палічылі, што такія паводзіны “пагражаюць грамадскаму парадку”. Сама Алена Танкачова звязвала сваю высылку з краіны з праваабарончай дзейнасцю, якая не падабалася ўладам. Тры гады высылкі праваабаронца жыла ў Літве. 

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць