Тарыфы растуць, а заробкі…

Міністэрства энергетыкі і ўрад Беларусі прапануюць увесці ліміт спажывання электраэнергіі ў месяц. Але маюць розныя погляды на верхнюю планку расходу электрычнасці, што аплачваецца па мінімальных тарыфах.

Міністэрства энергетыкі і ўрад Беларусі прапануюць увесці ліміт спажывання электраэнергіі ў месяц. Але маюць розныя погляды на верхнюю планку расходу электрычнасці, што аплачваецца па мінімальных тарыфах.

Урад прапанаваў увесці для грамадзян дыферэнцываныя тарыфы на аплату электраэнергіі. Так, плануецца ўвесці норму спажывання электраэнергіі на аднаго чалавека ў 107 кВт/г, на двух чалавек — яшчэ плюс 30 кВт/г, і гэтак далей на кожнага наступнага члена сям’і. Паводле задумы ўрада, лімітаваная электраэнергія будзе аплачвацца па льготных тарыфах, а электраэнергія, спажытая звыш ліміту, — па сабекошце.

У Мінэнерга палічылі такія нормы непрымальнымі і прапанавалі свой варыянт. Пра гэта гаворыцца ў лісце “Белэнерга, апублікаваным у газеце “Звязда.

“Міністэрствам энергетыкі падрыхтавана дакладная запіска ва ўрад. Там гаворыцца, што агучаныя прапановы па ўвядзенні лімітаў на спажыванне насельніцтвам электраэнергіі яно лічыць непрымальным. Больш таго, гэтыя прапановы цяпер наогул нельга ажыццявіць, — гаворыцца ў лісце.

Міністэрства энергетыкі прапануе ўвесці ліміт на кожнага абанента, з якім заключаны дагавор, і ўсталяваць іншыя нормы спажывання электраэнергіі. У выпадку, калі дом абсталяваны газавай плітой, ліміт складзе 150 кВт/г у месяц, калі электраплітой — 250 кВт/г у месяц. Пры гэтым колькасць асоб, што фактычна пражываюць у жылым памяшканні, у разлік прымацца не будзе. Таксама міністэрствам прапануецца не ўводзіць дыферэнцываныя ліміты для гарадскіх і сельскіх жыхароў.

Беларускія ўлады, відавочна, вырашылі пераходзіць на рыначныя кошты аплаты камунальных паслуг. Але датычна рэсурсаў пакуль усё падводзіцца пад ідэю эканоміі. Ужо ўведзеныя нормы спажывання вады па льготных тарыфах: 140 літраў у суткі на чалавека (або 4,2 кубаметра ў месяц) з разліку 1 кубаметр за 890 рублёў. Кожны залішні кубаметр аплачваецца па цане 2546 рублёў. Ільготны тарыф разлічваецца ў адпаведнасці з колькасцю жыхароў, прапісаных у кватэры.

Атрымліваецца, што цяпер сям’і не выгодна жыць у кватэры, дзе прапісаны, напрыклад, адзін чалавек. Асабліва гэта ўдарыла па кішэні людзей, якія здымаюць кватэру. Ды і суткавы ліміт у 140 літраў вады на чалавека не такі і раскошны — ванну кожны дзень прымаць па льготным тарыфе не атрымаецца.

Паказальна, што асабліва эканоміць людзі наўрад ці пачалі, але аплата камунальных паслуг павялічылася.

Каментаваць