Таварыш правадыр, адыдзіце ў бок!


Некаторыя заявы пра «сейфавую прыватызацыю» беларускіх апазіцыянераў, здаецца, дасягнулі вушэй прэзідэнта. Аб’яднаная грамадзянская партыя на чале з лідарам Анатолем Лябедзькам шмат казала пра заяву Аляксандра Рыгоравіча, што, маўляў, у яго ёсць сейф з дакументамі прадпрыемстваў, прызначаных на прыватызацыю. І ўсе інвестары з прапановамі павінны прыходзіць да яго. І, здаецца, гэта сапраўды так.
 



На сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі факультэта міжнародных эканамічных адносін Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Лукашэнка заявіў, што, перш чым прыватызаваць прадпрыемства, кожны інвестар павінен выканаць 25 прынцыпаў, якія ўключаюць мадэрнізацыю вытворчасці, выплату падаткаў, павышэнне заработнай платы і іншыя. «Калі ты гатовы, згодны на гэта — добра, але калі ты да гэтага не гатовы, то мы з табой размаўляць не будзем», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. Беларускі кіраўнік дадаў, што ў прыватызацыі «ўсё павінна быць сумленна, справядліва і празрыста».


«Працэс прыватызацыі вельмі бюракратычны, і я яго не збіраюся дэбюракратызаваць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пра тое, што працэс прыватызацыі ў нас бюракратызаваны, не ведае толькі лянівы. Пра 25 умоваў прыватызацыі даўно вядома. Тое, што нічога ў гэтай галіне не змяняецца, — таксама не таямніца. Але з гэтага спіча беларускага правадыра можна зрабіць толькі адну выснову: дэкрэт прэзідэнта аб дэбюракратызацыі не працуе. А як жа прынцып «аднаго вакна»? А як жа калектыўныя звароты грамадзян — бо зварот нейкай кампаніі па прыватызацыю можна лічыць гэтым зваротам?

Заяўляючы гэта, пэўна, Аляксандр Лукашэнка не разлічваў на тое, што да яго могуць заўтра прыйсці з Камітэта дзяржкантролю альбо Савета міністраў і пацікавіцца: «Паўтары, што ты там казаў?» Бо менавіта на Саўмін і Дзяржкантроль ускладзеныя абавязкі па выкананні дэбюракратыйнага дэкрэту.


Адначасова Лукашэнка даў і лішні туз у заявы Лябедзькі пра «сейфавую прыватызацыю». «Я часам вельмі акуратна і насцярожана стаўлюся да прыватызацыі агульнанароднай уласнасці. Я апошнім стаўлю подпіс, і за ўсё несці адказнасць буду я», — сказаў Лукашэнка.


Гэта вельмі не асцярожная заява. Прыватызацыя — спроба прывесці інвестыцыі ў краіну. Атрымліваецца, што Лукашэнка вінаваты ў зрыве інвестыцыйных паказчыкаў? Бо за першае паўгоддзе 2012 года Беларусь атрымала замежных інвестыцый менш, чым нават у 2011-м, — толькі 7 мільярдаў долараў. Гэта правал інвестыцыйнай палітыкі. Звязаны, акрамя таго, з бюракратыяй у тым ліку.


Нават новы пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Брус Бакнэл заўважыў: пакуль што ў Беларусі з прыватызацыяй вельмі складана. «У Лондане, як у важным фінансавым цэнтры, вядома, ёсць цікавасць да Беларусі. Але, мне здаецца, гэтая цікавасць значна ўзрасце, калі будзе паспяховы прыклад прыватызацыі хаця б аднаго беларускага прадпрыемства. Без такога прыкладу складана стымуляваць цікавасць інвестараў», — лічыць дыпламат.


То бок, паспяхова мы яшчэ нічога не прыватызавалі. Так, «Белтрансгаз» Расіі прадалі, і тое па-сяброўску. І тут таксама цікавы момант: продаж «Белтрансгазу» чалавек з Лондана, «важнага фінансавага цэнтра», зусім не лічыць прыватызацыяй. А што ж гэта тады было такое?


Гэта было невядома што, невядома як і невядома кім зробленае, аказваецца, а адказнасць за гэта нясе персанальна Аляксандр Рыгоравіч. Во як падставілі чалавека.


Зразумела, у гэтай сітуацыі беларускаму кіраўніку патрэбныя «эфектыўныя менеджары». Апошняе зняцце спадара Зайцава з пасады старшыні КДБ гэта яскрава паказала. Лукашэнка нават не прызначыў яму замену, усклаўшы абавязкі шэфа КДБ на старшыню Саўбеза Юрыя Жадобіна. Сапраўды, няма дасведчаных людзей, і іх трэба вырошчваць, зразумеў Лукашэнка.


Але ў гэтым ён наступае на старыя граблі. Лукашэнка прапанаваў па некаторых спецыяльнасцях пашырыць мэтавы набор у ВНУ. У якасці прыкладу структуры, якой патрэбныя кадры, Лукашэнка прывёў супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі. «Там павінны быць адданыя дзяржаве людзі. Туды нам трэба мэтавым чынам вывучаць і адбіраць людзей», — сказаў ён. «Ёсць і іншыя кірункі, — працягнуў Лукашэнка. — Да іх я адношу ў тым ліку палітычных і эканамічных міжнароднікаў. Таму не выключана, што мы вельмі сур’ёзна, мэтавым чынам з грамадства будзем выкрышталізоўваць гэтых людзей. Тут павінны быць сумленныя і адданыя людзі, да мозгу касцей дзяржаўныя», — заявіў ён.


Адзначым, што ніякіх «эфектыўных менеджараў» Лукашэнка такім чынам не атрымае. Ён атрымае «адданых дзяржаве», а не разумных, адукаваных, ініцыятыўных і крэатыўных, нестандартна думаючых людзей. Бо «адданасць дзяржаве» — гэта не ўменне думаць і хутка рэагаваць на зменлівы свет. Гэтаму вучаць недзе ў іншым месцы, і, па вялікім рахунку, Лукашэнка павінен быў бы шукаць гэтае самае месца.


Ды што можна казаць пра будучых спецыялістаў, якія замест вучобы (нагадаем, што 12 лістапада было панядзелкам) праседжваюць некалькі гадзінаў, слухаючы прэзідэнта? Канешне ж, паслухаць прэзідэнта можна, і часам карысна. Але марнаваць на гэта палову працоўнага дня? На месцы выкладчыкаў я б параіў сваім студэнтам, якім так цікавы прэзідэнт, паглядзець яго ўвечары па тэлевізіі, не марнуючы вучэбны час.


Увогуле, эфектыўны кіраўнік — гэта чалавек, якога не бачна і не чутна, які здолее так «настроіць» механізм працы, што машына будзе працаваць сама па сабе. Вось не чапае апошнім часам прэзідэнт, напрыклад, культуру — і ў Мінску паспяхова праходзіць «Лістапад». Больш за тое, гран-пры «Золата «Лiстапада» за лепшы фільм прысуджаны карціне «У тумане» рэжысёра Сяргея Лазніцы, знятай паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава. У рамках фэсту фільм паказвалі аж тры разы, столькі было жадаючых на яго падзівіцца. Ды ўвогуле, па словах мэра Мінска Ладуцькі, сёлета абсалютная большасць фільмаў прайшла пры аншлагу, а ў кінатэатрах горада не хапала месцаў для вялікай колькасці ахвотных убачыць кіно.


На цырымоніі адкрыцця другой Нацыянальнай тэатральнай прэміі гледачам быў паказаны конкурсны спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (Віцебск) «Леаніды не вернуцца на зямлю» паводле рамана Уладзіміра Караткевіча «Нельга забыць». Можа, і гэты спектакль таксама стане фаварытам.


Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» з моманту адкрыцця пасля рэстаўрацыі ўжо зарабіў мільён долараў на турыстычна-экскурсійнай дзейнасці. У лістападзе свой першы мільён долараў павінен зарабіць і замкавы комплекс «Мір».


Можа, перастаць умешвацца ў прыватызацыю ды адукацыю? Больш карысці будзе.

Каментаваць