Таварыства аховы помнікаў не хоча мець дачынення да праблемаў Курапатаў

Заявіў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон  Астаповіч 18 ліпеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Мінску, адказваючы на пытанне карэспандэнта НЧ.



Паводле слоў Астаповіча, каб таварыству займацца курапацкай праблемай, «трэба даць сваю ацэнку ўсім працэсам, якія там адбываюцца. А там трэба лупіць па галаве і чыноўнікаў, і грамадскасць. Не буду канкрэтызавацца, але ж ёсць такая праблема, таму што ёсць парушэнні з боку дзяржаўных органаў і грамадскіх ініцыятываў. І калі нам да гэтага падключацца, трэба аб'ектыўна ўсё гэта разглядаць, бо ўсё павінна адбывацца ў межах заканадаўства».

 

Астаповіч звярнуў увагу на тое, што КУП «Мінскграда» распрацоўвае праект дэтальнага планавання (ПДП) тэрыторыі і наваколля ўрочышча, у тым ліку і новых межаў ахоўных зон. Старшыня таварыства не бачыць тут юрыдычнага парушэння, бо пастановай Міністэрства культуры ад 12 траўня 2004 года была зацверджана часовая схема ахоўных зон Курапатаў да распрацоўкі і ўзгаднення дэтальнага плану горадабудаўнічага праекту і ўсталявання новых межаў ахоўных зон.

 

 

«Не супярэчаць заканадаўству і планы размяшчэння аўтастаянкі ў ахоўнай зоне ўрочышча на яго заходнім баку (паміж «Бульбаш-холам» і Курапатамі). У ахоўнай зоне недапушчальна капітальнае будаўніцтва, але дапускаецца добраўпарадкаванне. І калі размяшчэнне аўтастаянкі падаецца ў рэжыме добраўпарадкавання — гэта прававы крок», —  сказаў Астаповіч.

 
 

На ягонае меркаванне, вакол Курапатаў ў большай ступені завязаныя маральна-этычныя, а не прававыя праблемы. Астаповіч лічыць, што прадстаўнікі грамадскасці павінны ўвайсці ў камісію па грамадскаму абмеркаванню праекта, што распрацоўвае «Мінскграда», адсочваць, каб не было працэдурных парушэнняў, а ўсе свае прапановы абгрунтоўваць толькі з пункту гледжання заканадаўства.

 

Ён адзначыў, што галоўны архітэктар праекту Аляксандр Акенцьеў — прафесіянал высокага класу, заўсёды адкрыты да дыскусіі і ўспрымання аргументацыі апанентаў. «З ім трэба працаваць, каб у праект былі закладзены нармальныя рэжымы. Гаворка ідзе пра тое, каб пры падрыхтоўцы ПДП Курапатаў ўзяць за аснову ўжо зробленае там грамадскасцю», —  падкрэсліў старшыня таварыства.

 

Нагадаем, што ініцыятыва «За ўратаванне мемарыяла Курапаты» яшчэ ў 2002 годзе распрацавала «Канцэпцыю мемарыяла ахвяраў палітычных рэпрэсій Курапаты», падпісаную 14 грамадскімі аб'яднаннямі краіны.

Галоўная ідэя канцэпцыі: мемарыял павінен засведчыць асуджэнне сталінскай палітыкі генацыду. У аснову канцэпцыі была пакладзена ідэя «народнага матэрыялу Курапаты — лес крыжоў», распрацаваная Зянонам Пазьняком, якая цалкам сябе апраўдала.

Канцэпцыя прадугледжвае, між іншым, захаванне больш за 500 западзін — мяркуемых пахаванняў, Крыжа Пакуты і памятных знакаў ушанавання бязвінна палеглых. Прычым мастацкае ўвасабленне мемарыялу павінна выключаць гігантаманію і быць прымальным для вернікаў розных канфесій.

Менавіта гэтая канцэпцыя можа стаць асноваю для конкурсу на лепшы праект мемарыяла. Тым больш, што на такі конкурс, які ўпершыню праводзіўся ў 1993 годзе (старшыня журы - народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч) было пададзена больш за 50 праектаў. Дарэчы, цікавы праект мемарыялізацыі ўрочышча падрыхтавалі спецыялісты сталічнага УП «Праектрэстаўрацыя» Вольга Кукуня і Таццяна Косціч. Менавіта яны для ўвекавечвання памяці ахвяраў сталінізму прапанавалі выкарыстаць гістарычную дарогу (на полі памж Курапатамі і вуліцай імя Пятра Мірашнічэнкі), па якой ў даваенныя гады ў «чорных варанках» вазілі людзей на расстрэл з Мінска ва ўрочышча.

Вось чаму ініцыятыва «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» зыходзіць з таго, што ПДП урочышча, які рапрацоўвае «Мінскграда», павінен адпавядаць «Канцэпцыі мемарыяла ахвяраў палітычных рэпрэсій Курапаты».

Каментаваць