Таварыства аматараў беларускай гісторыі ўшануе памяць Вацлава Ластоўскага

Аргкамітэт Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага ўшануе памяць гэтага выбітнага беларускага грамадскага і палітычнага дзеяча, пісьменніка, гісторыка, філолага, літаратуразнаўцы і этнографа  (08.11.1883, засценак Калеснікаў Дзісенскага павета Віленскай губерні, цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці — 23.01.1938, Саратаў).



Такое рашэнне было прынятае 20 траўня ў Мінску на чарговай сустрэчы сябраў таварыства.

Старшыня аргкамітэту таварыства, магістр эканомікі Віктар Яўмененка паведаміў пра захады па вырабу мемарыяльнага крыжа ў гонар Вацлава Ластоўскага і правядзення кампаніі па збору сродкаў на гэты памятны знак. Прычым імёны і прозвішчы найбольш шчодрых дабрачынцаў будуць пазначаныя на мемарыяльным крыжы, у стварэнні якога прымаюць удзел вядомыя беларускія мастакі і разьбяры па дрэву. Адкрыццё гэтага памятнага знака запланавана на сёлетнія восеньскія Дзяды ў Курапатах.

Апроч таго, запланаваная вандроўка сябраў таварыства на радзіму Вацлава Ластоўскага (чэрвень-ліпень), сустрэча з кандыдатам філалагічных навук Язэпам Янушкевічам — даследчыкам біяграфіі гэтага выбітнага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння — другога старшыні Рады міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі і неадменнага сакратара Беларускай акадэміі навук (у дзень яго народзінаў 8 лістапада), а таксама ўстаноўка памятнага каменя на месцы сядзібы, дзе нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі.

Паколькі спроба зарэгістраваць таварыства скончылася адмовай, 14 траўня ў Мінскім гарвыканкаме была зарэгістраваная інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Офіс развіцця эколага-краязнаўчых ініцыятываў” са статусам юрыдычнай асобы.

Дзеля інстытуцыалізацыі дзейнасці Таварыства беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага вырашана цягам месяцу стварыць простае таварыства.

Затым Віктар Яўмененка пазнаёміў сябраў таварыства з хадой кампаніі #brukavanka па выратаванню гістарычнага шляху Стоўбцы-Новы Свержань у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці і планамі па абароне іншых бедарускіх брукаванак, якім пагражае знішчэнне.

Намеснік старшыні таварыства, прафесар Анатоль Тарас распавёў, што падрыхтаваны да друку пяць новых брашур з серыі “Сто выдатных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры”, прысвечаных жыццю і творчасці драматурга Францішка Аляхновіча, мастака Міхася Сеўрука, філосафа Міколы Крукоўскага, аднаго з ініцыятараў абвяшчэння БНР, географа Аркадзя Смоліча і пісьменніка Валянціна Тараса.

Нагадаем, што Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага лучыць прафесійных гісторыкаў, краязнаўцаў, мастакоў, мастацтвазнаўцаў, артыстаў, дызайнераў, інжынераў, педагогаў, прадпрымальнікаў, літаратараў і журналістаў з сталіцы, Мінскай і Брэсцкай абласцей. Таварыства створана для аб’яднання высілкаў аматараў гісторыі і краязнаўцаў з мэтай даследавання і папулярызацыі славутага мінулага Бацькаўшчыны і выхавання ў грамадзянаў пачуцця патрыятызму. Таварыства праводзіць сустрэчы з краязнаўцамі і аматарамі гісторыі ў абласных і раённых цэнтрах Беларусі, мае свой інтэрнэт-сайт (amatary.by).

Каментаваць