ТБМ звяртаецца да Сходу

ТБМ звярнулася да экс-кіраўніка Купалаўскага тэатра Генадзя Давыдзькі з просьбай агучыць на Усебеларускім сходзе зварот да яго ўдзельнікаў. У ім заклікаецца тэрмінова прыняць закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.

ТБМ звярнулася да экс-кіраўніка Купалаўскага тэатра Генадзя Давыдзькі з просьбай агучыць на Усебеларускім сходзе зварот да яго ўдзельнікаў. У ім заклікаецца тэрмінова прыняць закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.

Генадзь Давыдзька з’яўляецца зараз даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі і ўдзельнікам IV Усебеларускага сходу. “Мы ведаем яго і як прыхільніка беларускай мовы, — сказала намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. — Шмат гадоў ён працаваў у тэатры імя Янкі Купалы, які ставіць п’есы на беларускай мове. Яго прафесійная дзейнасць наўпрост была звязана з беларускай мовай. Спадзяемся, што гэта паслужыць для яго дадатковым чыннікам нас падтрымаць.

ТБМ накіравала Давыдзьку электронны ліст з просьбай агучыць зварот. У ім Рада ТБМ адзначае, што ў выніку дзяржаўнай палітыкі на працягу апошніх 16 гадоў беларуская мова выцесненая з афіцыйнай сферы ўжытку. Крытычна скарацілася колькасць беларускіх школаў, беларуская мова так і не з’явілася ў сістэме вышэйшай адукацыі. А колькасць людзей, як размаўляюць па-беларуску, зменшылася згодна дадзеных перапісу 2009 года на 1 мільён чалавек.

Да ўдзельнікаў Усебеларускага сходу ТБМ звяртаецца з прапановай “неадкладна прыняць практычныя захады па забеспячэнні беларускай мове яе статусу дзяржаўнай мовы тытульнай нацыі. “Для гэтага лічым неабходным тэрмінова прыняць закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы і аб’явіць наступны год Годам беларускай мовы, — заклікае ТБМ.

Тэкст звароту накіраваны і сустаршыням сходу — прэм’еру-міністру Сяргею Сідорскаму і кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміру Макею. Ім таксама прапанавана азнаёміць са зваротам дэлегатаў сходу. “Мы даем шанец кожнаму з іх праявіць сябе як сапраўдных грамадзян Беларусі, — зазначыла Алена Анісім.
 

Каментаваць