Тэхналогіі на службе цэнзуры

«Index on Censorship» падрыхтавала аналітычны даклад аб цэнзуры ў інтэрнэце ў Беларусі.
 



«Новыя тэхналогіі, у першую чаргу інтэрнэт, даюць новыя магчымасці для свабоды выказвання ў Беларусі. Пры гэтым яна застаецца краінай з адной з найгоршых сітуацый са свабодай слова ў свеце. Гэта краіна, у якой апазіцыйныя лідары і журналісты знікалі альбо былі забітыя, у якой запалохванне і беспакараны пераслед актывістаў грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў з’яўляецца нормай. Цяпер варожасць беларускіх уладаў да свабоды слова распаўсюджваецца і на анлайн-сферу», — пішуць аўтары дакумента.

 «Працяглы час інтэрнэт-прастора была свабоднай. Але ўлады не пакінулі гэта незаўважаным. Арганізацыя «Index on Censorship» больш увагі надае Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, — адзначыў супрацоўнік арганізацыі «Index on Censorship» па Беларусі і рэгіёне АБСЕ Андрэй Аляксандраў. — У якасці адказу на рост карыстання інтэрнэтам урад Беларусі выкарыстоўвае «правераныя» метады — тыя ж самыя, што накіраваны на абмежаванне свабоды выказвання ў традыцыйных СМІ: рэпрэсіўнае медыя-заканадаўства, артыкулы Крымінальнага кодэкса аб дыфамацыі, адміністратыўны пераслед актывістаў і журналістаў».

Акрамя «традыцыйных» метадаў цэнзуры ў Беларусі выкарыстоўваюцца і іншыя — фільтраванне кантэнту, тэхналогіі сачэння і блакаванне доступу да незалежных сайтаў, асабліва ў ключавыя моманты важных палітычных кампаній, такіх, напрыклад, як прэзідэнцкія выбары.

Больш за тое, аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі прымяняе і новыя падыходы, каб задушыць свабоду выказвання ў інтэрнэце. Да іх адносяцца прымяненне новых тэхналогій, такіх як DDoS-атакі, хакерскія напады на незалежныя сайты і маніпуляцыя кантэнтам.

Даклад змяшчае пэўныя рэкамендацыі, прытрымліванне якіх, на думку «Індэкса цэнзуры», дазволіць ураду Беларусі выканаць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы ў галіне свабоды выказвання і правоў чалавека. Акрамя таго, ёсць рэкамендацыі і міжнародным арганізацыям і структурам, такім, як Еўрапейская Камісія, Еўрапейскі парламент, АБСЕ, Савет Еўропы, а таксама нацыянальным урадам еўрапейскіх краін, якія маюць кантакты з беларускім урадам альбо іншым чынам уцягнутых у сітуацыю ў Беларусі.

«Індэкс цэнзуры» заклікае ўлады Беларусі спыніць несуразмерныя і залішнія юрыдычныя і неправавыя практыкі, якія падрываюць свабоду выказвання. А таксама правесці неадкладныя рэформы, якія б гарантавалі свабоду слова ў Беларусі. Гэта тычыцца абавязковай працэдуры персанальнай ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг, уцягвання ў фільтраванне кантэнту прыватных кампаній.

Асобным пунктам ёсць прапановы змяніць заканадаўства ў частцы, што прадугледжвае крымінальную адказнасць за паклёп, абразу асобы, дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь ды паклёп у дачыненні да кіраўніка Беларусі.

«Мне падаецца, сыходзяць у мінулае адносіны да інтэрнэту як да абсалютна аўтаномнай сферы, прававое рэгуляванне якой не патрабуецца. Беларускае заканадаўства ў галіне свабоды выказвання рэпрэсіўнае. Сапраўды, ёсць 6 артыкулаў у Крымінальным кодэксе, датычных да дзейнасці медыя. Усе гэтыя прававыя акты прымяняюцца і да інтэрнэт-карыстальнікаў. Журналіст Андрэй Пачобут — наглядны таму прыклад. Падставай для завядзення другой крымінальнай справы сталі акурат публікацыі ў інтэрнэце», — адзначае віцэ-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец.

Паводле яго слоў, цяпер у экспертаў «вялікую занепакоенасць выклікае спроба ўладаў уліць старое віно ў новыя мяхі, то бок скарыстацца старымі падыходамі рэгулявання медыя да інтэрнэту».

Разам з тым аўтары аналітычнага дакладу па Беларусі з «Index on Censorship» мяркуюць, што неабходна працягваць дыялог уладаў краіны з грамадзянскай супольнасцю ўнутры Беларусі, а таксама з міжнароднымі няўрадавымі арганізацыямі і ўрадавымі структурамі — з мэтай рэфармавання медыя-сферы і заканадаўства, якое гарантуе свабоду выказвання.

«Палітыка добрасуседства Еўрапейскага саюза павінна быць абноўленая з улікам неабходнасці такога дыялогу і адлюстравання праблем, адзначаных у гэтым дакладзе. Вельмі важна, каб міжнародныя арганізацыі і структуры, такія, як Еўрапейскі саюза і яго дзяржавы-сябры, Савет Еўропы, АБСЕ, прынялі да ўвагі дадзены даклад, а таксама іншую інфармацыю аб сітуацыі ў Беларусі, сабраную праваабарончымі, журналісцкімі і іншымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, у працэсе ўзаемадзеяння з Рэспублікай Беларусь».

«Індэкс цэнзуры» таксама заклікае Еўрапейскі саюз працягнуць падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ ў Беларусі», — падкрэсліваюць прадстаўнікі «Index on Censorship».
 

Каментаваць