Тэлемост памяці першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана

23 верасня ў Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбыўся навуковы тэлемост «Хаім Вейцман. Чалавек. Навукоўца. Дзяржаўны дзеяч”. Тэлемост адкрыў дні Хаіма Вейцмана ў Беларусі, прымеркаваныя да 140-годдзя гэтага выбітнага чалавека і ініцыяваны Ізраільскім культурным цэнтрам пры амбасадзе Дзяржавы Ізраіль у Беларусі (ІКЦ).



Выстава памяці Хаіма Вейцмана


Хаім Вейцман (27.11.1874 — 09.11.1952) — першы прэзідэнт дзяржавы Ізраіль, ураджэнец мястэчка Моталь (зараз — вёска ў Іванаўскім раёне, што на Берасцейшчыне), выпускнік Пінскай рэальнай вучэльні. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі ва ўніверсітэтах Германіі і Швейцарыі доктар хімічных навук Хаім Вейцман займаўся даследаваннямі ў галіне ўжывання хімічных працэсаў. Выбітны навукоўца-хімік, уладальнік звыш 120 патэнтаў, у тым ліку на вынаходніцтва новага метаду атрымання ацэтону для вытворчасці боепрыпасаў. Прычым гэтае вынаходніцтва, зробленае падчас Першай сусветнай вайны, дапамагло Хаіму Вейцману пашырыць кантакты ва ўрадзе Вялікабрытаніі і паўплываць на вырашэнне габрэйскага пытання менавіта на тэрыторыі Палестыны.

Хаім Вейцман больш за 20 гадоў узначальваў Сусветны сіянісцкі кангрэс, паслядоўна адстойваў ідэю габрэйскага нацыянальнага дому на Зямлі Ізраіля. Згодна са сваім запаветам, Хаім Вейцман быў пахаваны ў садзе свайго дому пры навукова-даследчым інстытуце ў горадзе Рэхавот (Ізраіль), які ў лістападзе 1947 году быў перайменаваны ў Інстытут Хаіма Вейцмана. Зараз Навукова-даследчы інстытут імя Хаіма Вейцмана, што мае гадавы бюджэт у 1 мільярд долараў ЗША, вядомы ва ўсім свеце даследаваннямі імунных сістэмаў, генетыкі раслін і цыталогіі. Шырока вядомая ў свеце і ізраільская школа навукоўцаў-хімікаў, пяць прадстаўнікоў якой з’яўляюцца Нобелеўскімі лаўрэатамі.  

 

Імем Вейцмана названы цэнтральныя вуліцы ў шматлікіх гарадах Ізраіля. Выява выбітнага навукоўца, палітыка і дзяржаўнага дзеяча змяшчалася на паштовых марках, манетах і грашовых купюрах Дзяржавы Ізраіль. На доме ў Пінску (Брэсцкая вобласць), дзе вучыўся Хаім Вейцман, усталяваная мемарыяльная шыльда.

 

У сваім выступе на адкрыцці тэлемосту амбасадар Ізраілю ў Беларусі Іосіф Шагал не выключыў, што да 27 лістапада — дня народзінаў Хаіма Вейцмана — можа быць задаволена прапанова беларускіх хімікаў па стварэнню Фонду Хаіма Вейцмана для аб'яднання высілкаў па выкарыстанню ў Беларусі навукова-тэхнічнага патэнцыялу Ізраіля.

 

Выступае амбасадар Ізраіля Іосіф Шагал (на экране — выява доктара Барыса Ларына)

 

У тэлемосце бралі ўдзел доктар хімічных навук, вядучы супрацоўнік і выкладчык Габрэйскага ўніверсітэту ў Іерусаліме Барыс Ларын і кандыдат хімічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Дзмітрый Рудакоў.

 

Падчас тэлемосту ІКЦ дэманстраваў выставу, прысвечаную жыццю і дзейнасці Хаіма Вейцмана і навукова-тэхнічным дасягненням Дзяржавы Ізраіль.

 

У праграму дзён Хаіма Вейцмана, якія будуць доўжыцца да канца года, уключаны розныя мерапрыемствы ў шэрагу рэгіёнаў і гарадоў Беларусі.

 

 

Абмеркаванне:

  • Вольф
  • 2014-09-24 19:42:28
Каму што, а мне цікавейшы ідыш. Нядаўна прайшоў семінар ідышыстаў у Кіеве, у якім бралі ўдзел і прадстаўнікі Беларусі: http://vaadua.org/tags/idish-0

Каментаваць