Тэрмін прыдатнасці

Кожную вясну ўлады Беларусі гучна прамаўляюць пра ваенныя поспехі краіны часоў Другой сусветнай вайны. Традыцыйна ладзяцца парады і шэсці з удзелам ветэранаў, моладзь запэўніваюць, што перамога СССР у 1945-м ёсць безапеляцыйным подзвігам. Згадваюцца васьмізначныя лічбы ахвяраў, мужнасць народа, зверствы фашызму. І гэты завучаны, гадамі тыражуемы сцэнар часам выглядае не зусім зразумелым на тле сучаснасці: быццам дэкарацыі ў тэатры змяніліся, а акторы са сцэны так і не сышлі.



Кожную вясну ўлады Беларусі гучна прамаўляюць пра ваенныя поспехі краіны часоў Другой сусветнай вайны. Традыцыйна ладзяцца парады і шэсці з удзелам ветэранаў, моладзь запэўніваюць, што перамога СССР у 1945-м ёсць безапеляцыйным подзвігам. Згадваюцца васьмізначныя лічбы ахвяраў, мужнасць народа, зверствы фашызму. І гэты завучаны, гадамі тыражуемы сцэнар часам выглядае не зусім зразумелым на тле сучаснасці: быццам дэкарацыі ў тэатры змяніліся, а акторы са сцэны так і не сышлі.

Не будзем аспрэчваць вартасць той перамогі, ставіць пад сумнеў мужнасць людзей, якія ваявалі ці з усіх сілаў імкнуліся выратаваць сваіх родных. Зразумела, усе факты расстрэлу партызанамі мірных жыхароў, загараджальныя атрады, здрады ды іншыя негераічныя плямы той вайны нельга нават спрабаваць паставіць побач з досведам дзяўчынкі, якую ў адзінаццаць гадоў вывезлі ў Нямеччыну, каб забраць яе кроў параненым. Уратавалі слёзы: камісія вырашыла, што дзяўчынка занадта знерваваная, каб быць донарам, і адправіла яе на гаспадарчыя працы.

Амаль праз сем дзясяткаў гадоў мірнага жыцця гэтая ўжо састарэлая жанчына кожны раз плача, калі ўзгадвае, як у нямецкай вёсцы палонныя нарэшце пабачылі савецкіх салдат, як радасна было вярнуцца з дзіцячага дома на спалены падворак да маці. Цяпер мы разважаем пра тое, што адна злачынная сістэма знішчыла іншую. Але для пераважнай большасці савецкіх людзей тая вайна была змаганнем за сваю (не савецкую) зямлю і будучыню.

І ўсё ж у дні цяперашнім, да якога ўзгадаваліся тры пакаленні беларусаў — мірных людзей, «ура-патрыятычная» рыторыка, змаганне са знешнім ворагам (гэты пункт старанна культывуецца ўвесь час, а не толькі 9 мая) неактуальныя. Краіна адбудаваная, свет стаў глабальным, патрыятызм у нармальным разуменні гэтага слова цяпер ёсць любоўю да пэўнай геаграфічнай тэрыторыі, асэнсаваннем каштоўнасці гістарычных артэфактаў. Другая сусветная вайна, як і Вялікая Айчынная, адыходзіць у той жа шэраг, што і вайна 1812 года. А былы вораг пераўтварыўся ў мару многіх беларусаў.

Цяпер 65 працэнтаў беларускай моладзі хацелі б пакінуць краіну (вынікі апытання НІСЭПД). Найбольш прывабнымі для беларускай эміграцыі выглядаюць Германія і ЗША. Маладая мірная Беларусь з вялікім досведам партызанкі стала абузай для маладых людзей, тормазам да ўласнай рэалізацыі. І ці многа думак у такой сітуацыі звяртаецца да гераічнага вайсковага мінулага?

У даследаванні НІСЭПД 2010 года на пытанне: «Як Вы думаеце, ці могуць маладыя людзі сёння зрабіць паспяховую кар’еру ў Беларусі» 44,9% апытаных адказалі: «Не, для гэтага моладзі лепей ехаць у іншую краіну». У 2008-м прыкладна кожны трэці беларус лічыў, што паспяховай кар’еры моладзь тут не збудуе. Краіна-пераможца перайшла ў катэгорыю лузераў, якіх звычайна з задавальненнем і радасцю кідаюць. Поспех і слава — абавязковыя складнікі прыцягальнага героя-пераможцы. Але пажыццёва гэты статус выдаецца толькі героям старажытнага міфалагічнага пантэону ды падручнікаў гісторыі. У рэальнасці яго трэба ўвесь час пацвярджаць.

Закапаўшыся ў падзеях сярэдзіны мінулага стагоддзя, Беларусь крыху забылася на будаўніцтва вобразу гераічнага сённяшняга дня. Не, ваюем мы штогод, рэгулярна і ўжо загадзя ведаем сваіх праціўнікаў: ураджай зерневых, веснавы павадак, снежныя заносы, адмарожаная пятая калона (спіс ворагаў можна працягнуць на ўласны густ). Аднак ці робіць гэта нас героямі ва ўласных вачах або ў вачах суседзяў? Спрэчна з адчуваннем далучанасці да гэтых «эпахальных» працэсаў, драбнаватая задума для «лакальных войнаў». Разам з тым без актуальнага аб’ядноўваючага канструкту грамадства сыходзіць у стан аўтызму — кожны забіваецца ў сваю нару і жыве аўтаномным жыццём. Сувязь з краінай і нацыяй, адказнасць перад імі, супольная будучыня з імі мінімальныя.

З Вялікай Айчыннай вайны Беларусь выйшла з вялізнымі чалавечымі стратам, але з захаванай нацыяй. І дзіўна глядзець цяпер, як гэта нацыя співаецца ад тугі, расцярушваецца па свеце ад беспрасветнасці, асімілюе з братамі-расіянамі, бо «мы такія ж, толькі са знакам якасці». Відаць, эпоха вялікай Перамогі як важнейшага пасылу для нацыі скончылася, а знайсці ёй замену, што скіроўвала б беларусаў у канструктыўным рэчышчы ў светлае заўтра, не змаглі.

 

Каментаваць