Тыдзень нефармальнай адукацыі

«Нефармальная адукацыя і рэгіянальнае развіццё» — пад такой назвай з 24 верасня па 2 кастрычніка 2011 года ў Беларусі будзе праходзіць шосты Тыдзень нефармальнай адукацыі.

«Нефармальная адукацыя і рэгіянальнае развіццё» — пад такой назвай з 24 верасня па 2 кастрычніка 2011 года ў Беларусі будзе праходзіць шосты Тыдзень нефармальнай адукацыі.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у беларускім грамадстве сфармаваўся пэўны попыт на розныя праграмы навучання, накіраваныя на асабістае, сацыяльнае і прафесійнае развіццё. Гэта характэрна не толькі для сталіцы і абласных цэнтраў, але і для малых гарадоў, сельскай мясцовасці. Пры гэтым прапанова паслуг і праграм дадатковай адукацыі дарослых па-ранейшаму ў асноўным засяроджана ў Мінску.

Арганізатары Тыдня НФА–2011 робяць акцэнт на праблемах развіцця нефармальнай/дадатковай адукацыі ў рэгіёнах Беларусі і прапаноўваюць абмеркаваць шэраг пытанняў. Якія існуюць магчымасці і перспектывы развіцця нефармальнай/дадатковай адукацыі дарослых у малых гарадах і сельскай мясцовасці? Якія актуальныя падыходы, формы, кірункі гатовыя прапанаваць беларускія спецыялісты? Як можна выкарыстоўваць замежны і айчынны досвед для таго, каб адукацыйныя паслугі ў сферы НФА зрабіць прывабнымі для спажыўцоў у рэгіёнах?

Традыцыйна мерапрыемствы будуць праходзіць у розных гарадах Беларусі. Ключавой падзеяй Тыдня НФА–2011 стане круглы стол «Нефармальная адукацыя ў рэгіёнах Беларусі: запатрабаванні, досвед, інавацыі», які пройдзе 28 верасня 2011 года ў Мінску. Ён стане дыскусійнай пляцоўкай, на якой эксперты, прадстаўнікі арганізацый дзяржаўнага, грамадскага і бізнэс-сектараў абмяркуюць стан і праблемы нефармальнай і дадатковай адукацыі ў рэгіёнах Беларусі, а таксама ролю НФА ў рэгіянальным развіцці.

Да ўдзелу ў Тыдні НФА–2011 запрашаюцца арганізацыі, якія займаюцца нефармальнай і дадатковай адукацыяй дарослых, а таксама арганізацыі, гатовыя аказаць садзейнічанне і падтрымку ў правядзенні Тыдня НФА. Прыём заявак і прапаноў працягнецца да 29 жніўня 2011 года.

Арганізатарамі тыдня выступаюць: Установа адукацыі «Міжнародны прыватны навучальны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БелТЮФ», ТАА «Трэнінгавы цэнтр «Квадратны апельсін», Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы (АДАіА), Прадстаўніцтва зарэгістраванага таварыства «Deutscher Volkshochschul-Verband eV» (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь.

Падрабязная інфармацыя пра Тыдзень НФА–2011 размешчана на сайце www.adukatar.net.

Каментаваць