Толькі на памперсы

Намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Аляксандр Румак падчас анлайн-канферэнцыі «Асаблівасці арганізацыі працы жанчын і непаўнагадовых» паведаміў, што з кастрычніка памеры аднаразовай матэрыяльнай дапамогі з нагоды нараджэння дзіцяці падвысяцца ў два разы!

Намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Аляксандр Румак падчас анлайн-канферэнцыі «Асаблівасці арганізацыі працы жанчын і непаўнагадовых» паведаміў, што з кастрычніка памеры аднаразовай матэрыяльнай дапамогі з нагоды нараджэння дзіцяці падвысяцца ў два разы!

З першага погляду, заява пазітыўная — нарэшце пачалі падвышацца не толькі кошты ў крамах. Праўда, пералічыўшы суму дапамогі на долары, станоўчае ўражанне ад абяцання знікае — падвышэнне складае ўсяго $137. Троху матэматыкі: на дадзены момант сума БМП раўняецца 343 тыс. 260 рублям, і невядома, ці будзе падвышацца да кастрычніка. Памер падтрымкі зараз складае 1 млн. 716 тыс. 300 рублёў, а ў кастрычніку будзе раўняцца 3 млн. 432 тыс. 600 рублям. У адпаведнасці з сучасным курсам Нацбанка Беларусі выходзіць $691 супраць ранейшай сумы ў $554 (пры курсе Нацбанка да дэвальвацыі).

Такім чынам, рэальнае падвышэнне памеру падтрымкі раўняецца 25%. Калі лічыць, канешне, не новыя надрукаваныя беларускія «зайчыкі», а набор рэчаў для немаўлят, які можна прыдбаць за гэтыя грошы. У адпаведнасці з сярэднімі коштамі ў папулярных інтэрнэт-крамах для немаўлят, сумы ў $137 хопіць роўна на 4 пакункі «памперсаў». Ды і тое, калі атрымаецца іх знайсці — на падгузнікі, якія збольшага ўвозяць з-за мяжы (роўна як і іншыя шматлікія рэчы для немаўлят) зараз вар’яцкі ажыятаж.

Калі ж палічыць, на што хапае ўсёй абяцанай сумы ў $691 пры ўмове, што кошты да кастрычніка не падвысяцца, дык пасля набыцця самай таннай каляскі, дзіцячага ложка (з матрацам), ванначкі і аўтакрэсла гаманец рэзка пусцее. А як жа харчаванне, вопратка, падгузнікі, цацкі — усё тое, што так неабходна для паўнавартаснага развіцця дзіцяці? На штомесяцовую падтрымку для дзіцяці да трох год у памеры 289 430 (зараз $58) асабліва не пашыкуеш.

Як нараджаць і выжываць у такіх умовах, Аляксандр Румак не патлумачыў, роўна, як і не сказаў, што рабіць жанчынам зараз, да кастрычніка, калі за адзін дзень падтрымка рэальна скарацілася з $554 да $346 і яе хапае роўна на 10 пачак «памперсаў».
 

Каментаваць