Толькі праўда ўратуе пушчу

У Белавежскай пушчы жыве Дацкевіч Уладзімір Апанасавіч — чалавек,  які прапануе знакаміты Віскулёўскі палац перадаць дзеля будучыні навуцы. Гэта значыць — студэнтам прыродазнаўчых факультэтаў краіны і свету, якія будуць сюды прыязджаць, праходзіць тут практыку і весці экалагічныя даследаванні. Вядомы публіцыст Валеры Дранчук, спецыяльна для "НЧ",  сустрэўся з Уладзімірам Апанасавічам  і доўга размаўляў. Пра наша багацце і наш боль — Белавежскую пушчу.



У Белавежскай пушчы жыве Дацкевіч Уладзімір Апанасавіч — чалавек,  які прапануе знакаміты Віскулёўскі палац перадаць дзеля будучыні навуцы. Гэта значыць — студэнтам прыродазнаўчых факультэтаў краіны і свету, якія будуць сюды прыязджаць, праходзіць тут практыку і весці экалагічныя даследаванні. Вядомы публіцыст Валеры Дранчук, спецыяльна для "НЧ",  сустрэўся з Уладзімірам Апанасавічам  і доўга размаўляў. Пра наша багацце і наш боль — Белавежскую пушчу.

— Напрыканцы 2008 года Савет Еўропы ўхваліў “План кіравання Белавежскай пушчай на перспектыву, гэта значыць, на бліжэйшыя пяць і дваццаць гадоў. Эксперты са Страсбургу паверылі ў магчымасць перамен у найстарэйшым лесе Еўропы. І як вам намаляваныя перспектывы?

— Пакуль што гэта чыстыя дэкларацыі (у плане напісана “бачанні), у якія могуць паверыць хіба тыя, хто іх пісаў. Я не бачу ні рэальнага грунту, ні людзей, якія пачнуць тут нешта рабіць, каб адбыліся зрухі да лепшага. Для каго ўсё гэта напісана? Для Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, якое гаспадарыла ў пушчы пятнаццаць гадоў, пабудавала магутную пілараму і працягвала несумяшчальную з прыродааховай дзейнасць? Для адміністрацыі парка, генеральнага дырэктара? Я маю вялікія сумненні, што яны гэта ўвогуле прачыталі. Магчыма, напісана для Савета Еўропы, каб там ацанілі і як хутчэй вярнулі прэстыжны дыплом.


Валеры Дранчук

Сучасны фасад Белавежскай пушчы -- музей, рэстаран, гасцініца...
Усё ж на рэштках натуральнай красы і велічы.


“Бачанні акрэслены акадэмічным інстытутам на замову нацыянальнага парка, які, у сваю чаргу, выконваў умову Савета Еўропы. Прыпыненне дыплома, патрабаванне ад кіраўніцтва парка плана на перспектыву, то бок, пэўных гарантый — адчувальны ўдар па міфічнай мадэлі Белавежскай пушчы ў год так званага 600-годдзя ўсталявання тут запаведнай зоны. А каму, на вашу думку, гэты міф быў патрэбны, хто яго ствараў, хто падтрымлівае сёння і ў чым шкоднасць міфалагізацыі пушчы?

— Міф у тым, што Белавежская пушча — запаведная тэрыторыя, не крануты цывілізацыяй куток, еўрапейская тайга, дзікія нетры. Поўная лухта! Я даводжу іншае: пушча спаганеная і растаптаная. За вітрынай і шыльдай прыродааховы ні на хвіліну не спыняецца лесапрамысловая і паляўнічая знішчальная дзейнасць. Міф патрэбны тым, хто працягвае эксплуатаваць пушчу, хто робіць стаўку на паляванні, іншую недапушчальную камерцыйную дзейнасць, хто хавае рэальны стан рэчаў ад шырокай грамадскасці. Акрамя таго, наступае турызм, асабліва паляўнічы турызм, а гэта для адміністрацыі самы просты і надзейны спосаб зарабіць валюту. Таму і трэба раскручваць міф, каб на прыгожую рэкламу аматар са стрэльбай прыехаў, скажам, з Расіі, Германіі. Развіваецца і экалагічны турызм — таксама патрэбны прыгожыя словы і розныя казкі пра аазіс і неруш.

Ад векавых соснаў засталіся толькі пні


Але сама Белавежская пушча — як спадчына, як эталон, як духоўная каштоўнасць — тут на апошнім месцы, яе інтарэсы і стан не бяруцца да ўвагі, любая крытыка, заўвагі ці прапановы на гэты конт не прымаюцца. Я заўважаю, што і простыя наведвальнікі, якія сюды прыязджаюць з добрымі намерамі — убачыць нешта прыгожае і велічнае, — не хочуць развітвацца з міфам. Яно зразумела. Людзі адстароненыя ад прыгожых лясоў, ад хрэстаматыйных вобразаў. Яны пакідаюць шэры асфальт і хочуць бачыць казачную прыроду. Ім цяжка паверыць, што з пушчай нешта адбываецца.

Пад гэтыя настроі і ствараецца новы фасад, разлічаны на абывацеля: музей прыроды, рэстаран, гасцінічны комплекс, адміністратыўны корпус. Пад’езды і падыходы асфальтуюцца, апранаюцца ў шэрую гарадскую плітку. Будуюцца дарогі і ў самой пушчы, дарэчы сказаць, што нетры парку сёння паласуюць сотні кіламетраў аўтатрас. Яны не для шпацыру экатурыстаў, а для цяжкагрузнай лесанарыхтоўчай тэхнікі. Днямі я праехаў па пушчы на ровары, мяне пераганялі і рухаліся мне насустрач не такія ж аматары, як я, а лесавозы і трактары. Не забягаючы ў лес, я на адрэзку першых дзесяці кіламетраў налічыў сотні пнёў, дзесяткі новых лесараспрацовак, а на турыстычным веламаршруце (рухаўся выключна па ім) панаваў той хуткасны рэжым, які нельга назваць сумяшчальным з экатурызмам… калі экатурызм наогул правамерна лічыць дапушчальным у гэткіх умовах. Вось тое, што крыху за фасадам, у радыусе 5–8 кіламетраў ад гасцініцы і Музея прыроды. А да касы, што перад шлагбаумам, зрэдку падыходзяць наведнікі — мамы і таты з дзецьмі, у іх пытаюцца, што будуць глядзець, і яны адказваюць: “Вальеры і сядзібу Дзеда Мароза. Гэта — перад фасадам… Можа, Уладзімір Апанасавіч, гістарычна ўсё выглядае не так блякла, як сёння? Кажуць, запаведнасці пушчы 600 гадоў. Якая спадчына ЗА ці ПЕРАД гістарычным фасадам? Як вы ўспрымаеце гэты юбілей, гэтую дату?

— Запаведнасці 600 гадоў? Нельга так казаць. Гэта занадта вольнае абыходжанне з гісторыяй, скажэнне гістарычнай праўды і падмена паняццяў. Тое, што кароль абмежаваў паляванні ў сваіх уладаннях, паставіў службу аховы, яшчэ не сведчыць пра нешта надзвычайнае, пра запаведную ідэю. Гаспадар сваёй маёмасці і сёння гэта робіць. Ёсць пушчанскі “АМАП — ахова Белпушчы, як яе называюць. Гэтыя хлопцы пільнуюць маёмасць, а не прыроду. Дый што казаць пра стагоддзі таму, калі сёння гэтай запаведнасці ў пушчы няма! У такім выпадку, што ж мы святкуем?

Адно магу сказаць — так, былі эпізоды, былі пэўныя намаганні соцень людзей зрабіць нешта лепш. Але якую спадчыну мы зараз маем? На жаль, не створана нават школы, нейкага прэцэдэнту, на які можна было б раўняцца. Мы не бачым ніводнай больш-менш годнай традыцыі, за якой не 600, а хоць бы 200 ці 100 гадоў. Няма таго, чым можна было б ганарыцца, перадаючы нашчадкам гэты лес.

Дарэчы, польскі бок не далучыўся да “святкавання, бо, мяркую, не падзяляе святочнага пафасу і штучнасці гэтай даты. Я быў у польскай частцы Белавежскай пушчы пяць гадоў таму і з прыемнасцю пераканаўся: там глядзяць у корань і займаюцца рэальнай прыродааховай, рэальнай дыдактыкай, скіраванай на выхаванне сённяшніх і будучых прыродалюбаў, а не прапагандай, падменай паняццяў, як у выпадку з “нашым Дзедам Марозам і “нашым 600-годдзем. Раіў бы пераняць досвед бліжэйшых суседзяў. У іхнім “Парку нарадовым (нацыянальным парку), значна меншым па плошчы, знаходзіцца шмат філіялаў прыродазнаўства: інстытута лесу, Акадэміі навук (аддзел сысуноў), інстытута батанікі і метэаралогіі.

А тым, хто сёння рухае “запаведны юбілей, мне шмат чаго ёсць сказаць. Памятаю, 1960-я гады для хімічнай прамысловасці спатрэбіліся насмоленыя карчы. Тады тут правіў Раманаў, дырэктар запаведна-паляўнічай гаспадаркі. Вёска Ясень — цэнтральная частка Пушчы. Тут і пачаліся, як тады казалі, падрыўныя работы. Выбухі гучалі больш як год. Можаце сабе такое ўявіць! Дайшло да пажару, і здабыча спынілася. Выгарала трыццаць гектараў лесу.

Нарыхтоўчая дзейнасць заўжды вяла да спусташэння. У пушчы — ужо Сусветнай спадчыне, біясферным запаведніку, нацыянальным парку — яна была, ёсць і па сённяшні дзень працягваецца. Нічога не змянілася. Толькі ў горшы бок: людзі, адказныя за лес, навучыліся лепш красці — так, што і не падкапаешся. Я не бачу ў пушчы ні эколагаў, ні спецыялістаў прыродаахоўнага накірунку. Наўзвоч не бачу. Ідзе татальнае выкраданне драўнінных рэсурсаў, выбіванне звера.

Здаўна драўніну нарыхтоўвалі зімой. Такі закон. Ад 1 кастрычніка да 1 сакавіка. І месяц на вываз, да 1 красавіка. Сезоннасць рубкі. Яны ж даўно парушылі гэта правіла. Іх спосаб рубкі — лесапавал. Вываз — праз лес. Цягнуць, быццам плугам, — суцэльная зачыстка. Пляжыцца падрост, наносіцца велізарная шкода лесу. Негаспадарлівасць і ўсёдазволенасць — куды не кінь. У лесе — крадзеж, п’янота. Я пастаянна цікаўлюся, распытваю ў людзей, мне самі прыходзяць і расказваюць.

Тыя падрыўныя аперацыі сёння працягваюцца ў выглядзе бясконцых камерцыйных здзелак, падробак, купляў-продажаў на целе “запаведнай прыроды. Шкода вялікая, страт не падлічыць. Якая тут “біялагічная разнастайнасць, Сусветная спадчына! Які “цуд свету! Ідзе расцягванне і спусташэнне пушчы. Гэта страшна сказаць. Ягад практычна не стала. Грыбоў няма! Раней паўнюткія кладоўкі, шчодры ўраджай з года ў год. Вада ў Лясной не замярзала, была ўсцяж на донных крыніцах… Быццам усё стаіць як стаяла, а насамрэч адбываецца працэс дэградацыі — развал асяроддзя. Прычына — абязводжванне лясных нетраў, наступствы 1960-х. Так, з пушчы сышла вада. Катастрофа. Але ж час сказаць: “Стоп! Куды мы ідзём, куды прыйшлі? Бо лепш не стане. Пакоціцца па нахільнай далей, перспектыва змрочная… Дык не, малюем тыя самыя міфічныя замкі, адзначаем 600-гадовы юбілей — юбілей чаго?

Людзі, карэнныя жыхары, старэйшае пакаленне адчуваюць гэты развал?

 — Сустракаюцца і плачуць. Усё ж на іх вачах робіцца. Зачыняюцца школы, пусцеюць хутары, старэйшае пакаленне пакідае гэты свет без надзеі — не дае рады абслугоўваць прыватную гаспадарку, моладзь раз’ехалася, каму жыць? Але галоўнае і самае горкае, што пушчу не ратуюць, а дабіваюць. І людзі з’язджаюць, шукаюць лепшыя месцы. Як сыходзяць браты нашы меншыя — казуля, зубр, алень, — так і людзі следам за імі. На польскім баку — там насельніцтва яшчэ трымаецца, зусім не так, як у нас. І пілараму даўно спынілі ў Гайнаўцы, улада прыслухалася да голасу эколагаў.

Лесавоз з запаветнымі яшчэ ўчора дрэвамі

Альтанкі для раварыстаў моцна кантрастуюць з чадам лесавозаў
і трактароў ды расстрэльнымі вежамі ў нетрах пушчы.

Адрэзак старэйшай лясной дарогі на Гайнаўку будзе заліты асфальтам.

Жыхарка пушчы Семянчук Ганна Антонаўна
з унучкай Валерыяй. Вёска Жаркаўшчына.

28 жніўня. Верасовыя паляны прыбраліся ў чароўны ліловы колер.

З дзесятак гадоў таму ў нашай пушчы працавалі сацыёлагі. Ужо тады апытанне пушчанцаў дало трывожныя тэндэнцыі, але сігнал з боку насельніцтва не быў пачуты.

— Не ведаю, хто да іх мог прыслухацца. Дзесяць гадоў таму пабудавана магутная лесапілка. Лесавозы не сціхалі, па дваццаць рэйсаў штодня. Людзі на шлагбаумах лічылі, памятаюць. Пачаліся наезды “новых рускіх, паляўнічыя туры. Я скажу сацыёлагам так: і ружэйнікаў, і пільшчыкаў трэба як мага хутчэй выставіць з пушчы. Раз і назаўсёды ачысціць ад іх усе запаведныя тэрыторыі. Яны не змогуць нічога зрабіць, не здольныя — гэта не спецыялісты ў нацыянальным парку, іх нельга такімі назваць. Адстрэльшчыкі і лесарубы — гэта так, але не спецыялісты ў галіне прыродааховы. Ад іх толькі шкода і бяда. Турызм — экалагічны, прыродаашчадны, а не галоп, як цяпер, — я аддаў бы турыстычным арганізацыям. Разам з гандлем сувенірамі і ўсім астатнім.

Як у нацыянальных парках ЗША. Там працуюць мэтанакіравана, на прыродаахоўную ідэю, на папулярызацыю зялёных каштоўнасцяў. І галоўнае, у згодзе з законам. У нас жа чыноўнікі займаюцца знішчэннем гэтых каштоўнасцяў за бюджэтную зарплату, запаведную ідэю не развіваюць і пра канцэсіі, прыватны сектар чуць не хочуць.

— Затое са сваім Дзедам Марозам. Колькі ні запрашалі мяне наведаць гэту сядзібу, я туды не еду і ніколі не паеду. Ігнарую рашучым чынам! І Дзед Мароз, і ўся пабудова, дзе калісьці сканаў апошні зубр, адмыслова ўпісаліся ў развал пушчы. Навошта ж мне гэта бачыць? Я ніколі туды не паеду.

Па сутнасці гэта цалкам пабочны аб’ект, антыэкалагічны і неадэкватны, адцягвае ўвагу, працоўныя і бюджэтныя рэсурсы нацыянальнага парка. Штодня дзесяткі аўтобусаў паляць гаручае, шыбуюць праз неруш да брамы Дзеда Мароза — дваццаць пяць кіламетраў дарогі ў адзін канец. Па некалькі рэйсаў. Далучыце да лесавозаў і гэты “турыстычны след — што атрымаецца? І што там убачыць наведнік, пераважна школьнага ўзросту? Прабяжыць па драўляным насціле — а гэта, між іншым, кубаметры лепшай драўніны з пушчы. Ну купіць салодкай ваты, нейкі сувенір, сфатаграфуецца. Гэта што — дыскатэка, кірмаш? Ці асабліва ахоўная тэрыторыя, дзе павінны вяршэнстваваць дух свабоды, скразная ідэя захавання эталоннай прыроды?

— Ведаеце, сённяшнія шчыраванні прадпрымальнікаў хутка могуць не спатрэбіцца. Сядзіба Дзеда Мароза ўжо непатрэбная. Гэта выкінутыя на вецер грошы. Можа, не адзін мільён долараў. Нават простыя людзі, калі іх пытаюць, нікому не раяць туды ехаць. Улады гэта зразумелі, робяць масавасць — спрабуюць неяк падперці гэты кіч сродкамі дзяржбюджэту, прычым прымусова: праз органы адукацыі ў час школьных канікул сюды вязуць дзяцей. Цяпер новае дзіва — музей і рэстаран. Разгарнулі будоўлю — трэба бачыць!..

Дык вось, гэта таксама марна! Паверце мне — гэта пустое. Бо ўкладваюцца не мазгі, а вялікія грошы. Праект сыры і неперспектыўны. Выстава-аднадзёнка, а не музей. Прафанацыя самой ідэі, бо стаўка музейных экспазіцый робіцца на паляўнічы азарт, а не на добрыя пачуцці да жывога свету, дзікай прыроды, без скіраванасці ў будучыню, якая вымагае іншых падыходаў і поглядаў. Рэстаран пераўзыдзе ўсе чаканні, тут, я мяркую, патрапяць у густ.

Можам не сумнявацца. Пад “разліў аддаюць і будынак былога Музея прыроды разам з вежай, на якой, дарэчы, была пазначана гістарычная дата “1960 (наўрад ці яна захаваецца). А музей жа ствараўся па крупінках, пакаленнямі супрацоўнікаў і вучоных, у пэўнай меры — і пакаленнямі наведнікаў. І вось цяпер, на добры глузд, гэтыя сцены трэба было б як мінімум захаваць… Але пытанне адно — хто сюды паедзе? Няпрофільны кантынгент?

— Калі мець на ўвазе нацыянальны парк і яго задачы, тут павінны бываць найперш “профільныя наведнікі: хто цікавіцца дзікай прыродай, займаецца даследаваннямі ці экалагічным выхаваннем, хто спалучае адпачынак з лясным краявідам, любіць акунуцца ў цішыню і спакой. Але стаўка адміністрацыі робіцца на іншы кантынгент: перш-наперш паляўнічыя туры, і ў першую чаргу замежныя — Расія, Германія, Францыя… Першая хваля, магчыма, і дасць эфект. Крыку-звону будзе шмат. Уяўляеце, які фурор узнімуць. Тым не менш, падкрэсліваю, гэта ненадоўга. Адна з перашкодаў — фінансавы крызіс. Другая — міф пра Белавежскую пушчу як “цуд свету будзе з кожным годам разбівацца аб супрацьдзеянне экалагічнай грамадскасці. Ехаць сюды будзе дорага і непрэстыжна, а для многіх — і гэта самае важнае! — не ехаць будзе асабістай нязгодай, пратэстам супраць падману і фальсіфікацый.

З гэтай паляўнічай знішчальнай вежы ідзе расстрэл дзікіх жывёл,
якія даверліва прыйшлі на раскладзеную егерамі прынаду.
Па ўсёй пушчы такіх збудаванняў сотні. На адну з іх, у Свіслацкім
раёне, мяне прывялі вясковыя дзеці.

Наверсе, у кабіне драўлянай вышкі паляўнічаму досыць камфортна...

...І ўнізе не горш. Стаянка паляўнічага пабудавана з жоўтага смалістага дрэва зусім нядаўна.


Змена арыентацый дзяржавы можа неяк выправіць сітуацыю ў пушчы? На што вы спадзеяцеся?

— Калі я кажу, што ў пушчы няма запаведнасці, прыродаахоўнага рэжыму, гэта значыць, што трэба ўсё пачынаць сёння. Пытанне дыягназу пушчы. Яно вырашальнае толькі праз міжнародных экспертаў, нейкую міжнародную арганізацыю па лініі ААН, напрыклад, ЮНЭСКА ці Міжнародны саюз аховы прыроды (МСАП). Пра магчымасць такой дапамогі неяк заявіў у сваім інтэрв’ю прадстаўнік ААН у Мінску. Праўда, з дыпламатычнай агаворкай: у выпадку, калі пра дапамогу папросіць беларускі бок, урад. Зразумела, што кіраўніцтва Беларусі не хутка пойдзе на такі крок. Але і гэта магчыма, калі знойдуцца разумныя людзі, якія здолеюць інакш паглядзець на рэчы, давесці альтэрнатыўную думку да чалавека, які прымае рашэнні.

Пушчу трэба аддаць навуцы. Сёння ад яе тут нічога не засталося. Трэба вярнуцца да лепшых традыцый, але абавязкова ствараць новыя. І даць шанец навуковай моладзі. Маніторынг, сігналізацыя, асветная дзейнасць, папулярызацыя светапогляду — колькі цікавага на карысць пушчы і запаведніку!.. Дайце магчымасць бываць тут студэнтам — Сахараўскага, політэхнічнага, БДУ. Віскулі — чым не база для філіяла Нацыянальнай акадэміі? Пабудавалі катэджы ў Ляцкіх — аддайце іх студэнтам, навучэнцам. Здыміце замкі, адчыніце для светлай дапытлівай моладзі, якая любіць прыроду, жадае паслужыць ідэалам! У цэлым навука хворая на папулізм, на лысенкаўшчыну — я гэта памятаю з 1950-х. Многія даследчыкі шукаюць кампрамісы, займаюцца руцінай дзеля заробку, іншыя пакідаюць навуку ці з’язджаюць за мяжу.

Што трэба для Белавежскай пушчы? Я б сфармуляваў гэта коратка: каб захаваць рэшткі таго, што знікае, трэба пачынаць вяртаць усе кампаненты, на якіх прырода ўзрасла. Па пунктах — першае, другое, трэцяе... Перадусім гэта вільгаць, ад якой пайшло ўсё жывое. Асушальная меліярацыя пакінула ў пушчы пагібельны след. Працэсы адбываюцца неўпрыкмет, найчасцей незваротна. Патрэбны грунтоўныя ўзнаўляльныя гідралагічныя работы. Неабходна брацца за балоты, паспрабаваць адрадзіць. Гэта немагчыма, але важны прынцып спрыяння. Былі прапановы замежных інвестараў — свет шырокі.

Паляванні ў нацыянальным парку — вядома, нонсенс. Не павінна тут быць страляніны, паляўнічых расстрэльных вышак, варварскіх біятэхналагічных прыёмаў. Тое, што прыжылося ў пушчы і называецца сэрвісам, — не паляванне, а вывіх, начныя стралецкія оргіі, садызм і псіхічны сіндром.

Перакананы: не павінна быць і санітарных рубак. Як і лесапасадак. Трэба абмежаваць доступ гаспадарніка ў лясныя нетры. Пакінуць цэнтральныя дарогі выключна на патрэбы турызму, а не лесавывазу ды “аўтагонкам высокіх чыноўнікаў. Замест лясніцтваў я прапаную стварыць экалагічныя ўчасткі, даць ім шырокія правы, у тым ліку на штрафныя санкцыі. І без гвалту, спакойна наводзіць парадак.

Кожны сённяшні дзень гаспадарання непапраўна вядзе нас да катастрофы. Мы гублялі стагоддзямі і губляем цяпер. Штодня. Трэба спыніцца — даць прыродзе поўны спакой з шанцам на адраджэнне. Міф не можа працягвацца вечна. Толькі праўда ўратуе пушчу.



Для даведкі:

Дацкевіч Уладзімір Апанасавіч (фота 1). З карэнных жыхароў. Жыве ў Камянюках — цэнтральнай сядзібе нацыянальнага парка. Ветэран пушчанскай навукі. Былы загадчык і адзін са стваральнікаў мясцовага Музея прыроды (1960-я гг.). У штаце з 1945 па 1985 гады. Усё значнае адбывалася на ягоных вачах. Кантактаваў і сябраваў з выбітнымі вучонымі Беларусі і былога СССР, вядомымі дзяржаўнымі дзеячамі. Даўно і паслядоўна разбурае міф пра Белавежскую пушчу як першародны лес. Трымаецца пераканання, што Пушча ніколі не была запаведнай, не адпавядала яна і статусу асабліва ахоўнай тэрыторыі, была ўласнасцю польскіх каралёў, рускіх цароў і “генсекаў. Першым выказаўся пра неабходнасць міжнароднай экспертызы Белавежскай пушчы як месца Сусветнай прыроднай спадчыны. Мае дзесяткі друкаваных прац, найперш манаграфію “Гістарычны нарыс і некаторыя вынікі арніталагічных даследаванняў у Белавежскай пушчы (1945–1985), навуковыя і навукова-папулярныя працы па клімату, біялагічнай разнастайнасці пушчы.

----------------------------------

Усе фота аўтара

 

Каментаваць