Толькі спакой!

Пакуль прэтэндэнты ў прэзідэнты распіхваюць адзін аднаго ў барацьбе за кандыдацтва, Аляксандр Лукашэнка дэманструе дзіўны спакой. Быццам «навапасіту» з’еў. Здаецца, да яго дайшло пасланне Крамля, дасланае яму праз Нарышкіна і беларускіх журналістаў: «Вярніся, я ўсё дарую!» Нават пытанне выбараў, паднятае падчас візіту прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ, яго, здаецца, слаба закранула.



Пакуль прэтэндэнты ў прэзідэнты распіхваюць адзін аднаго ў барацьбе за кандыдацтва, Аляксандр Лукашэнка дэманструе дзіўны спакой. Быццам «навапасіту» з’еў. Здаецца, да яго дайшло пасланне Крамля, дасланае яму праз Нарышкіна і беларускіх журналістаў: «Вярніся, я ўсё дарую!» Нават пытанне выбараў, паднятае падчас візіту прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ, яго, здаецца, слаба закранула.

«Беларусь імкнецца да таго, каб пасля выбараў ніхто пальцам на нас не паказваў. Дзейнаму прэзідэнту гэта зусім не трэба», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі па выніках перамоў з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ 20 кастрычніка.

Беларусі, падкрэсліў Лукашэнка, неабходна, каб «гэтыя выбары прайшлі не горш, чым папярэднія». «Хаця не ведаю, якія прэтэнзіі могуць быць да тых», — дадаў ён. «Наша прамая зацікаўленасць у тым, каб зарэгістравалі ўсіх кандыдатаў», — заявіў прэзідэнт.

Як паведаміла сама Даля Грыбаўскайтэ, у ходзе перамоў Аляксандр Лукашэнка паабяцаў ёй, што будуць зарэгістраваныя ўсе кандыдаты і што на выбарах будуць прысутнічаць назіральнікі.

Што-што, а «дэманстраваць» у нас умеюць, але гэта цалкам не азначае таго, што выбары будуць сапраўды празрыстымі і дэмакратычнымі.

Тым часам, яшчэ адзін апазіцыйны прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду пераадолеў бар’ер у сто тысяч подпісаў, каб быць зарэгістраваным кандыдатам. Як паведаміў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, за ягонага намесніка на партыйнай пасадзе Яраслава Раманчука на 20 кастрычніка сабрана 102590 подпісаў. «Гэта без уліку зборшчыкаў подпісаў, якія не прывязаныя ні да якіх каардынатараў. Яны збіраюць подпісы самі, а потым папросту прыносяць да нас у штаб, не паведамляючы, колькі яны сабралі», — адзначыў Лябедзька.

Тым часам, супраць Раманчука ўзняўся намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур. Адказваючы на пытанні журналістаў 20 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску, ён назваў праект эканамічнай праграмы Раманчука «экстрэмісцкім».

Многія прапановы Раманчука закладзены і ў праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2015 года, зазначыў Тур. Але ён і паведаміў, што «Раманчук з’яўляецца прыхільнікам выключна ліберальнага тыпу эканомікі. Ён узначальвае Цэнтр Мізеса, а Мізес — чалавек з плеяды архінеалібералаў, у якіх дзяржава не прысутнічае практычна нідзе, яна з’яўляецца тормазам і перашкаджае развіццю эканомікі», — заявіў намеснік міністра.

«Усе неаліберальныя праграмы носяць экстрэмісцкі характар, які праяўляецца ў тым, што асобныя палажэнні вядуць да выключэння або супярэчнасці адно да аднаго», — заявіў чыноўнік. Ён прывёў прыклад з праграмы Раманчука, дзе немагчыма адначасова скараціць значную долю падаткаабкладання або сацыяльнага падатку і павысіць пенсіі. «Раманчук ніколі не працаваў у органах дзяржкіравання і не мае базавай эканамічнай адукацыі. Гэта не азначае, што ён не можа разбірацца ў эканоміцы. У яго не было магчымасці паўдзельнічаць у выпрацоўцы сапраўдных рашэнняў, і ў гэтай частцы праграма вельмі экстрэмісцкая», — заключыў Тур.

Так і хацелася б нагадаць пра тое, што чыя б карова мычала, а чыя б нервова паліла ўбаку. Бо, што тычыцца нашай эканомікі, то яна знаходзіцца, хутчэй, у перадсмяротным стане. І найперш людзей хвалююць эканамічныя пытанні, што бачна па іх паводзінах на пікетах па зборы подпісаў. Усе адчуваюць, што скананне «беларускага эканамічнага цуду» на падыходзе, а намесніку міністра эканомікі няма чым больш заняцца, чым глядзець на праграму Раманчука.

Аптымістычным выдаўся ты­дзень і для другога «стотысячніка» Уладзіміра Някляева. 19 кастрычніка суддзя Кірыл Палулех прызнаў актывіста кампаніі «Гавары праўду!», якую ачольвае Някляеў, паэта Міхаіла Башуру вінаватым на падставе дзвюх частак артыкула 380 Крымінальнага кодэкса (падробка, выраб, выкарыстанне або збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў). Актывіст апазіцыі абвінавачваўся ў тым, што для атрымання льготнага крэдыту на будаўніцтва кватэры ён падаў падробленую даведку аб даходах. З 6 жніўня Башура знаходзіўся пад вартай у розных следчых ізалятарах.

Названы артыкул прадугледжвае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі. Дзяржаўны абвінаваўца Галіна Корнева прасіла прыгаварыць Башуру да шасці месяцаў арышту. Аднак суддзя Кірыл Палулех прызначыў пакаранне Башуры ў выглядзе штрафу ў 500 базавых велічынь (17,5 мільёна рублёў). Актывіст апазіцыі быў вызвалены з-пад варты ў зале суда.

Здавалася б, чалавек выйшаў на волю пасля амаль двух з паловай месяцаў зняволення. Што яму яшчэ трэба? Дык не. Башура нават мае намер абскардзіць рашэнне суда Савецкага раёна Мінска! «Мы абмеркавалі з адвакатам сітуацыю і вырашылі падаваць касацыйную скаргу. Рэч нават не ў штрафе, а ў тым, што мая віна лічыцца судом даказанай», — сказаў Башура.

Вось ужо сапраўды чалавек захацеў казаць праўду да канца!

Не спяць і іншыя ўдзельнікі выбараў. Кампанія «За справядлівыя выбары», якую праводзяць больш за дзесяць дэмакратычных партый і аб’яднанняў, мае намер ахапіць 250 участкаў для галасавання кругласутачным назіраннем. Пра гэта паведаміў 19 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску адзін з каардынатараў кампаніі намеснік старшыні руху «За Свабоду» Віктар Карнеенка.

Паводле яго слоў, на кожны з такіх участкаў плануецца накіраваць па чатыры назіральнікі. «Гэтага дастаткова, каб зрабіць добры аналіз працэсу галасавання і падліку галасоў», — сказаў Карнеенка.

Вось, пэўна, Карнеенка і распавядзе Грыбаўскайтэ пра тое, якія ў Беларусі выбары.

Каментаваць