ТОП-10 краін для адпачынку беларусаў з дзецьмі

Радыё Свабода прапануе агляд лепшых месцаў для адпачынку сем'ям з дзецьмі не толькі ў Беларусі, але і па ўсёй Еўропе.



Фота www.nashkraj.by


Калі ты малады і свабодны, то можна лёгка пусьціцца ў падарожжа хоць вакол сьвету. А вось калі зьяўляюцца дзеці, многія на некалькі гадоў адмаўляюцца ад замежных паездак і нават недалёкіх вандровак. Аднак маладым бацькам пазбаўляць сябе новых уражаньняў зусім не абавязкова — варта толькі ўлічыць некаторыя чыньнікі пры выбары часу і месца для адпачынку.

Першым з чыньнікаў ёсьць узрост дзіцяці. Чамусьці яшчэ шмат хто перакананы, што дзіця павінна пасталець, перш чым накіравацца ў першае ў сваім жыцьці падарожжа. Аднак немаўляці добра там, дзе добра бацькам, пагатоў груднічкоў бароніць ад розных інфэкцыяў мамін імунітэт, таму да года можна езьдзіць паўсюль, абмінаючы хіба начныя клюбы і гарналыжныя курорты. З году да трох у дзіцяці актыўна ідзе працэс спазнаньня, зьяўляюцца ўласныя інтарэсы і капрызы, якія трэба ўлічваць: у такім узросце ідэальна падыдзе адпачынак на прыродзе з вывучэннем жывёлаў, расьлінаў, прыродных зьяваў, пляжны адпачынак з гульнямі ў вадзе і пяску, заапаркі, выставы тэхнікі і дыназаўраў, акеанарыюмы, інтэрактыўныя музэі. З трох да сямі, пакуль яшчэ дзеці не пайшлі ў школу, можна карыстацца прывілеем падарожнічаць ня толькі на вакацыях: і кошты ніжэйшыя, і людзей менш. А школьнікаў ужо можна браць і на актыўны адпачынак, і ў паломніцтва, і ў турыстычныя маршруты па вузкіх брукаваных вулках і горных сэрпантынах — у залежнасьці ад характару і захапленьняў дзіцяці.

Крытэрамі для выбару камфортнага адпачынку зь дзецьмі таксама могуць стаць нядоўгі пералёт/пераезд, нярэзкая зьмена клімату, гатэлі з аніматарамі і забавамі для дзяцей, разьвітая дзіцячая інфраструктура, некранутая прырода, чыстыя пясчаныя пляжы з пакатым уваходам у ваду, даступныя выбітнасьці, якія будуць цікавыя і дзецям і дарослым. Вызначальным крытэрам для пераважнай большасьці беларусаў зьяўляецца бюджэт паездкі.

Беларусь

 

Натуральна, на першае месца па большасьці крытэраў выходзіць Беларусь, бо такі адпачынак пройдзе бяз стратаў арганізму на акліматызацыю і вялікіх выдаткаў на пераезд.

У Беларускім Паазер’і паступова паляпшаецца ўзровень інфраструктуры, аграэкасядзібы прапануюць адпачынак на ўлоньні прыроды, а на пясчаных узьбярэжжах Браслаўскіх ці Блакітных азёраў можна збудаваць замкі ня горш, як на любым марскім пляжы. Славутасьці Полацка, Браслава, Мосара, паляваньне, рыбалка, паходы ў грыбы і ягады — на тыдзень-два хопіць заняткаў для ўсёй сям’і.

Літва

 

Балтыйскае мора можа стаць першай птушачкай на мапе замежных падарожжаў маленькага дзіцяці: плаўная зьмена клімату, кароткі пераезд — і вось ўжо ў пошуме соснаў чуваць марскі прыбой.

Інфраструктура Ніды і Палангі ідэальна пасуе для адпачынку зь дзецьмі: безбар’ернае асяродзьдзе для сем’яў з вазочкамі, роварныя дарожкі ўздоўж пляжу і пракат ровараў на любы густ, дзіцячыя пляцоўкі, прыбіральні з адкіднымі столікамі для спавіваньня і пераапрананьня немаўлят у кожнай установе — і пры гэтым адсутнасьць тлуму і мітусьні курортных гарадоў. Прагулкі па вузкіх вулках Вільні, пэйзажы Курскай пярэспы, порт Клайпэды і стары горад Коўна — прыемныя бонусы да вандроўкі на Балтыку. Адзіны мінус: непрадказальнае надвор’е можа азмрочыць уражаньні ад паездкі, бо прыехаць на мора і не купацца ў ім бывае досыць крыўдна.

Турэччына

Турэччына славіцца сваімі сямейна арыентаванымі гатэлямі зь дзіцячай анімацыяй, бэбі-клюбамі, басэйнамі, горкамі, атракцыёнамі і сыстэмай «ол-інклюзіў» зь дзіцячым сталом і прысмакамі для дарослых.

Маладыя бацькі ведаюць, як часам хочацца адпачыць ад усіх хатніх клопатаў са штодзённым гатаваньнем, праньнем, прыбіраньнем поруч з займаньнем і выхаваньнем дзяцей і проста папесьціць сваё цела ў промнях гарачага сонца ды хвалях салёнага мора. У Мармуровым моры ёсьць Прынцавы выспы, зь якіх да Стамбулу можна дабрацца паромам ці цягніком усяго за 45 хвілінаў і ўдала сумясьціць пляжны рэлякс з актыўным турызмам. Часта ў Турцыю можна паляцець зь Менску па «гарачых» цэнах ад турагенцый, што па кошце можа зраўняцца з самастойна сплянаваным адпачынкам. Але і тут ёсьць мінус: алергічнае сонца часта вомегам вылазіць ня толькі дзецям, але і дарослым.

Грэцыя

Для аматараў старажытнай культуры падарожжа ў Грэцыю стане сапраўдным адкрыцьцём, тут міты ажываюць, і дзіця не па кніжках даведаецца пра багоў Алімпу і 12 подзьвігаў Геракла.

Для адпачынку зь дзецьмі лепш абраць Халкідзікі на поўначы ці Пэлапанэс на поўдні мацерыка, а таксама выспы Родас, Корфу, Крыт. Тут процьма сямейных гатэляў са смачнай ежай і камфортам, таму цяпер, падчас крызісу, гэты кірунак стаў вельмі папулярны сярод сем’яў з малымі дзецьмі. Гістарычныя экскурсіі ў Грэцыі можна спалучаць з марскімі прагулкамі і ўвесь час атрымліваць асалоду ад сузіраньня даляглядаў.

Гішпанія

Гішпанскі візавы цэнтар шчодра штампуе беларусам мультышэнген на паўгады, таму адпачыўшы аднойчы, скажам, на Маёрцы, можна яшчэ ня раз вярнуцца і пабачыць Мадрыд, Барсэлёну, Тэнэрыфэ ці любую іншую пэрліну шэнген-зоны.

Для дзяцей ідэальна пасуюць залатыя пляжы Коста-Дарады на мацерыковай частцы Гішпаніі. Рэлякс на пляжы тут лёгка разбавіць паездкай у парк атракцыёнаў «Порт Авэнтура», дайвінгам, сэрфінгам, яхтынгам, скалалазаньнем, гольфам ды іншымі актыўнасьцямі. 

Чарнагорыя

Калі едзеш куды-небудзь зь дзецьмі, то ня варта спрабаваць ахапіць неахопнае, бо дзеці часта ўносяць карэктывы ў любыя пляны.

Таму паездка ў маленькую краіну — гэта добры выбар: узяўшы напракат машыну, можна аб’ехаць ваколіцы, наведаць асноўныя славутасьці і пабачыць, як жыве народ, а яшчэ застанецца час на пешыя, марскія, горныя прагулкі і скокі на хвалях. Зь дзецьмі лепш пасяліцца ў Бечычы, што непадалёк ад тлумнай і шматлюднай Будвы, да якой, калі засумуеце, можна дабрацца пешшу. Чарнагорыя — гэта цудоўны варыянт для сем’яў, якія едуць у адпачынак у жніўні: ва ўсіх курортных краінах пекла, а тут камфортная тэмпэратура вады і паветра.

Баўгарыя

Гэты традыцыйны кірунак адпачынку для беларусаў яшчэ з часоў СССР: чартар зь Менску, Чорнае мора, мяккі клімат, невысокія кошты — гэтыя чыньнікі часта схіляюць выбар на карысьць Баўгарыі.

Апрача шумных курортаў Несэбра і Сонечнага Берагу ёсьць яшчэ, напрыклад, Сьвяці-Улас, адбудаваны ў 2000-х. Выбіраючы жыльлё для адпачынку ў Баўгарыі, варта ўлічыць узгорысты рэльеф і сяліцца бліжэй да пляжу, інакш фітнэс з вазочкам па бясконцых сходах і пандусах гарантаваны. Нельга ігнараваць і важкі мінус: часта даводзіцца слухаць водгукі пра тое, як на курортах Баўгарыі дзетак і іх бацькоў падкошвае ратавірус — і тады некалькі дзён з адпачынку выкрэсьленыя.

Харватыя

Харватыя мае працяглую берагавую лінію, так што кожны можа знайсьці сабе пляж на ўласны густ, нездарма нават самі італьянцы часта адпачываюць менавіта ў Харватыі.

З маленькімі дзеткамі лепш пасяліцца ў Затоне, ціхім курорце паміж Задарам і Нінам. Варыянтаў разьмяшчэньня процьма: на віле сярод соснаў, у гатэлі з трохразовым харчаваньнем, у доме на колах ці нават у намёце. Калі ўзяць напракат машыну ці ровары, то можна агледзець ваколіцы з Плітвіцкімі азёрамі, выспамі і вадаспадамі, храмамі і музэямі. Але і тут выявіўся адзін мінус: сёлета скасаваныя чартарныя рэйсы ў Харватыю зь Менску, лоўкостары туды ня лётаюць, таму застаецца адзіны, нязручны і нятанны варыянт — ляцець зь перасадкамі.

Грузія

Апошнім часам Грузія стала вельмі пільна ставіцца да раскруткі ўласных турыстычных магчымасьцяў, і народ пацягнуўся.

Адметная культура, грузінская кухня, мора і горы — каб пабачыць усё гэта, можна пасяліцца, скажам, у Батумі і разбаўляць пляжныя забавы радыюснымі вылазкамі дзеля агляду ваколіц. А каб напраўду пазнаёміцца са звычаямі грузінаў, лепш спыняцца не ў гатэлі, а ў гаспадароў — вось тады напоўніцу адчуеш на сабе і знакамітую грузінскую гасьціннасьць, і пакаштуеш сапраўдныя нацыянальныя стравы.

Швэцыя

Падарожжа ў Швэцыю можа стаць для дзіцяці сапраўднай прыгодай: да Рыгі на машыне, а потым на караблі, па шляху вікінгаў.

На радзіме Карлсана і Піпі Доўгайпанчохі ёсьць музэй казак Астрыд Ліндгрэн, карабля Васа, які ўзнялі з марскога дна, Скансэн — першы ў сьвеце музэй пад адкрытым небам. Пасьля некалькіх дзён у Стакгольме можна пасяліцца ў маленькім дамку недзе на высьпе, выкупацца, магчыма, не давядзецца, але парыбаліце ўволю. Такое адчуваньне, што дзеці тут не падзяляюць жыцьцё бацькоў на да і пасьля іх нараджэньня: швэды паўсюль бяруць з сабой дзяцей, нават зь сябрамі папіць піва, і яны нідзе нікому не замінаюць. Ня шкодзіла б і нам прывезьці такое ўменьне з падарожжа ў Скандынавію ў якасьці сувэніра. Праўда, і тут не абышлося бязь мінусаў: гэта самая дарагая краіна зь пералічаных.

Каментаваць