Трагедыя па-беларуску

Вечарам «у выніку бойкі, якая адбылася паміж маладымі людзьмі 21 жніўня ў Мінску, адзін чалавек забіты і адзін паранены». Я ведаю гэтых хлопцаў, іх сем’і і абставіны трагедыі, якія абыходзяць у афіцыйных паведамленнях.

Цела забітага было знойдзена позна вечарам. Другі пацярпелы быў дастаўлены ў лякарню з нажавым раненнем жывата. Высветлілася, што гэтыя двое прыставалі да трэцяга хлопца, які спачатку спрабаваў ад іх уцячы, а затым аказаў актыўны супраціў.



Вечарам «у выніку бойкі, якая адбылася паміж маладымі людзьмі 21 жніўня ў Мінску, адзін чалавек забіты і адзін паранены». Я ведаю гэтых хлопцаў, іх сем’і і абставіны трагедыі, якія абыходзяць у афіцыйных паведамленнях.

Цела забітага было знойдзена позна вечарам. Другі пацярпелы быў дастаўлены ў лякарню з нажавым раненнем жывата. Высветлілася, што гэтыя двое прыставалі да трэцяга хлопца, які спачатку спрабаваў ад іх уцячы, а затым аказаў актыўны супраціў.

Малады чалавек затрыманы. На яго заведзена крымінальная справа па ч.1 арт. 139 КК Беларусі («Забойства»). Аднак у праваахоўных органах не выключаюць, што дзеянні хлопца могуць быць расцэненыя як неабходная абарона. Удакладняюцца акалічнасці здарэння.

Забіты Яўген Р., вучань 9-га класа школы №12, паранены — яго сябар, выпускнік гэтай жа школы Аляксандр К. Пацярпелыя маладыя людзі раслі ў неўладкаваных сем’ях у мінскім мікрараёне Кунцаўшчына. Час там нібы спыніўся. У Кунцаўшчыне і зараз хвацкія 1990-я. Баракі, старыя пяціпавярховікі, інтэрнат, павальнае п’янства, прастытуцыя, блатная рамантыка, прытоны — нязменныя атрыбуты гэтага месца.

Забіты быў на ўтрыманні ў бабулі, маці жыла там жа, але ўдзелу ў выхаванні сына не прымала, бо была пазбаўленая бацькоўскіх правоў і бязбожна піла. Дзяржава ахрысціла Ларысу Р. «абавязанай асобай» ды спрабавала прымусіць пакрываць выдаткі на выхаванне дзяцей. Яе нават працаўладкавалі прыбіральшчыцай у РУП «Прагрэс» і вазілі на працу на міліцэйскім «козліку». Але жанчына і з такімі абавязкамі не спраўлялася, тады дырэктар «Прагрэсу», дэпутат Мінгарсавета Мікіцкі дапамог ёй аформіць інваліднасць, адпаведную пенсію і звольніцца, а дзяржава стала атрымліваць кампенсацыю з уласных грошай.

Яўген быў непаспяховым вучнем і ў школу хадзіць не любіў. У такіх жа асацыяльных умовах жыў і яго сябар Аляксандр. Магу сказаць з упэўненасцю былога сацыяльнага педагога, кандыдата ў дэпутаты, што балатаваўся на гэтым участку і ведаў кожную сям’ю: такіх дзяцей там некалькі дзесяткаў!

Некаторыя мае былыя калегі гавораць, што хлопцам гэта — Божая кара. Справа вось у чым. У 2007 годзе Мінск узбударажыла рэзананснае здарэнне. Трое навучэнцаў адной з сярэдніх школ на будоўлі ў Кунцаўшчыне «згвалтавалі ў вычварнай аральнай форме» малалетняга вучня 5-га класа, запісалі свае дзеянні на камеру мабільнага тэлефона і распаўсюдзілі запіс з каментарамі ў інтэрнэце. Сярод гвалтаўнікоў былі Яўген і Аляксандр. Малалетні пацярпелы Ш. пазней матываваў сваю згоду на ўдзел у вычварэннях жаданнем пагуляцца з мабільным тэлефонам, а таксама тым, што «старэйшыя хлопцы» абяцалі яго пакарміць! Маці Ш., алкагалічка і мясцовая прастытутка, за атрыманыя ад бацькоў злачынцаў 300 тысяч рублёў пагадзілася не звяртацца ў міліцыю. Праваахоўныя органы самі завялі крымінальную справу па факце выяўленага відэазапісу. Маці (дарэчы, траіх дзяцей) была пазбаўленая бацькоўскіх правоў, пацярпелага Ш. і іншых дзяцей забралі з сям’і, а Яўген і Аляксандр пазбеглі крымінальнай адказнасці, бо не дасягнулі неабходнага для прыцягнення ўзросту.

У школу прыехала праверка, праверылі тэчкі выхаваўчай працы, пазбавілі прэміі дырэктара, а на ўскраіне беларускай сталіцы ў ХХІ стагоддзі па-ранейшаму галадалі дзеці! Нябожчык-мэр Паўлаў пабудаваў на гэтым выпадку тэзісы свайго дакладу аб праблемах адукацыі, гнеўна надзімаў шчокі, даваў прачуханцаў дырэктарам школаў і намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Георгій Козел.

Яўген і Аляксандр не сталі на шлях выпраўлення. Іх ніхто не карміў і ніхто не распавядаў пра «моцную і квітнеючую Беларусь». Ім хацелася выпіць, бо тады класна, тады ты круты. У той вечар яны, хутчэй за ўсё, ішлі «на справу», махнуўшы перад гэтым па шклянцы «бырла».

Колькі лёсаў ужо зламана і колькі трэба яшчэ зламаць, каб людзі ад улады звярнулі ўвагу на гэты няшчасны раён. Кунцаўшчына — не адна ў Беларусі. Яўген Р. не мог стаць годным чалавекам. Бо «быццё вызначае свядомасць». А «быццё» нябожчыка моцна адрознівалася ад таго, што паказваюць у рэпартажах па тэлебачанні.

Зараз школу № 12 чакае чарговая праверка, кагосьці пазбавяць прэміі, на кагосьці накрычаць, нехта зробіць сабе на трагедыі кар’ерны плюс, хтосьці заплача ад незаслужанай крыўды, а ў Кунцаўшчыне працягнецца жыццё з дэбошамі, мацюкамі і п’янкамі.

P.S. Выказваю спачуванні сваякам загінулага, усім пацярпелым у гэтай гісторыі, іх родным і блізкім.

Аляксандр Шпакоўскі

Каментаваць