Трагедыя ў жыцці

Самым вялікім скандалам на тыдні стаў смяротны прысуд, які быў прыведзены ў выкананне ў дачыненні да мінскіх «тэрарыстаў», — Канавалава і Кавалёва. Фактычна, выкананнем прысуду скончылася следства. З іншага боку, застаецца шмат пытанняў.

Смяротная кара абвінавачваных у тэрарызме Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава стала для Аляксандра Лукашэнкі «чарговай трагедыяй у жыцці». Пра гэта беларускі кіраўнік заявіў у эксклюзіўным інтэрв’ю тэлеканалу Russia Today.



Самым вялікім скандалам на тыдні стаў смяротны прысуд, які быў прыведзены ў выкананне ў дачыненні да мінскіх «тэрарыстаў», — Канавалава і Кавалёва. Фактычна, выкананнем прысуду скончылася следства. З іншага боку, застаецца шмат пытанняў.

Смяротная кара абвінавачваных у тэрарызме Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава стала для Аляксандра Лукашэнкі «чарговай трагедыяй у жыцці». Пра гэта беларускі кіраўнік заявіў у эксклюзіўным інтэрв’ю тэлеканалу Russia Today.

Інтэрв’ю было дадзена 20 сакавіка падчас візіт Лукашэнкі ў Маскву. «Больш за ўсё я суперажываў бацькам гэтых людзей, якім я дапамагчы не магу. Вось часта пытаюцца: «Што для вас самае цяжкае?» Я ўжо гаварыў неяк публічна, што для мяне самае цяжкае — падпісаць адпаведны ўказ аб непамілаванні. Памілаваў жа я за ўвесь перыяд знаходжання ва ўладзе, па-мойму, толькі аднаго чалавека», — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама сцвярджае, што Еўрасаюз ніколі не прасіў яго пачакаць з выкананнем смяротнага прысуду Канавалаву і Кавалёву. «Еўрасаюз ніколі не прасіў мяне пачакаць з пакараннем гэтых людзей. Еўрасаюз заўсёды ад нас патрабаваў адмяніць смяротную кару», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Захад не прапаноўваў яму ніякіх дыпламатычных саступак. «Мне гэта не прапаноўвалі. Потым, якія гэта будуць палітычныя саступкі? Але нават калі б мне прапанавалі, было б так, як сёння ёсць. Таму што гэта зусім несупастаўная праблема і пытанні. Палітычныя саступкі з боку Захаду патрабуюць палітычных крокаў насустрач Захаду. Гэта чыстая крымінальшчына, прытым вельмі катастрафічная крымінальшчына, даравання якой няма. Я думаю, так бы паступілі і ў Расіі, і ў іншых краінах. Таму няма чаго тут параўноўваць. І яшчэ раз падкрэсліваю: мне гэта і не прапаноўвалася», — сказаў Лукашэнка.

Выбачайце, Аляксандр Рыгоравіч. А пры чым тут Захад? Можа, трэба прыслухоўвацца да сваіх грамадзян? Да маці Кавалёва, якая накіравала на імя Лукашэнкі зварот з просьбай прыпыніць на год выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да сына. «Спадзяюся, што за гэты час зварот, які знаходзіцца на разглядзе Камітэта ААН па правах чалавека, будзе разгледжаны. Калі ласка, дайце магчымасць майму сыну дачакацца вынікаў разгляду звароту ў ААН. Прашу Вас, прыпыніце пакаранне на адзін год», — гаварылася ў лісце.

З іншага боку, калі Лукашэнка кажа, што «самае цяжкае — падпісаць адпаведны ўказ аб непамілаванні», то чаму б калі не памілаваць, а змяніць пакаранне? На пажыццёвае заключэнне, напрыклад. Калі ў яго ўжо так сэрца баліць?

Калі шчыра, то Захад таксама ў баку не застаўся. Перагледзець сваё рашэнне аб непамілаванні Кавалёва і Канавалава Лукашэнку таксама заклікалі еўрапейскія палітыкі і інстытуты, у тым ліку — парламент Еўрасаюза. Так, старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц, у прыватнасці, заявіў: «Я глыбока засмучаны звесткамі, што прэзідэнт Лукашэнка адмовіўся памілаваць Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава».

Менавіта кіраўнік дзяржавы прымае ўказы аб памілаванні, і менавіта ён, такім чынам, адказны за забойства людзей. Тымі сваімі подпісамі пра выкананне прысуду. Над паперамі аб выкананні прысуду і аб непамілаванні.

Гэта выклікала і абурэнне ў Расіі. Расія зацікаўлена ў тым, каб усе еўрапейскія краіны, у тым ліку Беларусь, далучыліся да мараторыя на смяротную кару, заявіў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў.

Каментуючы ў інтэрв’ю радыёстанцыі «Камерсант FM» смяротную кару абвінавачаных у тэрарызме Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, кіраўнік расійскага МЗС адзначыў: «Барацьба з тэрарызмам, канешне, павінна быць бязлітаснай. У той жа час наша стаўленне да смяротнай кары добра вядома — мы даўно абвясцілі мараторый на смяротную кару. Наконт гэтага ёсць спецыяльныя рашэнні, якія былі прыняты Канстытуцыйным судом, і гэтаму мараторыю расійскае кіраўніцтва прыхільнае. Мы ў прынцыпе былі б зацікаўлены ў тым, каб усе еўрапейскія краіны да такога мараторыя далучыліся».

Тым часам, афіцыйны сайт Савета Еўрасаюза паведамляе пра магчымасць узмацнення абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі.

У парадак дня пасяджэння Савета міністраў замежных спраў ЕС 23 сакавіка ў Брусэлі ўключаны тры пытанні: аб сітуацыі ў афрыканскім рэгіёне Сахель, аб сітуацыі ў Беларусі і аб сітуацыі ў Сірыі.

«Савет абмяркуе падзеі ў Беларусі і прыме заключэнне. На фоне далейшага пагаршэння сітуацыі ён можа таксама ўзмацніць абмежавальныя меры ЕС», — сказана ў тлумачальнай запісцы да парадку дня.

Як паведамлялася раней, на пасяджэнні 23 сакавіка могуць быць уведзены санкцыі супраць фізічных і юрыдычных асоб Беларусі, адказных за парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а таксама супраць тых, хто «падтрымлівае ці з’яўляецца бенефіцыярам рэжыму Лукашэнкі».

І добрая навіна. Улады Мінска санкцыянавалі правядзенне 25 сакавіка шэсця і мітынгу з нагоды Дня Волі. Пісьмовы дазвол гарвыканкама атрымаў 20 сакавіка адзін з заяўнікаў акцыі Віктар Івашкевіч.

Заяўка задаволена поўнасцю. «Дадзены дазвол на збор удзельнікаў акцыі 25 сакавіка ў 13.30 на пляцоўцы каля прэзідыума Акадэміі навук, затым дазволена шэсце па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе пройдзе мітынг, які таксама дазволены», — сказаў палітык.

Паводле слоў Івашкевіча, афіцыйны дазвол яму быў уручаны ў Мінгарвыканкаме. «Там прысутнічалі і кіраўнікі міліцыі. У нас дасягнута дамоўленасць аб тым, што не будзе ніякіх перашкод у выкарыстанні нацыянальнай сімволікі, бел-чырвона-белых сцягаў, іншай сімволікі і лозунгаў, якія адпавядаюць фармату мерапрыемства, — святкаванню гадавіны ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі», — расказаў заяўнік акцыі.
 

Каментаваць