Трэці паход БХД у Вярхоўны суд

      Вярхоўны суд 22 лютага трэці раз будзе разглядаць скаргу БХД на чарговую адмову ў рэгістрацыі партыі. Афіцыйна ўзаконіць сваё існаванне хрысціянскія дэмакраты намагаюцца ўжо на працягу двух гадоў.

     

      З 2009 года яны тройчы звярталіся ў Міністэрства юстыцыі па рэгістрацыю, але атрымоўвалі адмовы. І двойчы з аналагічным вынікам аспрэчвалі гэтыя рашэнні ў Вярхоўным судзе.



      Вярхоўны суд 22 лютага трэці раз будзе разглядаць скаргу БХД на чарговую адмову ў рэгістрацыі партыі. Афіцыйна ўзаконіць сваё існаванне хрысціянскія дэмакраты намагаюцца ўжо на працягу двух гадоў.

     

      З 2009 года яны тройчы звярталіся ў Міністэрства юстыцыі па рэгістрацыю, але атрымоўвалі адмовы. І двойчы з аналагічным вынікам аспрэчвалі гэтыя рашэнні ў Вярхоўным судзе.

      “Адмову ў рэгістрацыі мы лічым незаконнай і беспадстаўнай, — адзначыў Віталь Рымашэўскі, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

      Прэтэнзіі Мінюста, паводле яго словаў, штораз пераважна зводзяцца да вылучэння дэлегатаў на ўстаноўчы з’езд. У прыватнасці, сцвярджаецца, што некаторыя асобы не ўдзельнічалі ў сходах. Прадстаўнікі Мінюста спасылаюцца на тэлефонныя апытанні. Кажуць, напрыклад, што людзі памылкова тлумачылі, дзе было месца сходу, альбо колькі на ім прысутнічала чалавек.

      “І ніхто не можа пацвердзіць гэтыя тэлефанаванні, — паведаміў Віталь Рымашэўскі. — Таму што гэта ж справа “засакрэчаная. І яны не кажуць нам, да каго яны менавіта звярталіся. Аднак гэта проста несур’ёзна — на падставе тэлефоннага званка адмаўляць у рэгістрацыі партыі, і спасылацца на тое, што нехта некаму сказаў. І я сумняваюся, што насамрэч былі тыя адказы, якія ўтрымліваюцца ў справаздачы Міністэрства юстыцыі. Ну а зрэшты нам пакуль што не далі азнаёміцца да канца з матэрыяламі справы. Так што я не меў магчымасці бачыць, што ж там ёсць у паперах Міністэрства юстыцыі.

      Палітык прывёў яшчэ адну схему, якую ў Мінюсце выкарыстоўваюць для адмовы.

      “Напрыклад, несапраўдныя дадзеныя. На што яны спасылаюцца? Па законе трэба ўказваць месца жыхарства чалавека. А людзі бываюць не прапісаныя ў тым месцы, дзе яны жывуць. Асабліва, калі гэта Мінск і вялікія гарады. Калі мы ўказваем непасрэднае месца жыхарства чалавека, то яны тады бяруць даведку з аддзела па грамадзянству і міграцыі. А там кажуць, што чалавек зарэгістраваны па іншым адрасе. То бок мы няправільна падалі звесткі. Калі мы ўказваем месца рэгістрацыі, але чалавек даўно жыве ў іншым месцы, то апытваюць суседзяў праз участковага. І на падставе яго даведкі, што чалавека там няма, кажуць, што дадзеныя несапраўдныя.

       У рэгіёнах, як паведаміў сустаршыня БХД, людзей аб’язджаюць прадстаўнікі аблвыканкамаў. І запалохваюць, што ў іх будуць праблемы з-за таго, што яны “звязаліся з гэтай арганізацыяй. “На мінулым судзе былі нават людзі, якія засведчылі, што іх прымусілі паставіць подпіс пад заявай аб тым, што яны адмаўляюцца быць заснавальнікамі партыі. Але суд нават не прыняў да ўвагі сведчанні гэтых людзей, — адзначыў Віталь Рымашэўскі.

       Хрысціянскія дэмакраты, паводле яго словаў, не маюць ілюзій наконт таго, што Вярхоўны суд прыме рашэнне на іх карысць. І звяртаюцца туды для таго, каб паказаць, што адмова ў іх рэгістрацыі незаконная. І каб было ўсім відавочна, наколькі ў Беларусі незалежныя суды.

       На думку Віталя Рымашэўскага, улады не рэгіструюць партыю, бо “баяцца той патэнцыйнай падтрымкі, якую БХД можа атрымаць у беларускім грамадстве. “І гэта апраўданая асцярога, — лічыць ён. “Ну а па-другое, я думаю, што БХД — адна з нямногіх палітычных сілаў у Беларусі, на якую не маюць уплыў спецслужбы беларускія. І гэта, мяркую, таксама іх непакоіць, — сказаў палітык.

       Але, як лічыць ён, “пры нашых законах нават і зарэгістраваныя палітычныя партыі не вельмі шмат маюць магчымасцяў. “У гэтай краіне рэгістрацыя не дае абсалютнай гарантыі нармальнага існавання і свабоднай дзейнасці для палітычных партый, — сказаў Віталь Рымашэўскі.

       Ён запэўніў, што хрысціянскія дэмакраты будуць працягваць сваю дзейнасць. І шмат што можна рабіць як грамадзянскія і грамадскія ініцыятывы. “Кампаніі ў абарону права на свабоду сумлення і шэраг іншых кампаній мы рабілі менавіта як грамадскія ініцыятывы. Не дэкларуючы фармальна, што гэта аргкамітэт партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя. А так будзем працаваць надалей у якасці аргкамітэта, — зазначыў ён.

Каментаваць