Трэцяя спроба

У Курапатах з’явілася чарговая па ліку мемарыяльная шыльдачка, прысвечаная беларусам, якія ваявалі ў польскім войску, і былі расстраляныя ў часы сталінскіх рэпрэсій.



Як паведаміў ініцыятар ушанавання памяці беларусаў польскага войска на тэрыторыі Курапатаў гісторык Ігар Кузняцоў, ён зрабіў гэта на “свой страх і рызыку”. Бо, па-першае, усталяванне памятных знакаў зараз рэгламентуецца дзяржаўнымі органамі (але пакуль што шыльдаў гэта не датычыцца), а па-другое, з папярэднімі спробамі ўсталявання такіх знакаў адбываліся скандалы.

Супраць усталявання такіх помнікаў выступіла Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ. На іх думку, гэтыя помнікі не маюць нічога агульнага з гісторыяй, паколькі не даказана, што салдаты ці афіцэры Польскага войска былі расстраляныя ў Курапатах. Таму спробу паставіць, на іх думку, “левыя” помнікі яны расцанілі як абразу нацыянальнай памяці, самога Кузняцова ўзнагародзілі ганаровым званнем палкоўніка КДБ і заявілі, што ён у Курапатах — “персона нон-грата”.

Помнікі беларусам — ваярам Польскага войска зніклі, а Курапаты аказаліся ўцягнутыя ў спрэчку, хто ў іх галоўны. Паступова канфлікт заціх.

Дык ці былі расстраляныя ў Курапатах байцы Войска польскага, хоць і этнічныя беларусы? Ці гістарычна апраўдана ставіць ім там помнік? Ігар Кузняцоў лічыць адказам на абодва пытанні, што “хутчэй так, чым не”.

 Ігар Кузняцоў

Існаванне “Беларускага Катынскага спісу” — факт відавочны, нягледзячы на тое, што на ўсіх узроўнях беларускай улады ён адмаўляецца. Але ўжо даказана, і апублікаваныя архіўныя дакументы пра тое, што ў турмах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі па “польскай аперацыі” былі расстраляныя 7 305 чалавек. З іх 3 870 было расстраляныя ў турмах Заходняй Беларусі, гэта мінімальная лічба, якую мы ведаем і якая не абвяргаецца нікім, у тым ліку тымі апанентамі, якія абвяргаюць рэпрэсіі ўвогуле. І мала таго, мы ніколі не ўзгадваем пра тое, што нашы ўраджэнцы былі расстраляныя не толькі ў турмах Заходняй Беларусі, але і ў Медным, і ў Катыні, і ў Харкаве, Быкоўні, Мікалаеве, Херсоне. І тое, што на тэрыторыі Беларусі — Мінск, Ворша, Баранавічы, Брэст, Вілейка. Гэта мы ведаем, але не ведаем дакладнага месца пахаванняў. І дагэтуль памяць пра гэтых людзей не ўшанаваная ніякім чынам, — кажа Кузняцоў.

Таму і была прынятая першая спроба першая спроба ўсталяваць помнік афіцэрам Польскай арміі — ахвярам “Беларускага Катынскага спіса”. Але, як прызнаецца Кузняцоў, гэта выклікала такую шалёную рэакцыю з боку як уладаў, так і нейкіх прадстаўнікоў апазіцыйнай супольнасці, з якой дагэтуль сутыкацца не прыходзілася.

Дагэтуль нават не было спробаў знішчэння мемарыяльных знакаў. Іх спаганьвалі, іх ламалі, але каб яны знікалі ўвогуле — у маёй практыцы за столькі год гэта не было. Прычым, двойчы і з інтэрвалам у месяц.

Зараз на шыльдачцы напісана: “Памяці ўраджэнцаў Беларусі — вайскоўцаў польскай арміі, забітых НКУС 1939–1941 г”.

Чаму 1939-ы, калі “польская аперацыя” праводзілася ў 1940-м? Таму, што сёння ў нас ёсць падставы казаць пра тое, што падчас так званага “вызвольнага паходу Савецкай арміі” ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года першыя расстрэлы пачаліся з кастрычніка. Але тады яны не насілі масавага характару. Расстрэльвалі і шарагоўцаў, і афіцэраў, па артыкуле 68 Крымінальнага кодэкса БССР “антысавецкая агітацыя і прапаганда. А прысуды выносілі не толькі органы НКУС, але і асобыя аддзелы частак Чырвонай Арміі, якія ўдзельнічалі ў гэтым “вызвольным паходзе”, — тлумачыць Кузняцоў.

Таму сёння, ва ўмовах, калі ўлады адмаўляюць існаванне “Беларускага Катынскага спісу” а некаторыя падтрымліваюць такое адмаўленне, памятная шыльдачка ў Курапатах будзе цалкам дарэчы, лічыць Кузняцоў.

Можна знішчыць шыльду, можна нейтралізаваць Кузняцова. Але нельга знішчыць памяць. Нельга адмаўляць таго, што сёння, ужо праз амаль 70 год, з’яўляецца відавочным. Пройдзе 10–15 гадоў, і ўсё роўна мы да гэтага вернемся. І гэтую шыльду мы адкрываем у Агульнаеўрапейскі дзень памяці ахвяраў нацызму і сталінізму, — дадае Кузняцоў.

Шыльда выглядае проста, як надмагільная таблічка, прышпіленая да дрэва і абкружаная вянком. Больш нічога: сціпла і стыльна. Але наколькі доўга яна правісіць, улічваючы ідэалагічныя разыходжанні зусім розных апанентаў, то тут Кузняцоў з’яўляецца песімістам. Па ягоных словах, яна можа знікнуць і праз пару гадзін, і праз пару дзён.

За ўсталяваннем гэтай шыльды назіралі спадары Валер Буйвал і Сяргей Папкоў з КХП–БНФ. Але ў размове з імі склалася ўражанне, што зараз яны незадаволеныя не тым ШТО робіцца, але тым, ЯК гэта робіцца.

Як мы ставімся да ўсталявання гэтай шыльды, мы як КХП–БНФ, мы не можам сказаць, бо ўсё гэта, як Піліп з канапель. Гэта трэба абмеркаваць з нашымі сябрамі, мы ж не можам за ўсіх казаць. Мне асабіста ўсё гэта дзіўна. Я не разглядзеў яшчэ гэтую шыльду, але яны яе схавалі ў нейкую чашчу лясную, у нейкі цень… Гэта што за таямнічасць? Што за прыёмчыкі такія? Гэта што за тэатр  Станіслаўскага? — кажа Валер Буйвал.

Сяргей Папкоў падкрэсліў: у яго адчуванне, што “не беларусы пісалі гэтую шыльду”:

“Ураджэнцы”… Няма такога слова ў беларускай мове. Гэта напісалі рускія людзі, чужыя для Беларусі, яны не ведаюць нават мовы. Нават таблічку не маглі вывераць і правільна напісаць. І схавалі некуды ў цемру. Вельмі дзіўнае ўражанне.

— Хрысціянскаму чалавеку, беларусу, усё гэта не зразумела. Гэта не наш вобразны лад, не нашыя кампазіцыйныя традыцыі, культурныя… Усё гэта неяк экзатычна для нас, — дадаў Буйвал.

Што ж, калі справа толькі ў месцы размяшчэння гэтай таблічкі, альбо ў тым, ці з’яўляецца ўсталяванне шыльды адпаведным нашым традыцыям, то можна лічыць, што канфлікт вакол Курапатаў калі не вычарпаны, то сцішаны. Можа, наступным разам сапраўдны памятны знак і будзе ўсталяваны ў больш бачным месцы.

Каментаваць