Трэцясектарны беларус: выклікі і магчымасці для грамадзянскай супольнасці

Няўрадавыя арганізацыі Беларусі маюць намер выйсці з «падполля» і прапанаваць свае паслугі пасрэднікаў паміж дзяржавай і грамадствам.

Буйнейшы за апошні дзесятак гадоў форум няўрадавых арганізацый — VI Асамблея няўрадавых арганізацыяў і ініцыятыў — выявіў назапашаныя ў трэцім сектары праблемы ды акрэсліў жаданне прадстаўнікоў трэцяга сектара змяніць сваё становішча ў грамадстве.



Няўрадавыя арганізацыі Беларусі маюць намер выйсці з «падполля» і прапанаваць свае паслугі пасрэднікаў паміж дзяржавай і грамадствам.

Буйнейшы за апошні дзесятак гадоў форум няўрадавых арганізацый — VI Асамблея няўрадавых арганізацыяў і ініцыятыў — выявіў назапашаныя ў трэцім сектары праблемы ды акрэсліў жаданне прадстаўнікоў трэцяга сектара змяніць сваё становішча ў грамадстве.

Падчас адкрыцця Асамблеі старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч заявіў, што глабальных пераменаў у гэтай сферы не назіраецца ні ў сталіцы, ні ў рэгіёнах. «Можа, змянілася рыторыка ўладаў да больш памяркоўнай, але ў сваіх дзеяннях яны ўсё роўна кіруюцца тым заканадаўствам, якое ёсць, а яно ў вялікай ступені рэпрэсіўнае. І звышмэтамі — не дапусціць да легальнай дзейнасці апанентаў улады. З’явіліся, на жаль, новыя формы пераследу актывістаў. Мы хочам рэальных пераменаў, а не касметычных», — гэтыя словы фактычна сталіся лейтматывам форуму. Падчас шэрагу тэматычных «круглых сталоў», прэзентацый і дыскусій удзельнікі ўвесь час так ці інакш звярталіся да акрэсленай вышэй пазіцыі.

«Галоўная рыса сённяшняга дня: самаізаляцыя ўладаў адыходзіць на другі план. Назіраецца стратэгічная перамена адносінаў Еўрасаюза да Беларусі, якая ўключае тактыку авансаў. Магчыма, яны не заўсёды адпавядаюць рэчаіснасці», — заўважыла падчас абмеркавання ўзаемадачыненняў паміж трэцім сектарам, уладамі і міжнароднай супольнасцю старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна.

Упершыню за чатырнаццаць гадоў улада перахапіла ініцыятыву і пачала самастойна наладжваць дыялог. НДА аказаліся не гатовымі да такога павароту падзей. Замест выпрацоўкі кансалідацыйнай стратэгіі прадстаўнікі трэцяга сектара пачалі высвятляць адносіны наконт чысціні намераў, гучалі абвінавачванні ў калабарацыянізме. «Гэты дыялог праходзіць ва ўмовах адсутнасці свабоды слова, у час дзеяння рэпрэсіўных артыкулаў Крымінальнага кодэксу, — заўважае Літвіна. — Мы бачым агрэсіўнае стаўленне кіраўніка дзяржавы да спробаў наладзіць дыялог, гучаць выказванні пра «пасярэднікаў» і «вяканне». І гэта мяне ўпэўнівае, што дыялог патрэбны, на яго трэба ісці».

Шэраг візітаў еўрапейскіх палітыкаў высокага рангу ў Беларусь стаў знакам размарожвання адносінаў. Але ўжо шматкроць гучалі перасцярогі, што цяпер дыялог адбываецца без аглядкі на дэмакратычныя прынцыпы, што з’яўляецца трывожным знакам. Апазіцыя і трэці сектар як яе складнік выпадаюць з перамоўнага працэсу. У такой сітуацыі важная кансалідаваная, выразна сфармуляваная і агучаная пазіцыя адносна крытэраў, на якія мусяць арыентавацца еўрапейскія палітыкі. Актыўная пазіцыя апазіцыі (даруйце за прымітыўны каламбур) — такім бачаць выхад з ізаляцыі прадстаўнікі трэцяга сектара. «Чаму б нам не выкарыстоўваць такую форму як навязванне, ініцыяванне грамадскіх слуханняў па набалелых праблемах?» — задае рытарычнае пытанне старшыня БАЖ.

Падчас абмеркавання ўзаемадачыненяў улады і трэцяга сектара была агучаная тэза пра тое, што «дыялог — гэта ўнутрынацыянальнае паразуменне, міжнародны аспект ён мае у другую чаргу». «Высветлілася, што Брусель пагаджаецца на «азербайджанізацыю» Беларусі, — адзначае старшыня ГА «БНФ Адраджэнне» Вінцук Вячорка. — Унутры Беларусі ўлада сама выбірае, з кім ёй хочацца весці дыялог. Ёсць тры грамадскія рады, але не факт, што тое, што на іх адбываецца, можа быць данесена да вышэйшага вуха». Дэманстрацыя сілы з боку ўладаў сведчыць пра тое, што саступкі — знак добрай волі аднаго чалавека, які заявіў сваю пазіцыю, а зацікаўленая ў прасоўванні на Усход Еўропа яе прыняла. «Лукашэнка фактычна пазбавіўся ўсялякіх абавязкаў перад Еўропай, бо яна была задаволеная папярэднім мінімумам», — канстатуе Вінцук Вячорка.

Наш журналіст Вольга Хвоін (зправа) сярод дэлегатаў Асамблеі. Фота Ю.Дзядзінкіна

Стваральнікі Асамблеі падкрэсліваюць, што першапачатковым матывам да аб’яднання прадстаўнікоў НДА было прасоўванне агульнадэмакратычных каштоўнасцяў і неабходных для гэтага рэформаў. І калі палітыкі знаходзяцца ў кан’юнктурным рэчышчы, то грамадскасць у асобе няўрадавых арганізацый мусіць цвёрда трымацца акрэсленых раней прыярытэтаў і не гуляцца ў «лібералізацыю» па правілах цяперашняга кіраўніцтва Беларусі. Кожная грамадская арганізацыя мусіць выкарыстоўваць усе магчымасці для адстойвання сваіх інтарэсаў. Мясцовым НДА таксама надышоў час уключыцца ў агульнапалітычны і грамадскі кантэкст, выпрабаваць новую тэрміналогію ўладаў, узняўшы голас з канкрэтнымі праблемамі, рабіць спробы зарэгістравацца, прабіцца ў мясцовую дзяржаўную прэсу.

Але аказалася, што на месцах не ўсе гатовы да такога павароту. Прызнанні, што трэці сектар не гатовы да працы з насельніцтвам — таму пацверджанне. Калі ў сталіцы грамадска актыўныя людзі трымаюць руку на пульсе пераменаў і гатовыя рынуцца ў новыя варункі са сваімі ідэямі, то ў рэгіёнах пакуль узважваюць «за» і «супраць» працы ў новых умовах, чакаюць парады ад калег з Мінску.

«Першыя чаканні ад Асамблеі — лабіраванне інтарэсаў грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, у тым ліку і неасацыянаванай грамадзянскай супольнасці на ўсіх узроўнях. Рэгіёны чакаюць, што прапануе Асамблея, які будзе фармат працы ў новых умовах. Ёсць неразуменне таго, як жыць у новых працэсах, што пачынаюцца ў Мінску і могуць перайсці на рэгіёны. Я маю на ўвазе стварэнне шэрагу радаў, у якія запрасілі палітыкаў, экспертаў, прадстаўнікоў НДА. І мы, рэгіёны, чакаем, які фармат узаемадачыненняў абярэ Асамблея, бо ёсць некаторая разгубленасць», — гаворыць сябра працоўнай групы Асамблеі Уладзімір Радзівончык.

У Беларусі ёсць шэраг прыкладаў пазітыўнай і, што галоўнае, эфектыўнай працы НДА. Напрыклад, Таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры пад кіраўніцтвам Антося Астаповіча за апошнія два гады змагло звярнуць увагу, калі не ўсёй грамадскасці, то прынамсі найбольш актыўнай яе часткі на праблему захавання культурнай спадчыны Беларусі.

Тое ж можна сказаць і пра Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Старшыня гэтага грамадскага аб’яднання Алег Трусаў пакрокава год ад года дабіваецца вяртання роднай мовы ў штодзённы ўжытак беларусаў. Натуральна, у перыяд не лепшых эканамічных часоў насельніцтва куды больш цікавяць бытавыя, надзённыя праблемы.

Тут варта прывесці ў прыклад Асацыяцыю гарадоў Украіны, якая працуе 17 год. Асацыяцыя выкарыстоўвала ў працы з насельніцтвам дарадчыя камітэты, грамадскія слуханні, заангажаванне актыўных людзей. Поспехі на гэтай ніве вытлумачальныя — свая кашуля заўсёды бліжэй да цела, чаго не скажаш пра якую-небудзь разбураную старасвецкую сядзібу, якую большасць беларусаў можа і ў вочы ніколі не бачыла і чуць пра яе не чула. Універсальнай парадай да супрацы з уладамі можа стаць хіба такая: неабходна імкнуцца ўзаконіць нарматыўна-прававым чынам кожную ініцыятыву. Гэта дае інструменты патрабаваць ад афіцыйных структур выканання прапісаных абавязкаў.

Што тычыцца самой Асамблеі як асацыяцыі НДА, то цяпер, паводле слоў Сяргея Мацкевіча, змяніліся вонкавыя ўмовы і ёсць магчымасці павялічыць свой уплыў. Арганізацыі адчуваюць патрэбу ў структуры, якая б займалася прамоцыяй трэцяга сектару. «Гэтая Асамблея можа быць паваротнай, таму што пачаліся змены ў беларускім грамадстве, і мы адчуваем гэтыя магчымасці. Поле дзейнасці для трэцяга сектара патроху пашыраецца, але ад нас, яго ўдзельнікаў, залежыць, якую ролю мы будзем адыгрываць, ці станем актыўным чыннікам пераменаў, будзем уплываць на тое, што адбываецца, ці застанемся ўбаку. І будзем канстатаваць, што ўсё робіцца не так, як нам трэба. Сёння пазіцыя грамадска актыўных людзей становіцца ўсё больш і больш важнай», — падкрэслівае Мацкевіч.

Па выніках VI Асамблеі былі прынятыя рэзалюцыі, якія заклікаюць урад правесці рэальную лібералізацыю, нармалізаваць стасункі з грамадскім сектарам, скасаваць усе формы палітычных рэпрэсій і ўключыць грамадзянскую супольнасць у дыскусію пра мэтазгоднасць пабудовы АЭС у Беларусі.

P.S. У першы дзень правядзення форума былі пададзеныя дакументы ў Міністэрства юстыцыі на рэгістрацыю Асацыяцыі «Асамблея недзяржаўных дэмакратычных аб’яднанняў». Сярод заснавальнікаў асацыяцыі — Цэнтр «Супольнасць», Цэнтр па правах чалавека, Беларускі Хельсінскі камітэт. Асацыяцыю спрабуюць зарэгістраваць у другі раз. Папярэдняя спроба ў 2002 годзе скончылася няўдала. Мінюст ажно праз паўтара гады пасля падачы дакументаў адмовіў у рэгістрацыі. Паводле беларускага заканадаўства, рашэнне аб рэгістрацыі Асацыяцыі «Асамблея недзяржаўных дэмакратычных аб’яднанняў» Міністэрства юстыцыі павінна прыняць на працягу месяца, на гэты тэрмін усё яшчэ прыпадае тэставы перыяд на дэмакратызацыю для ўладаў Беларусі.

Каментаваць