Тры фактары Чарнобылю

Мы ўжо пісалі пра форум “Моладзь за бяспечны і справядлівы гуманны свет, які прайшоў напярэдадні 26-х угодкаў катастрофы на ЧАЭС. Натхняльнікам і галоўным арганізатарам мерапрыемства выступіла ГА “Дзецям Чарнобыля, якім ужо больш за дваццаць гадоў кіруе Генадзь Уладзіміравіч Грушавы. У размове з журналістам Генадзем Кеснерам прафесар Генадзь Грушавы распавёў пра тое, як нарадзілася ідэя падобных форумаў і што ёсць Чарнобыль сёння.

(На здымку: Генадзь і Ірына Грушавыя)



Мы ўжо пісалі пра форум “Моладзь за бяспечны і справядлівы гуманны свет, які прайшоў напярэдадні 26-х угодкаў катастрофы на ЧАЭС. Натхняльнікам і галоўным арганізатарам мерапрыемства выступіла ГА “Дзецям Чарнобыля, якім ужо больш за дваццаць гадоў кіруе Генадзь Уладзіміравіч Грушавы. У размове з журналістам Генадзем Кеснерам прафесар Генадзь Грушавы распавёў пра тое, як нарадзілася ідэя падобных форумаў і што ёсць Чарнобыль сёння.

(На здымку: Генадзь і Ірына Грушавыя)


— Ідэя правядзення такіх форумаў узнікла ў 1995 годзе. Тады ўжо шостым-сёмым заходам па лініі Беларускага дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобыля дзеці з чарнобыльскай зоны паехалі на аздараўленне за межы Беларусі. Але падраслі і дзеці, якіх па ўзроставых паказчыках не прымалі ў аздараўленчыя групы — ім было па 16–18 гадоў. І па-чалавечы было б вельмі шкада, калі б гэтыя дзеці зноў адчулі сябе пакінутымі. Гэта і сталася штуршком для таго, каб мы адкрылі моладзевыя праграмы.

Мы прапанавалі тры асноўныя задачы. Першая: вы хочаце, каб з вамі захоўвалі і падтрымлівалі ранейшыя кантакты? Тады вы мусіце стаць цікавымі для тых, да каго вы імкняцеся. Трэба зрабіць нешта такое, каб вы былі не проста ахвярамі Чарнобыля, але і цікавымі людзьмі. Па-другое, вы павінны прэзентаваць нашу краіну. Збірайце інфармацыю пра традыцыі, культуру, звычаі, абрады сваіх мястэчак, вёсак, маленькіх гарадоў. І трэцяе: далучайцеся да агульнага экалагічнага руху. Вывучайце, як Чарнобыль адбіўся на вашай тэрыторыі, да чаго ён прывёў з пункту гледжання сельскай гаспадаркі, здароўя людзей.

— Хто сёння найбольш актыўна ўдзельнічае ў гэтых праектах?


— Пры канцы 1990-х гадоў мы стварылі каля трыццаці моладзевых цэнтраў, галоўным чынам, у чарнобыльскай зоне, а таксама сярод груповак перасяленцаў. Але паступова, паколькі сама моладзь мігруе — заканчвае школу, а потым накіроўваецца атрымліваць адукацыю ў той жа Мінск, потым працаваць у Магілёў, то нашы рамкі пачалі пашырацца, і сёння рэгіянальнае прадстаўніцтва складае каля 60% тых, хто запрашаецца на гэтыя форумы, і каля 40% — гэта студэнты, прадстаўнікі моладзевых арганізацыяў. Гэта актыўныя людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія ўжо валодаюць даволі высокім узроўнем арыентацыі ў свеце.

Я думаю, уся грамадзянская супольнасць зацікаўленая ў тым, каб моладзь уключалася ў такія праграмы, таму што праз іх фармуецца і грамадзянская арыентацыя, і арыентацыя па каштоўнасцях і арыентацыя па палітычнаму выбару.

— Нагадайце, хто спрычыніўся да арганізацыі гэтых моладзевых форумаў?


— Гэта ГА “Дзецям Чарнобыля (сённяшняя афіцыйная назва), але для ўдзельнікаў форумаў і нашых партнёраў мы застаёмся Беларускім дабрачынным фондам “Дзецям Чарнобыля. Гэта Моладзевы сацыяльны цэнтр “Майстэрня будучыні, які складаецца з удзельнікаў самых першых нашых форумаў, што ўжо самі сталіся цудоўнымі арганізатарамі і ў стане самастойна правесці любое мерапрыемства на самым высокім узроўні. І, безумоўна, гэта нашы замежныя партнёры, якія бачаць у такой працы нешта вельмі важнае для Еўропы, для збліжэння нашых народаў, для таго, каб у Беларусі фармавалася правільнае ўяўленне пра тое, якімі каштоўнасцямі жыве Еўропа, якія каштоўнасці гістарычна былі характэрныя і для нас. У нас каля сарака арганізацый-партнёраў з Германіі, Бельгіі, Швейцарыі, Канады, Нарвегіі, Польшчы.

— Мы адзначылі 26-я ўгодкі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Як сёння ўспрымаецца Чарнобыль?


— Чарнобыль сёння факусуецца ў трох фундаментальных, ключавых паняццях, праблемах і феноменах. Па-першае, гэта сімвал невычэрпнай пагрозы атамнай энергетыкі ў свеце. Чарнобыль быў, ёсць і будзе заставацца такім сімвалам. Таксама, як сёння гэтым сімвалам сталася і Фукусіма. Усе казалі: нейтральная, мірная энергетыка. Рэальна атрымалася, што тады пацярпелі сотні тысяч чалавек, цяпер зноў сотні тысяч. І гэта першы сімвал Чарнобыля. Другі сімвал — гэта здрада ўлады. Чарнобыль высвеціў тое, што звычайна ў іншых сістэмах не высвечваецца, — ён высвеціў, што ўлада ў такіх сітуацыях здраджвае людзям, якія паступова робяцца ахвярамі такога кшталту катастрофаў. Для нас тое насамрэч была глабальная катастрофа. І гэта здрада канчаткова закляйміла ўладу ў вачах людзей, кінутых у 1986 годзе, людзей, якім хлусілі, якім не дапамагалі, якіх змусілі знаходзіцца там. Так што другі сімвал Чарнобыля — гэта здрада ўлады, здрада дзяржаўнай сістэмы. І трэці сімвал — гэта сімвал грамадзянскага руху, які знайшоў у сабе сілы, каб узняцца, каб самому, нягледзячы на велізарнае супраціўленне, сфармавацца і, мала таго, не проста пераўтварыцца ў форму пратэсту, але ў форму рэальнай, канкрэтнай, шматграннай дзейнасці — гуманітарнай, медыцынскай, працы з перасяленцамі, ліквідатарамі і гэтак далей. Мы зрабілі столькі, колькі дзяржава ніколі не рабіла. Вось гэта сімвал кансалідацыі грамадзянскай супольнасці. Вось у гэтых трох сімвалах увесь наш Чарнобыль.

Што адбываецца сёння? Сёння адбываецца вяртанне да першага. Будуецца атамная станцыя. Гэта паўтарэнне, гэта зноў тая страшная пагроза, якая была ўсім засведчана Чарнобылем, але сёння схаваная. Так што вяртаецца татальная пагроза. Другое — гэта здрада, таму што сёння ўлада, як і тады, хлусіць, яна, як і тады, здраджвае свайму народу, яна падстаўляе яго пад новы патэнцыйны ўдар, разумеючы, што ніколі не можа ні абараніць яго, ні дапамагчы. Гэты досвед мы ўжо маем. І трэцяе. Усё паказвае, што грамадзянская супольнасць ва ўмовах дыктатуры ўзняцца не можа. Грамадзянская супольнасць павінна была б праводзіць гэты Чарнобыльскі шлях на Астравецкай пляцоўцы, менавіта там трэба было б збіраць тысячы, дзясяткі тысяч людзей. Але дыктатура настолькі моцна раздавіла людзей, што зараз грамадзянская супольнасць не мае ўнутранай сілы, не мае той энергіі, якія б магла стрэліць ужо сёння. Здарыцца катастрофа, убачаць зноў тысячы і тысячы ахвяраў, убачаць страх у вачах сваіх дзяцей — тады ўзнімуцца. Вось гэта для нас Чарнобыль, і пра гэта трэба казаць, згадваючы, што адбылося ў 1986 годзе.
 

Каментаваць