Тры гады апошняму “дзекабрысту”

Суд Маскоўскага раёна Мінска 12 кастрычніка прыгаварыў удзельніка падзей 19 снежня 2010 года ў беларускай сталіцы Святаслава Барановіча да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Такое рашэнне ў сераду прыняла суддзя Алена Рудніцкая.

Суд Маскоўскага раёна Мінска 12 кастрычніка прыгаварыў удзельніка падзей 19 снежня 2010 года ў беларускай сталіцы Святаслава Барановіча да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Такое рашэнне ў сераду прыняла суддзя Алена Рудніцкая.

25-гадовы Святаслаў Барановіч працуе будаўніком у Мінску, сам ён паходзіць з Вілейкі. Маладому чалавеку, якога абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках, пагражала да васьмі гадоў пазбаўлення волі. У судовым працэсе прымалі ўдзел тыя ж самыя супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія праходзілі ў якасці пацярпелых падчас шматлікіх судовых працэсаў па падзеях 19 снежня на пачатку бягучага года. Як і на тых судовых пасяджэннях, “пацярпелыя спецназаўцы не пазналі Барановіча як асобу, што наносіла ім фізічны ўрон ці чыніла пагром Дома ўраду.

Як адзначыў у сваім выступе адвакат Барановіча, удзел яго падабароннага ў падзеях на плошчы Незалежнасці ў Мінску не адпавядае артыкулу Крымінальнага кодэкса аб масавых беспарадках. Пракурор пагадзіўся толькі з тым довадам, што ўдзел абвінавачанага ў падзеях 19 снежня 2010 года быў сапраўды малы. Таму вырак быў не самы жорсткі — тры гады “хатняй хіміі. З Святаслава Барановіча ўзялі падпіску аб нявыездзе.

Палітолаг Валеры Карбалевіч лічыць, што вынясенне чарговага абвінаваўчага прысуду па падзеях на “Плошчы сведчыць пра чарговыя палітычныя замаразкі ў Беларусі. “Гэта пацвярджае і гэты прысуд, і ўзмацненне прэсінгу ў дачыненні да тых палітвязняў, якія і сёння сядзяць у вязніцах, і ўзмацненне канфлікту з Еўрапейскім саюзам. Беларускія ўлады вырашылі прадэманстраваць Еўрасаюзу, які не пажадаў пайсці на нейкія саступкі кіраўніцтву Беларусі, што калі той не хоча па-добраму, то афіцыйны Мінск можа дзейнічаць і па-кепскаму. Такія дзеянні ўладаў ёсць канстатацыяй такога трэнду ў паводзінах кіраўніцтва нашай краіны, — адзначыў эксперт.

Цяпер, згодна з дзеючым заканадаўствам, Святаслаў Барановіч мусіць стаць на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі, ён павінен паведамляць інспекцыі, калі будзе ўладкоўвацца на новую працу ці месца вучобы. Барановіч не мае права мяняць месца жыхарства, пакідаць межы населенага пункта без дазволу адпаведных службаў. Ад 19.00 да 6.00 малады чалавек павінен знаходзіцца дома.
 

Каментаваць