Trial-версія «Усходняга партнёрства»

Цягам года ад пачатку праграмы «Усходняе партнёрства» Беларусь праявіла сябе як актыўны яе ўдзельнік. Аднак зразумела, што для супрацоўніцтва не дастаткова толькі жаданняў афіцыйнага Мінска і апазіцыі. Беларуска-еўрапейскім адносінам усё яшчэ бракуе палітычнай волі да выканання грунтоўных патрабаванняў ЕС у сферы паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, а таксама ўмення ісці на кампраміс.



Цягам года ад пачатку праграмы «Усходняе партнёрства» Беларусь праявіла сябе як актыўны яе ўдзельнік. Аднак зразумела, што для супрацоўніцтва не дастаткова толькі жаданняў афіцыйнага Мінска і апазіцыі. Беларуска-еўрапейскім адносінам усё яшчэ бракуе палітычнай волі да выканання грунтоўных патрабаванняў ЕС у сферы паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, а таксама ўмення ісці на кампраміс.

Так, у лютым на нявызначаны тэрмін было адменена пасяджэнне парламенцкай асамблеі праграмы «Усходняе партнёрства» (Еўранэст) з-за супярэчнасцяў па складзе беларускай дэлегацыі. Бакі не змаглі дамовіцца адносна таго, хто будзе прадстаўляць нашу краіну ў Еўранэсце: афіцыйны Мінск не пагадзіўся на прадстаўніцтва апазіцыі, а Брусель — на тое, каб беларуская дэлегацыя складалася выключна з дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Еўранэст як структура насамрэч не будзе мець вялікай палітычнай вагі, аднак у адносінах паміж Беларуссю і ЕС паказвае гатоўнасць нашай краіны да кампрамісу і дыялогу. Нагадаю, што АБСЕ мела прэтэнзіі да выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, якія адбыліся ўвосень 2008-га.

Не так даўно з’явіўся новы маяк у моры непаразуменняў з ЕС. Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (хаця гэта і не мае наўпроставага дачынення да праграмы «Усходняе партнёрства», але ж завязана на агульнае збліжэнне з ЕС) прыняла рэзалюцыю, якая прадугледжвае прыпыненне кантактаў з Беларуссю на высокім узроўні. Генеральны сакратар СЕ Турб’ерн Ягланд заявіў, што Савет Еўропы не бачыць магчымасцяў для развіцця дыялогу з Беларуссю.

«Мы атрымалі паразу, калі ў Беларусі нядаўна былі прыве­дзеныя ў выкананне дзве смяротныя кары. Як вы ведаеце, ні адна краіна не можа быць сябрам Савета Еўропы, калі ў ёй адбываюцца смяротныя пакаранні», — падкрэсліў Ягланд. Палітык зазначыў, што аддае сабе справаздачу ў тым, што ў Беларусі няма дэмакратычнага працэсу, пры якім людзі маглі б памяняць дзеючы рэжым, «але Савет Еўропы не можа ўмешвацца ва ўнутраныя справы асобных краін, асабліва ў справы краін, якія не з’яўляюцца яе сябрамі».

Варта прыгадаць, што праграма «Усходняе партнёрства» з’яўляецца працягам Еўрапейскай палітыкі суседства, якая мае на мэце ўмацаванне адносін з краінамі — суседзямі ЕС і супрацоўніцтва па стварэнні зоны бяспекі і дабрабыту праз пакрокавую стратэгію. Пасля з польска-шведскай ініцыятывы ў дадатак да Еўрапейскай палітыкі суседства паўстала «Усходняе партнёрства» — праграма для шасці постсавецкіх краін — суседзяў ЕС (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны). У сакавіку 2009 года лідэры 27 краін ЕС прынялі рашэнне наконт паўнапраўнага ўключэння ў праграму Беларусі.

Пасля майскага саміту праграмы «Усходняе партнёрства» ў мінулым годзе афіцыйны Мінск актыўна падаваў на разгляд у Еўракамісію розныя праекты, каб атрымаць фінансаванне на іх рэалізацыю. Трэці сектар удзельнічаў у працы Форума грама­дзянскай супольнасці, першым паседжанні Каардынацыйнага камітэта форума, і прадстаўнікі беларускіх НДА нават змаглі ўвайсці ў кіраўніцтва гэтай структуры. Аднак поспехі афіцыйнага і апазіцыйнага беларускага боку дагэтуль застаюцца адасобленымі, хаця праграма афіцыйна дзейнічае амаль год, унутранай камунікацыі паміж яе беларускімі ўдзельнікамі з розных ідэйных лагераў няма.

Для ўладаў Беларусі «Усходняе партнёрства» найперш цікавае сваім эканамічным складнікам, праектамі ў галіне транзіту, транспарту, энергетыкі. Але, як заяўляў Часовы павераны ў справах Еўрасаюза ў Мінску Жан-Эрык Хольцапфель, «Усходняе партнёрства» — гэта, па-першае, дэмакратыя і стабільнасць». З-за заходняй мяжы Мінску перыядычна адпраўляцца на гэты конт «сігналы» з чаканнем зваротных пазітыўных крокаў.

Да слова, цяпер падчас вышэйшых сустрэч фактычна не вя­дзецца размова наконт выканання ранейшых дванаццаці патрабаванняў ЕС па дэмакратызацыі Беларусі, а спіс быў скарочаны да пяці пунктаў — рэформа выбарчага заканадаўства, забеспячэнне свабоды аб’яднанняў, стварэнне ўмоў для дзейнасці няўрадавых арганізацый, свабода прэсы, зняцце абмежаванняў для свабоды асобы. Але і іх Мінск не выконвае ў поўным аб’ёме. Напрыклад, шырокі розгалас меў сёлетні канфлікт з незарэгістраваным Саюзам палякаў у Беларусі.

Пасля вынясення Вярхоўным судом рашэння па справе Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі, а таксама Міхаіла Казлова прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі распаўсюдзіла заяву, у якой выказваецца «заклапочанасць паказаннямі сведак пра тое, што іх сведчанні былі атрыманыя пад фізічным і псіхалагічным ціскам», і «гэты працэс можа разглядацца ў якасці палітычна матываванага».

Атрымліваецца, што праз колькі гадоў пасля пачатку праграмы зрухі ў дыялогу маюць збольшага ідэйны змест, то бок цяпер Беларус не ўспрымаецца як цалкам ізаляваная ад Еўропы дзяржава. Але і само «Усходняе партнёрства» ў дачыненнях з нашай краінай паўстае ў рэжыме не паўнавартаснай, а навучальнай trial-версіі.

Каментаваць