Трыванне на «Граніце» трэснула

На прадпрыемстве РУВП «Граніт» разгарэліся баі паміж кіраўніцтвам і рабочымі. Супрацоўнікі патрабуюць даць ім магчымасць стварыць незалежны прафсаюз, у адваротным выпадку пагражаюць зладзіць на буйным прадпрыемстве страйк. Свае намеры гарнякі могуць рэалізаваць меншы чым на працягу месяца.



Гранітны сімвал супраціву

На прадпрыемстве РУВП «Граніт» разгарэліся баі паміж кіраўніцтвам і рабочымі. Супрацоўнікі патрабуюць даць ім магчымасць стварыць незалежны прафсаюз, у адваротным выпадку пагражаюць зладзіць на буйным прадпрыемстве страйк. Свае намеры гарнякі могуць рэалізаваць меншы чым на працягу месяца.



Гранітны сімвал супраціву


Яшчэ ў снежні 2011 года з прафсаюзнай арганізацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі выйшлі каля 600 чалавек, з 3,2 тысячы працоўных РУВП «Граніт» больш за 200 чалавек выказалі жаданне стварыць сваю незалежную прафсаюзную арганізацыю. 24 снежня яны звярнуліся з заявай у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, у якім прасілі прыняць іх незалежны прафсаюз у склад БКДП. Рабочыя звярнуліся да адміністрацыі прадпрыемства «Граніт» з просьбай дапамагчы з памяшканнем пад юрыдычную адрасу, што неабходная для рэгістрацыі арганізацыі згодна з дзеючым заканадаўствам. У адказ кіраўніцтва прадпрыемства і мясцовыя ўлады распачалі шэраг дзеянняў, накіраваных на недапушчэнне стварэння на дзяржпрадпрыемстве незалежнага прафсаюза. На «Граніт» прыяжджаў кіраўнік Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар і заявіў, што ніякага незалежнага прафсаюза на РУВП «Граніт» не будзе. На сябраў незалежнага прафсаюза аказваецца моцны ціск.


У прыватнасці быў звольнены кіраўнік незалежнага прафсаюзу на РУВП «Граніт» у Мікашэвічах Алег Стахаевіч. У дачыненні да Стахаевіча сфабрыкавалі справу аб адміністрацыйным правапарушэнні — нібыта ён на сваім аўтатранспарце не прапусціў бабульку праз пешаходны пераход. Прафсаюзнаму лідэру інкрымінуецца стварэнне аварыйнай сітуацыі, правы забралі і аўтаматычна рабочы згубіў працу, бо быў кіроўцам «Белаза». Цікава, што асоба пацярпелай дагэтуль не названая. Таксама былі звольненыя жонкі двух прафсаюзных актывістаў.


«Мы цудоўна разумеем, што гэта той выклік, на які ўлада не магла інакш адрэагаваць, бо калі раптам з «турмы» збягаюць 600 сядзельцаў на свабоду і ствараюць сваю ўласную супольнасць гэта сігнал і астатнім вязням Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая ёсць часткаю таталітарнай сістэмы. Іншых дзеянняў і не магло быць, — каментуе сітуацыю на «Граніце» старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МКП), член Адміністрацыйнага савета Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) Аляксандр Ярашук. — «Граніт» – гэта сімвал супраціву. Мы пройдзем увесь шлях законных магчымасцяў узнавіць на працы Алега Стахаевіча і прымусціь улады зарэгістраваць суполку незалежнага прафсаюзу. Выкарыстаем і ўнутраныя, і знешнія сродкі, я маю на ўвазе падтрымку з боку міжнароднага прафсаюзнага руху».

Пачалося з хамскіх адносінаў адміністрацыі

Сітуацыя на «Граніце» цяпер напружаная — Стахаевіч зволеньны незаконна. Ён скончыў Маскоўскі горны інстытут, на РУВП «Граніт» хапае вакансій для яго спецыяльнасці, але працаўладкавацца на прадпрыемстве кіраўніцтва не дае. Рабочыя (28 чалавек) напісалі ліст да кіраўніцтва «Граніта» з патрабаваннем спыніць дыскрымінацыю незалежнага прафсаюзу, аднавіць на працы Алега Стахаевіча і даць незалежнаму прафсаюзу памяшканне на прадпрыемстве. Калі гэта не будзе зроблена, то рабочыя абяцаюць зладзіць страйк.


Алег Стахаевіч дэманструе бадзёры настрой і запэўнівае, што «усё будзе добра». Ён распавядае, што людзей, якія падпісалі гэты ліст, выклікаюць да начальства, ціснуць і патрабуюць адмовіцца ад свайго подпісу. Алегу вядома, што цяпер прынамсі два чалавекі напісалі: «падышлі незнаёмыя людзі і папрасілі паставіць подпіс», «загітавалі падпісацца пад лістом». «Але гэта хлусня! Ніхто нікога не прымушаў, не агітаваў, таемна нічога не рабілася – ліст зачыталі і падпісалі адкрыта», — падкрэслівае прафсаюзны лідэр.


Па словах Стахаевіча, ужо складзенае дапаўненне да таго ліста, людзі далучаюцца да гэтых патрабаваннняў. Але кіраўніцтва «Граніта» пускае дэзінфармацыю, што людзі падпісваюцца пад супрацьзаконнай забастоўкай. «Людзі ставілі подпісы пад патрабаваннямі, а не пад забастоўкай!», — удаклядняе Алег.


Можа падацца дзіўным: гадамі рабочым было добра, а тут раптам у іх з’явіліся прэтэнзіі. Але гэты бунт на караблі не парыў аднаго моманту. «Нікога ніколі не задавальняла праца, усё накоплівалася гадамі пакрысе. Проста вылілася ў цэху аўтатранспартнага парка, дзе разам збіраюцца кіроўцы Белазаў. Тое, што ўсе былі незадаволеныя – 100 %. Я адказваю за сваю брыгаду з 50 чалавек. Яны самі прыйшлі з просьбаю дапамагчы. Пытаўся, ці пойдуць да канца, абяцалі – што толькі так. А цяпер некаторыя саскокваюць.. – распавядае малады абаронца правоў рабочых. — Найперш ёсць праблема хамскіх адносінаў адміністрацыі, а з гэтага выцякае і малы заробак. На момант, як гэта ўсё заварылася, м’о некалькі чалавек з двухсот атрымлівалі пяць мільёнаў заробку – за стаж, класнасць, брыгадзірства, прэмію. У асноўным кіроўцы на той момант зараблялі тры мільёны беларускіх рублёў, у той час як дзяжурны зваршчык 3,5 мільёны рублёў».

Deadline — месяц
Алег Стахаевіч запэўнівае, што ўсе работнікі «Граніту» гатовыя дамагацца выканання сваіх патрабаванняў, але пра магчымыя хады расказваць адмаўляецца: «Я не буду сцвярджаць, што мы гэта зробім, але што можам зрабіць – факт. Што канкрэтна будзем рабіць хай застанецца сакрэтам для астатніх».


«У такіх сітуацыях і праяўляецца якасць арганізацыі, грамадства, калі мы павінны ўсімі даступнымі сродкамі адстойваць правы людзей. Беларускае грамадства мусіць ганарыцца такімі людзьмі — яны выратавалі нашу рэпутацыю тым, што абвесцілі, што калі іх патрабаванні не будуць задволеныя, то будзе арганізаваны страйк. Тэрмін правядзення страйку не вызначалі, але гэта не значыць, што няма крытычнай рысы. Мы кансультуем рабочых, кажам, што трэба быць рашучымі, фактар часу не тое, што нам спрыяе. Усё мусіць ажыццяўляцца хутка», — гаворыць Аляксандр Ярашук. Па яго словах, страйк можа быць зладжаны цягам месяца.


Ярашук паведаміў, што пра падзеі на «Граніце» праінфармаваная міжнародная прафсаюзная супольнасць, Міжнародная арганізацыя працы. Прэзідэнт Канфедэрацыі працы Расіі (КПР) Барыс Краўчанка, сябра прэзідэнцкай рады правах чалавека заявіў аб тым, што як не будзе вырашанае пытанне, то КПР абвесціць байкот беларукіх тавараў.


«Сітуацыя пільна адсочваецца. Мы не маем намеру адступаць ад «Граніту». Я не бачу інашага выйсця апроч як прымусіць улады выконваць законы дзяржавы і ратыфікаваныя міжнародныя пагадненні», — падкрэслівае старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Даведка: Рэспубліканскае унітарнае вытворчае прадпрыемства «Граніт» — найбуйнейшае ў Еўропе прадпрыемства па здабычы і перапрацоўцы граніту на друз і пясок для будаўнічых работ, месціцца пад Мікашэвічамі Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці.
Прамысловая пляцоўка прадпрыемства звязаная транспартнымі камунікацыямі з чыгуначным вузлом Сітніца (магістраль Брэст - Бранск), аўтамагістраллю Брэст - Гомель, суднаходным каналам з ракой Прыпяць, што дазваляе дастаўляць гатовую прадукцыю чыгуначным, аўтамабільным і рачным транспартам.
РУВП «Граніт» — гэта тэхналагічны комплекс па вытворчасці друзу з агульнай магутнасцю 7,6 млн м3 друзу у год.
 

Каментаваць