Тры месяцы арышту за напад на апазіцыянера

Пацярпелы быў супраць пазбаўлення волі хулігана, але суд вырашыў інакш.

Юрась Губарэвіч і Аляксандр Русевіч каля будынку суда


10 ліпеня на перадвыбарчы пікет Юрася Губарэвіча напалі некалькі чалавек. Спачатку абражалі, пасля пусцілі ў ход кулакі. У выніку актывіст Руху «За Свабоду» Аляксандр Русевіч атрымаў тры ўдары: два кулаком у галаву і адзін нагой у тулава. Нарад міліцыі, які актывісты выклікалі на месца здарэння, у хуткім часе знайшоў нападнікаў.

Зрабіць гэта было не так складана — хлопцы былі п’яныя. Завадатара бойкі Аляксандра Свірыда змясцілі пад варту на два дні, а пасля адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе — да суду. Абвінавацілі нападніка ў хуліганстве паводле часткі 1 артыкула 339 КК («Хуліганства»).




«Я яго ўдарыў і сышоў. Мой стан? Нармальны…»

Галоўны нападнік апынуўся маладым хлопцам 1989 года нараджэння, які працуе на аўтамыйні. Раней ужо некалькі разоў прыцягваўся да адказнасці па крымінальных артыкулах, упершыню сеў у 17 гадоў. Меў праблемы з алкаголем, лячыўся ў ЛТП. Жыве з маці ды сястрой.

У судзе Свірыд распавёў, што папярэдне са знаёмым яны выпілі дзве бутэлькі гарэлкі, а калі знаёмы зноў пайшоў у краму, вырашыў падысці да пікетоўцаў.


Завадатар бойкі Аляксандр Свірыд 


«Кажу, чым вам Лукашэнка не падабаецца? — тлумачыў Свірыд. — Агітатар пачаў грубіць, я зрабіў заўвагу. Я яго ўдарыў і сышоў. Мой стан? Нармальны, не хістаўся. П’яны, але не вельмі».

Русевіч распавёў, што хлопец, які падышоў у той дзень да пікету, меў моцны пах алкаголю ды неахайны выгляд. Калі пачалася бойка, падаспелі мінакі, каб адцягнуць нападніка. Пасля хлопец сышоў разам са знаёмым яшчэ да прыезду міліцыі: давялося шукаць па дварах, дзе тыя працягвалі выпіваць.



 

«Караць трэба жорстка. Інакш усё паўторыцца зноў»

Пацярпелы не прасіў пазбаўлення волі для хулігана, адно штраф — кампенсацыю маральнай шкоды. Затое памочнік пракурор запрасіла акрамя штрафу тры месяцы пазбаўлення волі. Такой жа пазіцыі трымаўся і прысутны на судзе старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч:

«У іншым разе падобныя інцыдэнты паўторацца, бо патэнцыйныя нападнікі атрымаюць «зялёнае святло». Маўляў, апазіцыя па-за законам, яе можна абражаць, збіваць і так далей. Караць трэба жорстка».



 

«Тры месяцы турмы яго ахалодзяць, але ці зменяць?..»

У выніку суд пакараў нападніка трыма месяцамі арышту ды штрафам памерам 300 рублёў — як і прасіла абвінавачанне. Да адмысловага выкліку нападнік застанецца на свабодзе — пад падпіскай. Ён мае яшчэ месяц, каб абскардзіць вырак.


Аляксандр Русевіч


«Такі вырак я лічу справядлівым, хоць і не прасіў пра арышт, — зазначыў пацярпелы Русевіч. — Магчыма, тры месяцы турмы трохі ахалодзяць пыл нападніка. Але ці зменяць чалавека кардынальна? Наўрад ці».

Пасля агалошвання выраку Свірыд падышоў да Русевіча… каб паціснуць руку. Паколькі пад варту яго не ўзялі адразу пасля суду, хлопец сышоў разам з братам, несучы сумкі з рэчамі, падрыхтаванымі для турмы.




Каментаваць