Тут будзе як?

Нарэшце беларуская перадвыбарчая кампанія ў мясцовыя саветы ўступіла ў цікавую фазу. Першы інфармацыйны пікет з мэтаю збора подпісаў правяла каля Камароўскага рынку ў Мінску кампанія «Гавары праўду!». Паколькі на вуліцы было каля мінус 15 градусаў, пікет быў прызначаны як «прэзентацыйны».



Нягледзячы на сцюжу, на пляцоўцы каля Камароўкі актіыісты «ГП!» былі не ў адзіноце. Значна раней за іх прыйшлі сябры грамадскага аб’яднання «Белая Русь» — таксама з мэтаю збору подпісаў за сваіх «кандыдатаў у кандыдаты». Чатыры невялікія групкі пад сцягамі Мінска і «Белай Русі» спрабавалі збіраць подпісы. Нельга казаць, што ў іх гэта актыўна атрымлівалася.

«Гавары праўду!» пайшла іншым шляхам. Як паведаміў «НЧ» каардынатар кампаніі Андрэй Дзмітрыеў, арганізатары мерапрыемства адразу разумелі, што ў такі мароз за асадку трымацца мала хто будзе. Таму пікет — гэта прэзентацыя 17 кандыдатаў кампаніі, якія будуць балатавацца ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў.

Але не толькі гэта адроснівала пікет «ГП!» ад пікетаў «Белай Русі». «Гаварыпраўдоўцы» пайшлі іншым шляхам: яны не прапаноўвалі людзям сваіх кандыдатаў. Яны вырашылі запытацца ў людзей, што іх хвалюе, і якім павінен быць Мінск. І ўжо зыходзячы ад пажаданняў людзей будаваць абяцанкі будуцых кандыдатаў, і глядзець, якія праблемы трэба вырашыць гораду.

Дзеля гэтага былі падрыхтаваныя нейкія «заманухі» — фотакалажы з тым, якім можа быць Мінск у выпадку «ўшчыльняючай забудовы». А таксама доскі з крэйдамі, дзе кожны мог пакінуць запіс сваіх пажаданняў і праблемаў, якія патрабуюць вырашэння.

«Паколькі наш пікет прысвечаны выбарамі ў Мінгарсавет, то нашая ідэя — гэта «Зручны горад», то бок горад, які будзе пабудаваны людзьмі для людзей», — адзначыў Дзмітрыеў. І каб гэта было «для людзей», таму і збіраліся пажаданні мінчан па далейшым развіцці ўсяго горада.

Шмат казалася пра тое, што ў мясцовых дэпутатаў не хапае паўнамоцтваў, што яны ні на што не ўплываюць, а рэальныя рашэнні прымае выканаўчая ўлада ў выглядзе Мінгарвыканкама. Дзмітрыеў жа лічыць, што ўплыў дэпутатаў на жыццё сталіцы залежыць ад саміх дэпутатаў. «Гарсавет — гэта не мэбля, гэта людзі. Калі б на месцы той гаргары, што будуецца каля цырку, усталі 15 дэпутатаў і заявілі, што адтуль не сыдуць, пакуль рашэнне аб забудове не будзе перагледжанае, то я ўпэўнены, што была б дыскусія па праблеме забудовы гістарычнага цэнтра сталіцы. А калі яны лічаць сябе добраахвотнымі памагатымі службы сацзабеспячэння, каб дайсці да бабулі альбо дзядулі, то вынікаў, канешне, не будзе», — мяркуе Дзмітрыеў.

Пасля актыўных запрашэнняў «ГП!» абмеркаваць праблемы Мінска, і без таго нешматлікія наведвальнікі пікетаў «Белай Русі» плаўна перацяклі на пікет «Гавары праўду!». Некаторыя нават сапраўды ставілі подпісы ў падтрымку кандыдатаў у кандыдаты ў дэпутаты.

 Да пікету «Гавары праўду!» была яўная цікавасць

Яшчэ больш весела справа пайшла, калі на пікет падцягнулася «цяжкая артылерыя» ў выглядзе лідара кампаніі Уладзіміра Някляева, які ледзьве не наладзіў мітынг з мінакамі.

«Мы не ўдзельнічаем у выбарах, — тлумачыў усім Някляеў. — У гэтай краіне выбараў няма і пры гэтай уладзе не будзе. Мы ўдзельнічаем у змаганні за выбары, за тое, каб гэтай улады ў Беларусі не стала, і да народа вярнуўся выбар. Гэтая тактыка няправільная? Але рэйтынг «Гавары праўду!», падкрэсліваю, грамадзянскай кампаніі, якую проста ўпіхнулі ў апазіцыю, хоць павольна, паступова, але расце. Гэта значыць, што мы паціху заваёўваем давер людзей».

«Да мяне падышоў мужчына, і запытаўся, чаму я, сур’ёзны чалавек, удзельнічаю ў такой драбязе, як кампанія мясцовых выбараў. У палітыцы няма драбязы. Драбязка да драбязкі — і складаецца нешта вялікае. І яшчэ тры чалавекі стаялі — ізноў з пытаннем пра адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах. Ці буду я адзіным кандыдатам. Не хачу я быць кандыдатам ад апазіцыі! Ні адзіным, ні двуадзіным, ні трыадзіным! Я хачу быць кандыдатам ад вас — ад большасці, ад людзей, якія вырашаюць будучыню краіны. І ёсць праблемы больш важныя за палітычныя тусоўкі апазіцыі — гэта наша будучыня і нашае жыццё», — заявіў Някляеў.

І пасля гэтага — пайшла размова.

Уладзімір Някляеў тлумачыць выбаршчыку, навошта трэба ўдзельнічаць у кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў

Людзі закідвалі Андрэя Дзмітрыева пытаннямі па далейшым развіцці горада

Але, канешне, усё не магло абысціся без «простых грамадзянаў» і прадстаўнікоў удалы. Канешне ж, з’явіўся «просты грамадзянін» (я не ёрнічаю, ён нікому не назваў свайго імя і прозвішча, на ўсе спробы даведацца, як яго называць, ён так і казаў — «просты грамадзянін»), які сцвярджаў, што на адным са стэндаў — з пытаннямі «Народнага рэферэндуму» абвешчаны збор подпісаў за «Народны рэферэндум». А раз ён там абвешчаны, то подпісы збіраюцца. А таму пікет «Гавары праўду!» падлягае закрыццю. Бо на пікеце можна збіраць подпісы толькі за вылучэнне кандыдата ў дэпутаты, і больш ні за што.

Пікетоўцы ж сцвярджалі, што на стэндзе няма закліку ставіць подпісы менавіта «за Гародны рэферэндум». Акрамя таго, такіх подпісаў ніхто і не збірае.

Той самы «спрэчны» стэнд, да якога прычапіўся «просты грамадзянін»

І, канешне ж, «просты грамадзянін» ніколі не ходзіць адзін (выбачайце за каламбур). З сабою ён прыцягнуў прадстаўніка выбарчай камісіі Савецкага раёна Мінска. Той таксама спрабаваў пераканаць, што пікет незаконны, бо на ім збіраюцца подпісы за рэферэндум.

Лепш бы ён увогуле не прыходзіў — лепш было б яму. Тыя людзі, якія раней спрачаліся з актывістамі «ГП!», даведаўшыся, хто ён такі, уляпілі яму маральных аплявухаў, што аж пер’е ляцела. «Чаму вы знаходзіцеся тут, а не працуе ў сябе ў камісіі? Вам што, рабіць там няма чаго? Ідзіце на сваё працоўнае месца!» — крычалі адны. «Дзе празрыстыя скрыні для галасавання? Чаму мы не бачым, куды кідаем бюлетэні?» — перакрыквалі другія.

Ад разгубленасці, — інакш патлумачыць не магу, прадстаўнік выбарчай камісіі заявіў, што стэнды з партрэтамі кандыдатаў у кандыдаты і іхнімі тэзамі магчымых выбарчых праграм ёсць заўчаснай агітацыяй, што з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Народ гэта раз’юшыла яшчэ больш: «Я што, не магу ведаць, хто можа быць кандыдатам? Я што, павінен ставіць подпіс усляпую? Тут я хоць пазнаёмлюся, хто ёсць хто, і абяру свайго кандыдата, за якога падпішуся!». Ну, і гэтак далей.

 Так званая «незаконная» агітацыя за яшчэ не вылучаных кандыдатаў у дэпутаты

Пабачыўшы такую п’янку, «просты грамадзянін» ціха зліняў, пакінуўшы свайго калегу на закланне народу. Адышлі ад прадстаўніка камісіі і «гаварыпраўдоўцы» — дапамагаць яны яму не збіраліся.

Пікет «Гавары праўду!» пакінулі ў спакоі. Праўда, прадстаўнік камісіі сказаў аднаму з арганізатараў пікета, Сяргею Вазняку, каб прыбралі «заўчасную агітацыю», інакш ён складзе акт аб парушэнні заканадаўства. На што Вазняк заўважыў: пікеты «Белай Русі» у гэтым сэнсе абсалютна аналагічныя і з’явіліся першымі. Таму яны і павінны згарнуцца першымі. А пакуль будзе стаяць «Белая Русь», будзе стаяць і «Гавары праўду!».

Каментаваць