Тыдзень Устойлівага Развіцця

У Беларусі адбываецца Тыдзень Устойлівага Развіцця, які мае за мэту зрабіць унёсак у далейшае аб’яднанне ўдзельнікаў праекта і ўзмацненне руху за ўстойлівае развіццё Рэспублікі Беларусь. Сёлета аргкамітэт тыдня атрымаў больш за 150 заявак і выбраў 140 удзельнікаў.



Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Йаханэса Раў (ІВВ), Праграма падтрымкі Федэральнага ўраду Германіі, Праграма развіцця ААН у Беларусі, Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў нашай краіне, Навукова-даследчы эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі Беларусі ды іншыя айчынныя ды замежныя структуры. Удзел у “Тыдні” бяруць прадстаўнікі Беларусі, Германіі, Польшчы ды Швецыі.
 
 
Паводле арганізатараў, сёлятняе мерапыремства назваць “тыднем” можна толькі ўмоўна, бо яно доўжыцца ад 24 красавіка да 25 мая, то бок цэлы месяц. Завяршаецца ён Міжнароднай навукова-практычнай канцерэнцыяй “Кіраванне і ўдзел у працэсах устойлівага развіцця”.
 
 
Мэтаю імпрэзы ёсць навукова-практычнае абагульненне айчыннага і замежнага досведа кіравання працэсамі ўстойлівага развіцця на самых розных узроўнях (ад мясцовага да рэспубліканскага), распрацоўка канкрэтных прапановаў па павышэнні яго эфектыўнасці і пашырэнне ўдзелу грамадскасці ў яго працэсах.
 
 
Спектр пытанняў, якія прадстаўлены ў рамках Тыдня, вельмі шырокі. Дарэчы, план прадугледжваў каля 140 розных мерапрыемстваў. Гэта і семінары для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі па экалагічным земляробстве, акцыі па ачышэнні рэк, абмеркаванне абласных стратэгіяў устойлівага развіцця і гэтак далей.
 
 
Па словах кіраўніка Асацыяцыі “Мясцовая павестка-ХХІ” федэральнай зямлі Паўночны-Рэйн Вестфалія доктара Клаўса Ройтара, такія мерапрыемствы вельмі важныя не тольлі для краінаў, якія выбіраюцца з крызіса, але і для заможных краінаў Старога Свету. Ён лічыць, што праграма ўстойлівага развіцця важная ў тым ліку і для Германіі. “Але трэба ўзяць да ўвагі, што праекты праграмы ўстойлівага развіцця  —  нехуткацечныя. Яны вымагаюць цярпення і карпатлівай працы працяглы час, таму трэба набрацца вытрымкі і працаваць”,    адзначыў доктар Ройтар.
 
 
Выступоўцы звярталі ўвагу, что ператварэнні ў грамадствах павінны пачынацца знізу, а дзяржава мусіць скарачаць свой уплыў на працэсы. Гэта тычыцца і развіцця бізнэса, адзначыў каардынатар праектаў Праграмы развіцця ААН Ігар Севярын.
 
 
22 мая ўдзельнікі канферэнцыі будуць абмяркоўваць “зялёныя тэхналогіі” у эканоміцы, мадэрнізацыю і ўстойлівае спажыванне, бізнэс на прынцыпах устойлівага развіцця і сацыяльнае прадпрымальніцтва, адукацыю для ўстойлівага развіцця.
 
 
Таксама адбудуцца майстар-класы, напрыклад, на тэмы: “Як працаваць са СМІ па тэме ўстойлівага развіцця”, “Экалогія як інструмент працы з сельскай моладдзю”, “Як развіваць прадпрымальніцкую актыўнасць жанчын у сельскай мясцовасці” і іншыя. У гэты ж дзень увечары адбудзецца закрыццё канферэнцыі.

Каментаваць