У Андрэя Бандарэнкі пагаршаецца сітуацыя

Чарговы ліст прыйшоў ад вязня сумлення Андрэя Бандарэнкі. Ён піша, што ў апошні час кантроль за яго паводзінамі ўзмацніўся. Кожны дзень да яго прад’яўляюцца ўсё новыя прэтэнзіі з боку турэмных наглядальнікаў: ці ён не так сядзіць у камеры, ці ім не бачны ягоны твар.


Фота svaboda.org


Бандарэнка адзначае, што пачалася нейкая істэрыя з нагоды яго спробаў займацца фізкультурай. Свае практыкаванні ён робіць у працоўныя перапынкі, за кошт часу, адведзенага на прагулкі, і ў перыяд, калі астатнія зняволеныя глядзяць тэлепраграмы (яму глядзець тэлевізар не дазваляецца з-за прымененага «строгага рэжыму»). Тым не менш, заняткі фізкультурай спыняюцца на падставе «не паложана». Дарэчы, мыцца ў камеры ў іншы час, акрамя асабістага часу, таксама не дазваляецца. І гэта было ў трыццаціградусную спякоту, калі камера больш нагадвае саўну.

З улікам гэтых прыкметаў залішняй строгасці, вязень магілёўскай турмы мяркуе, што «сітуацыя працягвае планамерна пагаршацца». Можна выказаць версію, чаму. Да заканчэння тэрміну засталося крыху больш за паўгода (да 31 сакавіка 2017 года). Зацікаўленыя асобы, мабыць, задумаліся над далейшым лёсам праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі. У якасці варыянту свабодзе застаецца сумнавядомы артыкул 411 КК («Злоснае непадпарадкавання патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Для яго прымянення трэба «арганізаваць» яшчэ некалькі спагнанняў, і тады новы «тэрмін» патэнцыйна магчымы. Вядома, хацелася б такі варыянт выключыць.

У той жа час 16 жніўня адбылося пасяджэнне Форуму «Свабоду палітвязням!». У ім узялі ўдзел вядомыя палітыкі, праваабаронцы, грамадскія актывісты, журналісты, у тым ліку Павел Севярынец, Аляксей Янукевіч, Аляксандр Дабравольскі, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Алег Волчак, Раіса Міхайлоўская, Валеры Шчукін, Мікалай Дрозд, Вольга Нікалайчык, Ганна Шапуцька і іншыя. На пасяджэнне з Кіраўскага раёна прыехаў бацька Андрэя Бандарэнкі — Валерый Рыгоравіч. Падчас выступу ён пачаў расказваць пра суровым побыт свайго сына і... заплакаў ад перажыванняў.

У рэзалюцыі, прынятай удзельнікамі Форуму «Свабоду палітвязням!», змешчаны шэраг патрабаванняў: у прыватнасці, спыніць палітычны пераслед, гвалт і штрафы, а таксама рэабілітаваць усіх палітвязняў. Грунтуючыся на інфармацыі ўдзельнікаў, на Форуме быў вызначаны прыкладны спіс новых палітвязняў у Беларусі. У ім — 16 прозвішчаў, у тым ліку Андрэй Бандарэнка, Эдуард Пальчыс, Уладзімір Кондрусь.



Каментаваць