У Беларусі нізкая ступень расслаення грамадства — ПРААН

Для Беларусі характэрная нізкая ступень расслаення грамадства, але пры гэтым высокая падатковая нагрузка. Такія дадзеныя прыводзяцца ў новай справаздачы ПРААН, прысвечанай узроўню няроўнасці ва Усходняй Еўропе, Турцыі і Цэнтральнай Азіі.


У якасці індыкатара, па якім у справаздачы ранжыраваны краіны, спецыялісты ПРААН выкарысталі каэфіцыент Джыні — паказчык, які адлюстроўвае ступень дыферэнцыяцыі грашовых даходаў насельніцтва. Гэты каэфіцыент прыведзены ў дыяпазоне ад 0% да 100% — чым большае значэнне паказчыка, тым вышэйшай лічыцца ступень няроўнасці.

Паводле ацэнак ПРААН, у Беларусі адзін з самых нізкіх узроўняў расслаення грамадства ў рэгіёне (у даследаванні разглядаліся краіны Усходняй Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Турцыя). Так, калі ў Арменіі каэфіцыент Джыні складае 37%, у Грузіі — 41%, у Кыргызстане — 43%, то ў Беларусі — 28%.

У той жа час па ўзроўні падатковай нагрузкі Беларусь апярэджвае іншыя краіны Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Для параўнання краін аўтары справаздачы выкарысталі дадзеныя Сусветнага банка, згодна з якімі падаткі прадпрыемстваў на працоўную сілу ў дачыненні да прыбытку ў Беларусі складаюць 39%. Вышэйшы узровень падатковай нагрузкі ў рэгіёне толькі ва Украіне — 43%, тады як сярэдні сусветны паказчык складае 16%.

Эксперты адзначаюць, што высокі ўзровень падатковай нагрузкі на эканоміку з'яўляецца фіскальным механізмам, які дазваляе дзяржаве адносна раўнамерна пераразмяркоўваць фінансавыя рэсурсы.

Эканамісты таксама нагадваюць, што забеспячэнне сацыяльнай роўнасці з'яўлялася адным з асноўных атрыбутаў беларускай эканамічнай мадэлі ў апошнія дзесяцігоддзі.

"Высокі ўзровень сацыяльнай роўнасці ў апошнія дзесяцігоддзі ўдалося захаваць за кошт правядзення эканамічнай і сацыяльнай палітыкі, якая грунтавалася на забеспячэнні максімальна магчымай занятасці і "ўраўнілаўкі" многіх у памеры зарплаты", — пракаментавала БелаПАН дадзеныя справаздачы ПРААН вядучы даследчык Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Аднак сёння эканамічная сітуацыя ў краіне мяняецца, і гэта будзе мець сацыяльныя наступствы, дадала эксперт. "Рэсурсныя магчымасці дзяржавы для падтрымкі неэфектыўных прадпрыемстваў, для захавання непрадуктыўных працоўных месцаў абмежаваныя. З іншага боку, у прыватным сектары, там, дзе прадпрыемствы эфектыўныя, зарплаты работнікаў будуць расці. Таму ступень няроўнасці насельніцтва, хутчэй за ўсё, будзе павялічвацца", — мяркуе Барнукова.

На яе думку, росту сацыяльнай няроўнасці баяцца не варта. "Калі няроўнасць расце, але пры гэтым для ўсіх захоўваецца доступ да адукацыі, аховы здароўя, ствараюцца ўмовы для прафесійнай самарэалізацыі людзей, то нічога дрэннага ў такім развіцці падзей няма, і вопыт развітых краін гэта даказвае", — адзначыла Барнукова.

Паводле дадзеных BEROC, у перыяд з 2006 па 2015 год каэфіцыент Джыні ў цэлым па Беларусі не змяніўся, аднак змянілася сітуацыя на ўзроўні рэгіёнаў. Напрыклад, у Мінску і Віцебскай вобласці паказчык, які адлюстроўвае ступень няроўнасці, істотна вырас.

"Мінск і Віцебская вобласць — два зусім розныя рэгіёны. У сталіцы ўзровень даходаў у параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны істотна вышэйшы. У той жа час раёны, якія знаходзяцца на тэрыторыі Віцебскай вобласці, у шэрагу выпадкаў адносяцца да дэпрэсіўных. Адпаведна, узровень даходаў жыхароў гэтых раёнаў у параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны знізіўся", — адзначыў у каментары БелаПАН навуковы супрацоўнік BEROC Алег Мазоль.

Узровень аплаты працы ў рэгіёнах, дадаў ён, прама карэлюе з інвестыцыйнай актыўнасцю прадпрыемстваў, дынамікай прамысловай, сельскагаспадарчай вытворчасці і гандлю. "Ад таго, як будзе складвацца сітуацыя па гэтых кірунках, залежыць узровень развіцця нашых рэгіёнаў", — рэзюмаваў эксперт.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць