Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

У Беларусі правядуць вучэнні па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі

Камандна-штабное вучэнне па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі пройдзе ў Беларусі 18-19 кастрычніка. У ім прымуць удзел органы кіравання і сілы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацый надзвычайных сітуацый, перадае БЕЛТА са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка МНС Віталя Навіцкага.


Паводле яго словаў, дзяржавы, якія ўводзяць у эксплуатацыю буйныя аб’екты ядзернай энергетыкі, павінны правесці серыю вучэнняў па рэагаванні на магчымыя інцыдэнты. Існуюць адпаведныя міжнародныя рэкамендацыі. Мэта такіх вучэнняў — праверка гатоўнасці сістэмы аператыўнага рэагавання, якая важная і для распрацоўкі аварыйных планаў дзеянняў па-за межамі прамысловай пляцоўкі АЭС.

Для атамных электрастанцыяў існуюць паняцці праектных і пазапраектных аварый. Для Беларускай АЭС прадугледжваецца, што ў выпадку аварыі выхад радыеактыўных рэчываў па-за межы пляцоўкі не адбудзецца. Тым не менш краіна павінна быць гатовай да дзеянняў у выпадку пазапраектнай аварыі з выкідам небяспечных рэчываў.

Падчас вучэнняў будуць адпрацаваныя многія дзеянні па ліквідацыі наступстваў аварыяў, у тым ліку эвакуацыя жыхароў. Каб не ствараць нязручнасцяў для насельніцтва, такія дзеянні будуць адпрацоўваць з прыцягненнем статыстаў. Напярэдадні вучэнняў пра іх адрасна праінфармуюць жыхароў суседніх з Астравецкай АЭС вёсак.

Паводле «Еўрарадыё»

Каментаваць