У Гродна набіраюць першыя беларускія класы. Пакуль не хапае вучняў

Гродзенцы маюць магчымасць падаць заявы для сваіх дзяцей, якія ідуць у першы клас, для навучання па-беларуску.



Цяпер колькасць заяваў у першы беларускі клас у СШ №32 — пяць чалавек, а у СШ №34 — адна заява.

Таварыства Беларускай мовы заклікае бацькоў праявіць патрыятызм і аддаць сваіх дзетак на беларускае навучанне. Заявы за навучанне па-беларуску бацькі могуць падаваць яшчэ два месяцы.

Намеснік старшыні абласной Рады ТБМ Алесь Крой кажа:

— У нас у горадзе пражывае больш за 350 тысяч жыхароў. 120 тысяч з якіх, падчас апошняга перапісу насельніцтва 2009 года, сказалі, што для іх беларуская мова родная. Таксама 23 тысячы гарадзенцаў, па перапісу 2009 года, размаўляюць у Гародні штодня па-беларуску. Гэта вялікія лічбы. На жаль, лічба, якая паказвае, колькі дзяцей вучыцца ў беларускіх класах, не адпавядае папярэднім лічбам.

Агулам у Гародні цяпер навучаецца па-беларуску ўсяго шэсць дзясяткаў дзяцей. Абласная арганізацыя Таварыства Беларускай мовы шукае моладзь, якая ўключылася б у працу арганізацыі, бо працы шмат — работнікаў бракуе.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць