У Гродне адкрыўся каталіцкі дом для маці, якія знаходзяцца ў цяжкіх жыццёвых абставінах

Гэта першая падобная ўстанова ў Гродне.


У  Гродне адкрыўся першы ў Беларусі дом для маці, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах. Яго ўладкаваннем займаліся сёстры з Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта.

Пад дом быў прыстасаваны стары кляштар сясцёр, які пасля грунтоўнага рамонту быў адпаведна абсталяваны.

У доме ёсць жылыя пакоі, кухня, пральня, кабінет псіхолага і інш. Дом разлічаны на восем жанчын і іх дзяцей.

Новая ініцыятыва Каталіцкага Касцёла на Гродзеншчыне скіравана перш за ўсё на карысць адзінокіх маці з дзецьмі і цяжарных жанчын, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Ахвяраваная ім дапамога ўключае, акрамя пражывання ў гэтым доме, таксама псіхалагічную дапамогу і духоўную апеку.

Мэта заснавання «Дома для мамы — Назарэт» — дапамога жанчынам, якія не могуць справіцца з асабістымі праблемамі, а таксама абарона зачатага жыцця праз псіхалагічную дапамогу, апеку над маці да і пасля нараджэння дзіцяці.

Урачыстае адкрыццё і благаслаўленне дома здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Паводле catholic.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць