У ізалятары застаюцца журналісты Ірына Леўшына і Паўлюк Быкоўскі

У ізалятары часовага ўтрымання на завулку Акрэсціна ў Мінску застаюцца галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі. Астатніх затрыманых па "справе БелТА" вызвалілі позна ўвечары 9 жніўня.

Фота: Twitter @kazz_by


Ірыну Леўшыну і Паўлюка Быкоўскага затрымалі аднымі з апошніх.

Нагадаем, затрыманыя 7-8 жніўня Следчым камітэтам Беларусі па справе аб незаконным выкарыстанні платнай інфармацыйнай стужкі дзяржаўнага агенцтва БелТА галоўны рэдактар TUT.by Марына Золатава, рэдактары партала Ганна Калтыгіна і Ганна Ермачонак і рэдактар Belmarket.by Аляксей Жукаў былі вызваленыя вечарам 9 жніўня.

Пасля іх на волю пад абавязацельства аб яўцы выйшла міжнародны аглядальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова.

«Пастанова аб вызваленні была падпісаная каля 23:00, і прыкладна а 23:20 мяне адпусцілі. 10 жніўня ў 11.00 я павінна быць у Следчым камітэце для працягу допыту», — распавяла журналістка, перадае БелаПАН.

Галоўнаму рэдактару TUT.by Марыне Золатавай высунулі новае абвінавачанне: "бяздзеянне службовай асобы". Акрамя штрафа яно прадугледжвае да 5 гадоў зняволення і забарону займаць пэўныя пасады.

Між тым карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі застаецца ў зняволенні і будзе дапытаны ў Следчым камітэце 10 жніўня. Жонка журналіста чакае яго вызвалення альбо пасля допыту, альбо 11 жніўня пасля 15:30, калі мінаюць 72 гадзіны, на якія быў затрыманы журналіст.

У зняволенні ў ІЧУ на Акрэсціна застаецца таксама галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына.

Паводле "Еўрарадыё", telegraf.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць