Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

У Катыні затрымалі беларускіх журналістаў, але пасля вызвалілі

Расійская паліцыя затрымала ў Катыні незалежных беларускіх журналістаў Любоў Лунёву і Алеся Сіліча, якія асвятлялі візіт дэлегацыі беларускіх дэмакратаў у Катыньскі мемарыял. Прыкладна праз гадзіну іх вызвалілі.

У сераду, 23 жніўня, расійская паліцыя затрымлівала ў Катыні побач са Самаленскам беларускіх незалежных журналістаў Любоў Лунёву і Алеся Сіліча, якія асвятлялі візіт дэлегацыі беларускіх дэмакратаў у катыньскі мемарыял.

17:30 Журналістаў вызвалілі без складання пратаколаў. Затрыманыя правялі з паліцыяй больш за гадзіну, пасля чаго ва ўсіх удзельнікаў беларускай дэлегацыі праверылі пашпарты і адпусцілі.

17:00 Паліцыя адмовілася ад рашэння везці журналістаў у пастарунак. Затрыманыя журналісты разам з паліцыяй пакуль знаходзяцца ў Катыні. Паліцыянты чакаюць прыяезду ўласнага начальства са Смаленска.

16:33 ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" звязалася з аддзяленнем амбасады Рэспублікі Беларусь ў Расійскай Федэрацыі ў горадзе Смаленску, прадстаўнікі якой паабяцалі адрэагаваць на затрыманне.

16:10 Журналістаў затрымалі супрацоўнікі паліцыі, якія ўвесь час суправаджалі беларускую дэлегацыю у Катыні. Спачатку паліцыянты праверылі ў карэспандэнтаў дакументы, а потым папрасілі праехаць у Смаленск у аддзяленне міліцыі. Астатнія ж удзельнікі наведвання Катыні пакуль застаюцца на волі, хоць іх увесь дзень сёння суправаджае расійскі АМАП.

— Тут вялікая колькасць супрацоўнікаў паліцыі, аўтобусы з АМАПам, таксама пікет КПРФ з партрэтамі Сталіна, каля 30 чалавек. То бок вельмі сур’ёзна ўспрынялі мясцовыя ўлады і камуністы наш візіт. Паліцыя „далучылася“ да нас яшчэ на першым пункце, у аэрапорце „Смаленск“, дзе мы наведалі месца, дзе ў 2010 годзе разбіўся самалёт з польскай урадавай дэлегацыяй. Пасля гэтага нас увесь час суправаджаюць нарады паліцыі.

Цяпер спрабуюць затрымаць супрацоўнікаў тэлеканалу „Белсат“ Любоў Лунёву і аператара Сіліча. Да іх падышлі паліцыянты і сказалі, што неабходна праверыць дакументы і для далейшага разбору праехаць у гарадское аддзяленне паліцыі ў Смаленск. Яны аточаныя супрацоўнікамі. Журналістаў не адпускаюць і, наколькі я разумею, чакаюць аўтамабіля, каб адвесці іх у горад, — расказаў старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч «Радыё Свабода».

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" дзякуе Юрасю Губарэвічу за дапамогу ў атрыманні інфармацыі.



Паводле baj.by

Каментаваць