Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

У Курапатах маліліся за палітвязняў і пакаянне Расіі (+фота)

Другую гадавіну няспыннай малітвы за Беларусь актывісты адзначылі ля крыжоў у нацыянальным некропалі.


Ужо два гады доўжыцца малітва за Беларусь, якая не спыняецца ані ўдзень, ані ўначы. У ёй удзельнічае больш за 150 чалавек, кожны з якіх абірае сабе пэўную гадзіну ў канкрэтны дзень — так трывае няспынны малітоўны марафон. Да акцыі далучаныя хрысціяне, прадстаўнікі розных канфесіяў. Ідэйныя натхняльнікі марафону — Вольга і Павел Севярынец.

Мінулую, першую гадавіну, вернікі адзначылі малітвай у кафедральным касцёле Мінску. Сёлета малітва праходзіць у Курапатах, якія ўжо некалькі месяцаў знаходзяцца ў цэнтры ўвагі ўсёй краіны.

Палітык Павел Севярынец маліўся за палітвязняў, затрыманых па “Справе патрыётаў”, за пакаянне Расіі, якая спрычынілася да сталінскіх рэпрэсіяў ды іншых злыбедаў Беларусі, за тое, каб “Беларусь стала соллю, а не чорнай дзіркай у цэнтры Еўропы”.

Кожны з удзельнікаў акцыі, якіх сабралося каля 25 чалавек, атрымаў у рукі маленькія спеўнічкі: асабістыя малітвы кожнага ахвочага чаргаваліся з песнямі пад гітару. Побач лунаў бел-чырвона-белы сцяг, які прынесла нястомная Ніна Багінская.

Напрыканцы Севярынец адзначыў, што малітоўны марафон будзе працягвацца і далей, а таксама заклікаў далучацца да яго новых удзельнікаў.

Фота Уладзіслава Рубанава

Каментаваць