У Мёрскай бальніцы з пацыентаў бяруць грошы за сілкаванне тэлефонаў

У канцы траўня ў Мёрах здалі новы будынак бальніцы. Разам з ім з'явілася і новая платная паслуга — цяпер з пацыентаў, якія ляжаць у стацыянары, бяруць грошы за сілкаванне тэлефонаў.
«Хацела падсілкаваць тэлефон, медсястра сказала, што за гэта трэба заплаціць 50 капеек» — распавядае адна з пацыентак бальніцы. У медустанове сцвярджаюць, што ўсё законна.

Пра новую платную паслугу распавяла адна з пацыентак бальніцы.

— На днях паступіла ў аддзяленне. Падчас абыходу медсястра паведаміла, што калі камусці трэба будзе сілкаваць тэлефон, то за гэта давядзецца заплаціць 50 капеек — распавядае дзяўчына. — Наколькі правамерна браць з пацыентаў плату за гэта?

Мы звярнуліся па каментар да кіраўніцтва бальніцы. Там растлумачылі, што ў іх сапраўды цалкам афіцыйна існуе такая платная паслуга. Акрамя таго, ёсць прэйскурант і на працу тэлевізара, планшэта, чайніка і іншых электрапрыбораў.

— Так, у нас ёсць прэйскурант платных паслуг, на падставе якога за гадзіну працы зараднай прылады для мабільнага тэлефона мы спаганяем плату 23 капейкі — кажа намеснік галоўнага лекара па медыцынскай частцы Міёрскай цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Бірукова. — Гэты прэйскурант зацверджаны з 1 верасня 2017 года. Усе аплаты праводзяцца афіцыйна, праз касавы апарат. Людзі самі падлічваюць, колькі гадзін зараджалі тэлефон, а потым ідуць і плацяць.

Па словах Святланы Біруковай, часам пацыент не хоча ісці аплачваць паслугі сам. Касавы апарат знаходзіцца ў паліклініцы, а гэта іншы будынак.

— Таму старэйшая медыцынская сястра збірае аплату, нясе ў іншы будынак і праводзіць ўсё праз касавы апарат, а потым у той жа дзень прыносіць чэкі — тлумачыць намеснік галоўурача. — Усе чэкі ў нас таксама захоўваюцца і ў электронным варыянце, і ў папяровым. Акрамя таго, вядзецца часопіс, куды ўсё запісваецца: хто, якая сума і за што заплацілі.

Святлана Бірукова падкрэсліла, што «пацыенты плацяць нават па больш нізкім тарыфе, чым гэта павінна каштаваць».

— Гэта няўлічаная электраэнергія, яна не даецца проста так лячэбным установам — кажа медык. — Ёсць расцэнкі на працу і іншых прыбораў. Да прыкладу, гадзіна карыстання тэлевізарам, ноўтбукам або планшэтам каштуе 11 капеек, гэта ўжо з ПДВ. Радыёпрымача — 8 капеек. Электрачайнік, як і зарадкі для мабільнага — 23 капейкі.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць