У Мінску прэзентаваны Індэкс устойлівасці да дэзінфармацыі

Індэкс устойлівасці да дэзінфармацыі замерыў ступень адрынання расійскай прапаганды ў шэрагу постсавецкіх краін. У Беларусі апынуліся найгоршыя паказчыкі.
Індэкс устойлівасці да дэзінфармацыі быў прадстаўлены ўчора, 14 снежня, у ходзе прэзентацыі даследавання EAST (Eurasian States in Transition) Center «Інфармацыйная бяспека Беларусі: Наколькі сур'ёзныя праблемы і што з гэтым рабіць?». Даследаванне прэзентавалі эксперты цэнтра Андрэй Елісееў, Аляксандар Папко і Вераніка Лапутько.

Па словах Андрэя Елісеева, індэкс — гэта спосаб спрасціць складаныя феномены ўстойлівасці і адчувальнасці. Ён — адносны, а не абсалютны паказчык, які дазваляе рабіць параўнанні паміж краінамі.

Індэкс устойлівасці да дэзінфармацыі складаецца з трох падіндэксаў. Першы замярае згодлівасць насельніцтва да ўздзеяння пракрамлёўскіх медыя, другі — сістэмную падрыхтаванасць да процідзеяння дэзінфармацыі, трэці — уразлівасць да лічбавых інфармацыйных атак. Па кожным з дадзеных параметраў групы з 20 знешніх экспертаў у кожнай з краін прастаўляюцца балы ад 1 да 5, дзе «пяцёрка» была горшай ацэнкай. Беларусь атрымала па першым підіндэксе «4,1», па другім — «3,8», па трэцім — «3,9». Гэта горшыя ацэнкі ў параўнанні з іншымі разгляданымі краінамі — Літвой, Латвіяй і Эстоніяй.

Шмат у чым такія пазіцыі Беларусі ў індэксе тлумачацца фактарамі ўразлівасці Беларусі ў медасфере, якія агучыў Аляксандр Папко. Гэта дамінаванне рускай мовы (гэта значыць адсутнасць «лінгвістычнага шчыта»), рэлігійны і эканамічны фактар. Акрамя таго, Аляксандар Папко прывёў дадзеныя апытання САТЫА, праведзенага ў 2015 годзе. Паводле інфармацыі сацыёлагаў, ад 57% да 65% беларусаў хочуць атрымліваць інфармацыю выключна на рускай мове. Пры гэтым расійскія медыярэсурсы заўсёды ўваходзяць у топы самых папулярных у беларусаў.

Напрыклад, сярод тэлеканалаў пасля «Беларусь-1» і «Беларусь-2» ідуць «гібрыдныя» АНТ, «РТР-Беларусь» і «НТВ-Беларусь», а за імі — расійскія праўладныя тэлеканалы — ОРТ, РТР і НТВ. Хоць, як папярэджваюць даследнікі, грані паміж, да прыкладу, НТВ і «НТВ-Беларусь» у апытаных маглі быць сцёртыя.

Лідэры сярод навінавых інтэрнэт-рэсурсаў у Беларусі з'яўляецца беларускія news.tut.by, onliner.by, а за імі ідуць расійскія news.mail.ru і news.yandex.by.

Сярод сацыяльных сетак у беларускіх карыстальнікаў лідзіруюць расійскі Кантакт (32,3%) і Аднакласнікі (30,2%). На трэцім месцы знаходзіцца Facebook з доляй аўдыторыі ў 14,9%.

Па словах Аляксандра Папко, самыя ўспрымальныя групы для Расійскіх СМІ ў Беларусі — гэта армія і ўнутраныя войскі МУС, пенсіянеры, актыўна практыкуючыя праваслаўныя вернікі. А таксама людзі, якія страцілі стабільны даход у выніку эканамічнага крызісу. Для апошняй групы, на думку эксперта, Расія бачыцца збаўцам ад бед. Хоць, як падкрэсліў даследчык, самыя масавыя спажыўцы расійскага медыяпрадукта ў Беларусі — гэта ўсё ж пенсіянеры.

Паводле thinktanks.by

Каментаваць