У Новай Зеландыі забароняць поліэтыленавыя пакеты

З ліпеня 2019 года ў Новай Зеландыі будуць забароненыя аднаразовыя поліэтыленавыя пакеты, заявілі ва ўрадзе краіны.


Фота з сайта www.ukrinform.ua


У Новай Зеландыі з ліпеня 2019 года будуць забароненыя аднаразовыя поліэтыленавыя пакеты. З такой заявай выступіла прэм'ер-міністр краіны Джасінда Ардэрн, перадае тэлеканал RNZ.

Гэту заяву прэм'ер-міністр зрабіла на пляжы Лайола-Бі ў Велінгтане.

"Мы выкарыстоўваем сотні мільёнаў аднаразовых пластыкавых пакетаў — цэлыя горы пакетаў", — заявіла Ардэрн.

Гэтыя поліэтыленавыя пакеты ў выніку забруджваюць прыбярэжнае і марское асяроддзе і наносяць сур'ёзны ўрон усім відам марской фауны.

"І ўсё гэта пры тым, што ёсць рэальная альтэрнатыва для спажыўцоў і бізнесу", — падкрэсліла прэм'ер.

Па словах Ардэрн, яна раней недаацэньвала маштаб праблемы, а таксама тое, наколькі жыхароў Новай Зеландыі хвалюе гэтая праблема.

"Самая вялікая праблема, з нагоды якой я атрымліваю лісты ад грамадзян, — гэта пластык. Прычым гэтыя пытанні прыходзяць ад дзяцей. Я літаральна атрымліваю сотні і сотні лістоў", — паведаміла яна.

Цяпер урад Новай Зеландыі распрацуе паэтапны план адмовы ад аднаразовых пакетаў, а таксама будзе вызначаць, якія тыпы вырабаў будуць забаронены.

Улады краіны лічаць, што праграма па паступовай абавязковай адмове ад поліэтыленавых пакетаў абыдзецца танней і будзе больш эфектыўнай, чым увядзенне штрафаў.

Забарона таксама распаўсюдзіцца на так званыя «біяраскладальныя» пластыкавыя пакеты, таму што калі іх не перапрацоўваць адмысловым чынам, яны распадаюцца толькі на больш дробныя пластыкавыя часцінкі, але не ператвараюцца ў кампост.

Адзначаецца, што жыхары Новай Зеландыі могуць накіраваць свае прапановы ўраду аб забароне пластыку да 14 верасня.

У пачатку жніўня выкарыстоўваць аднаразовыя пластыкавыя пакеты забаранілі ў Чылі. Сярод іншых краін, якія забаранілі выкарыстоўваць поліэтыленавыя пакеты, — Зімбабвэ, Аўстралія, Вялікабрытанія і Кенія.

Нагадаем, у Францыі ўвялі забарону на поліэтыленавыя пакеты ў снежні 2015 года.

Паводле korrespondent.net


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць