У новы год з песімізмам

На мінулым тыдні мы пісалі, што ўрад і кіраўніцтва краіны спадзяюцца на Дзеда Мароза. А на што разлічваюць грамадзяне краіны? На жаль, ім выпадае разлічваць толькі на сябе.

Фота: wallpapers.99px.ru

Да канца года засталіся лічаныя дні. Ужо ўсім зразумела, што задача «па пяцьсот» выкананая не будзе. Лістападаўскі сярэдні заробак, у параўнанні з кастрычніцкім, паводле дадзеных Белстата, упаў на 0,5%. Зніжэнне зарплаты да кастрычніка з папраўкай на інфляцыю склала 0,9%.

У прынцыпе, як пішуць banki24.by, такія паводзіны заробкаў укладваюцца ў сезонную дынаміку. Апошнія пяць гадоў заробак лістапада падаў да кастрычніцкага кожны год. Зрэшты, адносна 2016-га рост сярэдняга заробку працягнуўся. У рублях зарплата да лістапада–2016 павялічылася на 16,6%, у доларах — на 13,3%.

Але адна справа — працэнты, а другая — жывыя грошы. І таму тыя ж самыя спецыялісты banki24.by уводзяць паняцце «медыяннага заробку». Гэта разлік заробку, калі ён «ачышчаны» ад падаткаў, збораў, прафсаюзных унёскаў, і без «малявання» заробку дзяржсектару. Мяркуецца, зарплату вышэй і ніжэй медыяны атрымліваюць па 50% работнікаў, але з-за няроўнасці ў даходах медыяна заўсёды меншая за сярэдняе арыфметычнае, і медыянны заробак ніжэйшы за сярэдні паводле Белстата.

Зараз у Беларусі медыянны заробак меншы, чым сярэдні, амаль на траціну. Таму налічаны медыянны заробак у снежні прагназуецца ў памеры 640–650 рублёў, а медыянны заробак на рукі — 555–565 рублёў. Што значна бліжэй да рэальнасці, чым афіцыйныя лічбы Белстата.

А значыць, план «па пяцьсот» можа быць выкананы. Толькі своеасабліва — не ў цвёрдай валюце, а ў беларускіх рублях.

Таму і не дзіва, што насельніцтва настроенае вельмі песімістычна. Нацыянальны банк пачаў публікаваць штоквартальныя матэрыялы па інфляцыйных чаканнях насельніцтва. Першы ж апублікаваны аналіз інфляцыйных чаканняў, падрыхтаваны на аснове праведзенага ў лістападзе 2017-га сацыялагічнага апытання, паказаў: большасць беларусаў лічаць, што кошты за апошнія 12 месяцаў «выраслі вельмі моцна» і далей «будуць расці таксама інтэнсіўна».

Як выявіла апытанне, большасць беларусаў лічаць сённяшні перыяд неспрыяльным для буйных пакупак, і амаль палова апытаных грамадзян за апошнія тры месяцы такіх пакупак не рабілі. Амаль 75% апытаных думаюць, што цяпер неспрыяльны час і для зберажэнняў. Прычым, больш за 74% апытаных у ашчаджэнні грошай робяць стаўку на замежную валюту, а больш за 41% грамадзян эканомяць сродкі ў наяўнай форме. Менш за 30% лічаць аптымальным захоўваць сродкі на банкаўскіх дэпазітах.

Што гэта азначае? Па-першае, нічога добрага ад улады людзі не чакаюць, і рэкордна нізкую інфляцыю беларусы чамусьці не адчулі кішэнямі. Можа, таму, што з рэкордна нізкай інфляцыяй у нас рэкордна знізіліся заробкі?

Па-другое, давер да беларускага рубля ўсё яшчэ слабы. Так і павінна быць пасля шматлікіх дэвальвацый на працягу аднаго дзясяцігоддзя. І па-трэцяе, канешне, праграма «дэдаларызацыі эканомікі» цалкам праваленая. Праўда, пра яе ўжо і так ніхто не памятае…

Пры гэтым дзяржава яшчэ і імкнецца «падаіць» насельніцтва. На тыдні міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык у праграме «Галоўны эфір» паведаміў, што Беларусы сёння кампенсуюць 85% выдаткаў за спажываную электраэнергію. І, паводле яго слоў, ужо ў 2018 годзе насельніцтва будзе разлічвацца за электраэнергію па поўным тарыфе.

Прычым, Патупчык абмовіўся пра страшную рэч. Літаральна ён сказаў: «Мы для сябе паставілі задачу ў гэтым годзе, каб насельніцтва выйшла на стопрацэнтную кампенсацыю затрат на вытворчасць электрычнай энергіі. На жаль, гэта не атрымаецца ў сувязі з прынятымі рашэннямі ўрада і на ўзроўні кіраўніка дзяржавы». То бок, нармальнай аплаце паслуг замінае Лукашэнка?

Але не гэта важнае. Калі мы выйдзем на стопрацэнтную кампенсацыю электрычнасці — на халеры тады мы дабудоўваем АЭС за 10 мільярдаў долараў крэдыту? І ці не закладуць нам гэты крэдыт у кошт электраэнергіі? То бок з уводам АЭС у эксплуатацыю электрычнасць не патаннее, а падаражэе?

Эканамічна-фінансавыя недахопы могуць кампенсавацца неэканамічнымі чыннікамі. Напрыклад, добрымі ўмовамі працы ці адпачынку. Але і гэтага нашая ўлада неяк не разумее.

Каля двух тысяч подпісаў сабралі грамадзяне за тое, каб вярнуць Дзядам — дню памінання продкаў — статус непрацоўнага дня. І атрымалі дзіўны адказ, які падпісала намесніца ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Радчанка. Паводле яе, «зварот па пытанні абвяшчэння непрацоўным днём 1 лістапада, які з’яўляецца святам Усіх Святых па календары каталіцкай канфесіі» разгледжаны ў апараце ведамства. Пры гэтым пра Дзяды, на чым рабілі акцэнт аўтары петыцыі, — ані слова.

«У адпаведнасці з Законам «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», усе грамадзяне роўныя перад законам незалежна ад iх адносiнаў да рэлiгii, — гаворыцца ў адказе. — Права на свабоду веравызнання, замацаванае ў Канстытуцыі, не дае вернікам пераваг перад грамадзянамі, якія прытрымліваюцца атэістычных перакананняў. У адваротным выпадку гэта парушыць прынцып раўнапраўя грамадзян».

І менавіта таму «ў цяперашні час дапаўняць рэлігійныя святы, якія адзначаюцца ў Рэспубліцы Беларусь у якасці святочных дзён, яшчэ адным, і аб’яўляць яго непрацоўным днём, немэтазгодна».

Я б на такі адказ пакрыў­дзіўся, прычым, менавіта з боку атэістаў. Бо, прыкрываючыся імі, спадарыня Радчанка выстаўляе атэістаў у непрыемным выглядзе. Нібыта, яны не шануюць сваіх продкаў, не дагляда­юць за пахаваннямі, не ездзяць на могілкі, і ўвогуле — бяздушныя і несумленныя людзі.

Такое стаўленне дзяржавы да Дзядоў і атэістаў, можа, і не было б настолькі прыкрым, каб не цягнула за сабою больш змрочныя наступствы. Калі дзяржава не лічыць патрэбным шанаваць продкаў — яна грэбуе гісторыяй, традыцыямі і культурай. Калі яна грэбуе гісторыяй, традыцыямі і культурай — пра якое патрыятычнае выхаванне можна казаць? Калі няма ў краіне патрыётаў — не будзе і краіны.

А калі не будзе краіны, не будзе і яе чыноўнікаў — вось так, адным адказам апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў рые сабе магілу. Тую самую, на якую ніхто не прыйдзе, бо няма на гэта выходнага дня…


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць