«У прысутнасці камандзіра называў прозвішчы «дзядоў»

Родныя знойдзеных павешанымі салдат расказваюць пра тое, як служылі хлопцы ды пра расследаванне іх гібелі.

Звесткі пра некаторыя выпадкі самагубства сярод вайскоўцаў трапляюць у СМІ. Пры гэтым вайсковая частка ў Пячах фігуруе ў зводках рэгулярна і нашмат часцей, чым іншыя.

3 кастрычніка ў Пячах пад Барысавам было знойдзена цела Аляксандра Коржыча. Паводле афіцыйнай версіі, 21-гадовы жыхар Пінску павесіўся ў падвале медыцынскай часткі. Ягоныя родныя не вераць у самагубства, Следчы камітэт завёў крымінальную справу. “Радыё Свабода” знайшла родных іншых вайскоўцаў, якія трагічна загінулі ў Барысаве ў розныя гады.

2005 год, Максім Кажэка. Знойдзены павешаным у лесе побач са сваёй вайсковай часткай

Максім пайшоў у армію адразу пасля школы, дома засталіся бацькі і малодшая сястра. Вучэбку праходзіў у Пячах пад Барысавам. «Мне было 15 гадоў тады. У асноўным маці займалася пытаннямі, звязанымі са смерцю Максіма. Вельмі цяжка мы перажывалі гэтую сітуацыю, — расказвае сястра Аксана. Тады, у 2005 годзе, нам спачатку пазванілі з часткі і сказалі, што ён уцёк у самаволку. Яго шукалі, да нас у Мёры прыязджалі вайскоўцы з Барысава, міліцыя. Казалі, што ён дадому ўцёк. Але праз суткі пазванілі і паведамілі, што знайшлі мёртвым. Сказалі, ці то забіты, ці то сам павесіўся».

Аксана расказвае, што па факце смерці брата была заведзеная крымінальная справа. Першапачаткова яе вялі ў Барысаве, затым перадалі ў Менск. Аднак ніхто з сям’і Максіма Кажэкі ў сталіцу не ездзіў і са следчымі не сустракаўся. «Яны званілі нам з прапановай прыехаць у частку і забраць рэчы брата. Яшчэ хацелі паказаць фотаздымкі, зробленыя на месцы смерці. Там, дзе знайшлі цела, як ён выглядаў. Але мама не рашылася паехаць, ваенкам з Мёраў паехаў і прывёз нам рэчы Максіма», — расказвае Аксана.

 

Урывак ліста Максіма Кажэкі, у якім ён просіць выслаць яму грошы

Чым скончылася справа, родныя Максіма Кажэкі не ведаюць. Копій дакументаў з яе альбо пастановы аб закрыцці ім таксама не дасылалі. Са словаў родных, справу аб смерці Кажэкі разглядалі прыкладна год. Рэчы брата, якія па ёй праходзілі, доўга не аддавалі. Некаторыя сшыткі з асабістымі запісамі салдата вярнулі з вырванымі лістамі. «Сшытак вярнулі тонкі, палова лістоў была вырваная. Засталося толькі тое, што вучобы датычыла... Зрабілі як самагубства. У пасведчанні аб смерці таксама напісана, што самагубства. На гэтым і ўсё», — кажа Аксана.

Яна прызнаецца, што ў сям’і ўсе гэтыя гады сумняваюцца ў праўдзівасці версіі аб самагубстве. «Мы ж ездзілі да яго, лісты захаваліся. Ён нас вельмі чакаў на 9 траўня (Максім Кажэка загінуў каля 10 красавіка. — РС). Хацеў далей пайсці вучыцца. А потым да нас прыехалі і... І ўсё. Потым вайскоўцы нам расказвалі, што Максім напісаў траюраднаму брату ліст, прасіў, каб той яму грошы выслаў. Але чаму так? Пагадзіцеся, што ён бы ў бацькоў папрасіў у першую чаргу», — гаворыць Аксана Кажэка.

2016 год, Павел Старанкоў. Знойдзены павешаным у лесе пад Барысавам праз тры месяцы пасля смерці.

 «Мы напісалі ў пракуратуру пра тое, што не згодныя з тым, як была праведзеная праверка па факце смерці сына», — расказвае маці Паўла Старанкова Валянціна.

Павел пайшоў у войска пасля школы. На момант смерці яму было толькі 19. У лістападзе 2016 году ён знік з тэрыторыі вайсковай часткі № 44540. Старанкова шукалі вайскоўцы, міліцыя і валанцёры з пошукавага атраду «Анёл». Знайшлі толькі 10 лютага 2017-га павешаным недалёка ад часткі. Пачалася праверка. У траўні бацькам паведамілі, што прычын для завядзення крымінальнай справы няма.

 

Павел Старанкоў

​​«Павел быў дысцыплінаваным хлопцам, паслухмяным. Ён ніколі не прагульваў урокаў, не прапускаў. Як ён мог уцячы з часткі? Уначы, у лістападзе? — працягвае Валянціна Старанкова. — 280 кіламетраў да дому, куды ён мог уцячы?»

Маці расказвае, што разам з мужам ездзіла на прыём у Міністэрства абароны, размаўлялі са следчымі. «У чэрвені нам звычайным лістом па пошце даслалі паведамленне, што праверка завершаная. Тут усе абурыліся, як можна такія рэчы праз пошту паведамляць? Ліст і ўсё. Прычым толькі пасля таго, як я сама пачала званіць і пытацца, чым скончылася праверка. А ў лісце коратка: «У завядзенні крымінальнай справы адмоўлена», — расказвае Валянціна Старанкова.

Цяпер сям’я Старанковых чакае адказу з раённай пракуратуры Барысава. Там абяцалі праверыць правамоцнасць адмовы ў завядзенні справы па факце смерці 19-гадовага Паўла.

 «Кажуць, што справу перадалі на даследаванне. Але больш з намі ніхто не звязваўся. Нехта ж павінен адказаць за смерць сына, як так можна? Ён жа не сам туды пайшоў. Як быццам мы самі хацелі, каб ён у армію пайшоў, — расказвае Валянціна Старанкова. — Мы пасля яго знікнення ездзілі ў частку, муж хацеў пагаварыць з саслужыўцамі. Павел служыў разам з аднакласнікам, той пайшоў у войска на паўгода раней, Саша яго завуць. Але што ён нам скажа, калі яшчэ паўгода служыць заставалася. Сказаў, што стаяў у нарадзе, нічога не ведае. Паціскаў плячыма і ўсё».

Маці загінулага Паўла Старанкова гаворыць, што ў апошнія дні перад знікненнем сын быў нечым засмучаны, скардзіўся на здароўе. Апошні раз са следчымі сям’я Старанковых размаўляла ў жніўні, ужо пасля ліста ў пракуратуру. «Прыязджалі да нас, размаўлялі з мужам. Нефармальна. Сказалі, што мала доказаў, што час не на нашу карысць дзейнічае... Адправілі сына на дзяржаўную службу. Павінна ж неяк там маладое жыццё цаніцца? Мы з мужам моцна здалі пасля ўсяго гэтага. Павел быў адзіным сынам. Вайскоўцы на ўсе нашы пытанні вочы адводзяць, плячамі паціскаюць», — расказвае Валянціна.

2017 год, Арцём Басцюк. Знойдзены павешаным на тэрыторыі вайсковай часткі ў Барысаве

Арцём пайшоў у войска ва ўзросце 25 гадоў, ужо маючы вышэйшую адукацыю. Павінен быў адслужыць адзін год. Аднак праз шэсць месяцаў яго знайшлі мёртвым.

Смерці Арцёма папярэднічалі неаднаразовыя размовы з бацькамі пра дзедаўшчыну ў частцы. Яго родныя нават прыязджалі на сустрэчу з камандзірам. На яе выклікалі і самога Арцёма. У прысутнасці бацькоў ён называў імёны і прозвішчы тых, хто патрабаваў ад яго грошы, аказваў псіхалагічны ціск.

«Сын расказваў, што „дзяды“ прымушалі маладых цалкам іх забяспечваць: купляць каву, цукар, цыгарэты. Самі грошы ў рукі не бралі, але каманды аддавалі, — расказвала журналістам маці Арцёма Басцюка Таццяна праз некалькі дзён пасля гібелі сына. — Не дазвалялі спаць, прымушалі сядзець ці стаяць каля ложка, а калі нехта засне, падыходзілі і перакульвалі ложак разам з салдатам. Ці раптам ноччу камусьці захацелася шакаладу, дык трэба прынесці, калі адмаўляешся — адціскацца 100, 200, 400 разоў. Калі мы гэта даведаліся, звязаліся з камандзірам часткі, ён прапанаваў прыехаць. Гэта было за тры тыдні да гібелі сына. Нас выслухалі, спачатку не паверылі, а потым паабяцалі разабрацца».

 

Ілюстратыўнае фота.

За дзень да смерці Арцём Басцюк патэлефанаваў бацькам, папрасіў у іх прабачэння і развітаўся. Усхваляваныя родныя адразу ж звязаліся з кіраўніцтвам вайсковай часткі, расказалі аб тэлефанаванні. У адказ пачулі, што ўсё будзе добра.

Пасля смерці Басцюка Следчы камітэт пачаў даследчую праверку па факце смерці вайскоўца, затым была заведзеная крымінальная справа. Расследаванне працягваецца дагэтуль, падрабязнасці родныя Арцёма журналістам не расказваюць.

«Пакуль мы нічога не гаворым. Адвакат параіў нам не распаўсюджваць інфармацыі. Але як толькі будзе магчыма, я абавязкова ўсё раскажу», — гаворыць маці Арцёма Басцюка. Вядома толькі, што следчыя правялі некалькі экспертызаў, іх вынікі не раскрываюцца.

www.svaboda.org



Каментаваць