У пух і прах

Навукоўцы канчаткова прайгралі індзейцам у спрэчцы аб Кенэвікскім чалавеку.

У ЗША пастаўлена кропка ў шматгадовым канфлікце паміж незвычайнымі супернікамі: інжынернымі войскамі ЗША і кааліцыяй пяці індзейскіх плямёнаў з аднаго боку і групай археолагаў з другога. Гаворка ідзе пра Кенэвікскага чалавека: рэштках мужчыны, які памёр прыкладна дзевяць тысячаў гадоў таму. Яго шкілет быў знойдзены ў 1996 годзе і з гэтага моманту археолагі і антраполагі яго вывучаюць, а індзейцы і інжынеры патрабуюць яго пахавання па індзейскіх звычаях.


У 2015 годзе аналіз ДНК Кенэвікскага чалавека паказаў на яго сваяцтва з сучаснымі індзейцамі паўночнага захаду ЗША. Яшчэ год спатрэбіўся на ўзгадненне фармальных пытанняў адносна далейшага лёсу шкілета. 28 красавіка 2016 года прадстаўнікі Інжынерных войскаў заявілі, што Кенэвікскага чалавека аддадуць зямлі і ён перастане быць музейным экспанатам.


Вывядзенне аб'екта з музейнага і навуковага ўжытку — даволі рэдкая сітуацыя, калі гаворка не ідзе пра войны, землятрусы і іншыя форс-мажорныя абставіны. І як раз неспадзяванка Кенэвікскага чалавека — цікавы і важны прыклад узаемадзеяння навукі, права і этыкі. Больш таго, ён да пэўнай ступені паказвае, якую эвалюцыю зрабілі дысцыпліны пра чалавека — антрапалогія і асабліва археалогія: як яны «расчалавечылі» і эвалюцыянавалі ў бок натуральных навук, і як ківач хіснуўся назад, і пачалася новая гуманізацыя.


Найноўшая гісторыя Кенэвікскага чалавека пачалася летам 1996 года, калі два маладых чалавека адправіліся паглядзець гонкі гідрапланаў Tri-City Follies на рацэ Калумбія ў горада Кенэвік на поўдні штата Вашынгтон. У пошуках зручнага месца для назіранняў Уіл Томас і Дэйв Дысі адправіліся ўброд ўздоўж берага. Выбіраючыся на невялікі ўступ, Томас ўбачыў у вадзе незвычайны камень.


Пры бліжэйшым разглядзе камень апынуўся чалавечым чэрапам без ніжняй сківіцы. Побач выявілася некалькі чалавечых костак. Дачакаўшыся заканчэння гонак, Томас і Дысі паклалі знаходкі ў вядро з вадой і адправіліся ў паліцыю. Разам з паліцэйскімі, а таксама з мясцовым судовым медыкам па імі Флойд Джонсан маладыя людзі вярнуліся на месца, дзе яны знайшлі парэшткі. На працягу лічаных гадзін з дна Калумбіі быў узняты даволі добра захаваны шкілет дарослага чалавека.



Шкілет Кенэвікскага чалавека складаецца з 300 костак і касцяных фрагментаў.

Шкілет Кенэвікскага чалавека складаецца з 300 костак і касцяных фрагментаў.


Ужо на наступны дзень Джонсан прыйшоў да высновы, што парэшткам некалькі дзясяткаў гадоў, магчыма сто і больш. Медык звязаўся з мясцовым антраполагам Джонам Чатэрсам, яны разам яшчэ раз абследавалі дно ракі і дасталі яшчэ некалькі костак. Пасля першаснага агляду стала ясна, што знойдзеныя парэшткі мужчыны 40-55 гадоў, з нехарактэрна для сучаснага чалавека стачонымі зубамі і з абломкам каменнага, верагодна, дзідавага, наканечніка ў падуздышнай костцы. Чэрап па форме быў хутчэй еўрапеоідны, чым індзейскі: вузкаскулы, з выступаючай верхняй сківіцай. Чатэрс і Джонсан выказалі здагадку, што перад імі — парэшткі кагосьці з першых еўрапейскіх пасяленцаў, параненага мясцовымі ваярамі.


Кампутарная тамаграфія шкілета з Кенэвіка выявіла дзіўную рэч: дзідавы наканечнік вельмі нагадваў лістападобны каскадскі наканечнік (Cascade point), характэрны для старажытнакардыльерскай культуры (Old Cordilleran Culture). Гэтая палеалітычная культура была распаўсюджана 5-10 тысяч гадоў таму ад Аляскі да паўночнай Каліфорніі. Малаверагодна, што ў пачатку XIX стагоддзя, калі ў рэгіён прыйшлі першыя белыя пасяленцы, мясцовыя індзейцы адмыслова аднекуль дасталі выключна старажытны наканечнік і паранілі ім прышэльца.


Значыць, вырашыў Чатэрс, пара датаваць шкілет, і адправіў фрагмент адной з костак у лабараторыю радыёвуглероднага аналізу ва ўніверсітэт Каліфорніі ў Рыверсайд. Праз тры тыдні адтуль прыйшоў адказ: узрост парэштак — 9200-9500 гадоў.


Гэта была бомба, і яна выбухнула імгненна, аскепкі разляцеліся на шэраг спекулятыўных тэорый. Можа быць, было дзве хвалі перасяленцаў з Еўразіі — спачатку еўрапеоіды, а потым мангалоіды? Можа, яны ваявалі паміж сабой, і мангалоіды знішчылі еўрапеоідаў? А, можа, усё было не так, і сучасныя індзейцы маюць продкамі прадстаўнікоў ад абедзвюх хваляў міграцыі? Джон Чатэрс стрымана пракаментаваў шквал газетных артыкулаў так: «Быццам золата знайшлі: усе нармальныя людзі раптам з глузду з'ехалі».


Пасля публікацыі ўзросту Кенэвікскага чалавека (так яго сталі называць у прэсе) археолагі былі аднадушныя: са дна Калумбіі паднятая ўнікальная знаходка, якая патрабуе максімальна поўнага, рознабаковага і глыбокага вывучэння. Але справа прыняла нечаканы характар. Справа ў тым, што бераг Калумбіі, дзе Томас і Дысі ўбачылі шкілет, належыць Паўночна-Заходняй групе інжынерных войскаў ЗША, так што Кенэвікскі чалавек знаходзіцца ў юрысдыкцыі ваенных інжынераў. Інжынеры, дзейнічаючы ў адпаведнасці з прынятым у 1990 годзе Законам аб абароне пахаванняў карэннага насельніцтва і рэпатрыяцыі парэшткаў (NAGPRA, Native American Graves Protection and Repatriation Act), звязаліся з канфедэрацыяй пяці мясцовых плямёнаў — умаціла, якімаў, колвіль, ванапум і нёс-перс — і паабяцалі на працягу месяца вярнуць парэшткі Кенэвікскага чалавека для перапахавання.


Адбыўся скандал: індзейцы патрабавалі павагі да нябожчыка, якога сталі называць Старажытным (the Ancient One), а навукоўцы прасілі даць ім магчымасць вывучыць шкілет. Па звестках газеты The Washington Post, Белы дом прыняў бок індзейцаў і даў указанні камандаванню інжынерных войскаў не пускаць археолагаў да Кенэвікскага чалавека. Інжынеры канфіскавалі шкілет у Джона Чатэрса і паклалі косткі ў сейф.


Восем археолагаў тут жа падалі пазоў супраць урада ЗША і інжынерных войскаў (справа Боніхсен супраць ЗША), патрабуючы дазволіць вывучэнне шкілета. На разгляд справы суду спатрэбілася шэсць гадоў. У сутнасці, суду трэба было высветліць, лічыць Кенэвікскага чалавека індзейцам ці не. У выніковым вердыкце гаворыцца, што няма ніводнага важкага аргумента на карысць індзейскага паходжання знаходкі: напрыклад, доказаў крэўнага сваяцтва. Прадстаўнік умаціла заяўляў, што вусныя паданні яго супляменнікаў ахопліваюць перыяд у дзесяць тысяч гадоў, і таму могуць служыць аргументам. Але суд палічыў, што гэта — занадта аддаленае мінулае, і доказ не прыняў.


Пасля рашэння апеляцыйнага суда на карысць навукоўцаў у 2004 годзе Кенэвікскага чалавека вывучалі ўсебакова на працягу дзесяці год, але толькі ў 2015 годзе сталі вядомыя вынікі даследавання ДНК Старажытнага. Аналізам займалася група генетыкаў з універсітэта Капенгагена на чале з Эске Вілеслевам (сярод яго гучных праектаў — аналіз ДНК дзіцяці, знойдзенага на палеалітычнай стаянцы Мальта). Вілеслев апублікаваў свае вынікі ў часопісе Nature. Яго высновы: Кенэвіксі чалавек знаходзіцца ў сваяцтве з сучаснымі індзейцамі паўночнага захаду ЗША, бліжэй за ўсё ён да племя колвіль.


Такім чынам, у 2015 годзе ў племянной кааліцыі з'явілася магчымасць запатрабаваць парэшткі для пахавання, што яны і зрабілі. Тым часам высновы Вілеслева былі пацверджаны незалежнай экспертызай, праведзенай ва універсітэце Чыкага. Пасля з'яўлення другога экспертнага меркавання ў красавіку 2016 года прадстаўнікі інжынерных войскаў заявілі пра гатоўнасць перадаць шкілет індзейцам. Юрыдычнае афармленне працэдуры працягнецца, па меншай меры, да лютага 2017 года. Рэшткі ў цяперашні час захоўваюцца ў Сіэтле, у прыродазнаўчанавуковым музеі Берка.


У гісторыі з Кенэвікскім чалавекам шмат незразумелага. Так, праз два гады пасля знаходкі шкілета інжынерныя войскі насыпалі сто з лішнім тон грунту на месца, дзе былі знойдзеныя парэшткі, так што іх кантэкст страчаны назаўсёды. Некалькі костак знікла падчас перадачы шкілета інжынерам, у далейшым іх знайшлі ў сейфе шэрыфа Кенэвіка, і ніякіх задавальняючых тлумачэнняў гэтаму так і няма. Нейкія цырымоніі індзейцы праводзілі над парэшткамі паміж 2004 і 2006 гадамі, але іх змест не выдаецца (хацелася б ведаць, ці не паўплывалі гэтыя дзеянні на чысціню матэрыялу для аналізу).


У 2012 годзе эксперт па найстаражытных каменных прыладах Паўночнай Амерыкі выказаў здагадку, што наканечнік дзіды, што захраснуў у тазе Кенэвікскага чалавека — не каскаднага тыпу, а тыпу хаскет. Палеаамериканцы, што выраблялі наканечнікі хаскет, жылі на поўдзень і ўсход ад Кенэвіка. У той жа час ізатопны аналіз паказвае, што аснову дыеты Старажытнага складалі марскія сысуны, такім чынам, большую частку жыцця ён правёў на ціхаакіянскім узбярэжжы, а ў раён сярэдняга цячэння Калумбіі прыйшоў незадоўга да скону. І такіх нестыковак шмат.


У сюжэце з Кенэвікскім чалавекам, як гаварылася ў пачатку гэтай нататкі, асаблівую цікавасць уяўляюць паводзіны навуковай грамадскасці. Калі ў 1950-х археолагі атрымалі ў сваё распараджэнне радыёвуглеродны аналіз для датыроўкі, многія даследнікі ўзрадаваліся: нарэшце ў дысцыпліны з'явіўся першы інструмент, які набліжае яе да натуральных навук.


Але ўжо ў пачатку 1960-х у прыхільнікаў тэхналагічнага падыходу з'явіліся крытыкі, у прыватнасці, найбуйнейшы даследчык Люіс Бінфорд, які параўноўваў новых археолагаў з бяздушнымі калекцыянерамі марак. Калі знайшлі Кенэвікскага чалавека, навукоўцы, небеспадстаўна асцерагаючыся, што доступ да шкілета можа быць згублены за лічаныя тыдні, адкінулі магчымасць кампрамісу з індзейцамі. Парадаксальным чынам найноўшыя метады даследаванняў апынуліся на руку менавіта індзейцам, але колькі для гэтага спатрэбілася гадоў і грошай!


За трыццаць гадоў, што прайшлі з адкрыцця парэшткаў на дне ракі Калумбія, сёе-тое змянілася ў стаўленні археолагаў да жывых людзей. Так, многія даследаванні, якія праводзяцца ў месцах, дзе да гэтага часу жывуць карэнныя народы — індзейцы, алеуты, эскімосы, публікуюцца так, каб не абразіць пачуцці абарыгенаў: без фотаздымкаў шкілетаў і пахаванняў і без дакладнага ўказання, дзе праводзіліся раскопкі. Камусьці такая тактыка падасца капітулянцкай, але, урэшце, археалогія была і ёсць навукай пра чалавека і для чалавека, і нашчадкі тых, каго даследуюць — таксама людзі, вартыя хоць трохі тактоўнага стаўлення да сябе.

Паводле Nplus1.ru

Каментаваць