У Салігорску супрацоўнік ДАІ збіў пешахода на нерэгуляваным пераходзе

29 снежня ў Салігорску на нерэгуляваным пешаходным пераходзе супрацоўнік ДАІ збіў пешахода. ДАІ праводзіць праверку ў дачыненні да супрацоўніка, які збіў пешахода.

Фота з сацсетак

Пра здарэнне пацярпелая Вольга сама паведаміла ў сацсетках.

Жанчына распавяла, што зранку 29 снежня яна ішла па нерэгуляваным пешаходным пераходзе, у гэты момант яе збіла службовая машына ДАІ. Па словах салігарчанкі, супрацоўнікі ДАІ не прапанавалі ёй выклікаць хуткую і не апытвалі сведкаў. Міліцыянты завезлі Вольгу ў прыёмны пакой лякарні і сышлі.

"У неўрапатолага высветлілася, што спярша ў прыёмным пакоі ў картцы мне напісалі, што я шла і рэзка павалілася, таму і было адмоўлена ў МРТ", — адзначае пацярпелая. У лякарні жанчыну, па яе словах абследаваць адмовіліся і напісалі "працаздольная". Калі жанчына прыйшла на працу, то страціла прытомнасць. Яе шпіталізавалі і паклалі на абследаванне.

У ДАІ Мінскай вобласці паведамілі, што ў дачыненні да супрацоўніка ДАІ, які збіў пешахода, праводзіцца праверка, піша abw.by. Міліцыянты паведамілі, што за рулём аўто быў 43-гадовы супрацоўнік аддзела ДАІ Салігорскага РАУС. Яны дадалі, што 31-гадовую пацярпелую адразу даставілі ў лякарню: "Пацярпелая аператыўна была дастаўленая ў лякарню. У медыцынскай установе па выніках абследавання пастаўлены дыягназ "удары, гематома, стан алкагольнага ап'янення лёгкай ступені".
 
У ДАІ кажуць, што ДТЗ адбылося ў цёмны час сутак на асветленым участку дарозе. Супрацоўнік ДАІ быў на службе, прайшоў агляд на ступень фізічнага стану ў медустанове.

Дарэчы, сама Вольга так пракаментавала адказ ДАІ: "Так, у прыёмным пакоі траўматолаг даў мне дыхнуць у нейкі прыбор. Але дадзеныя нідзе не зафіксаваныя, я нічога не падпісвала... Калі пешаход пераходзіць дарогу, выконваючы ПДР, па пераходзе, якая розніца, у якім стане ён знаходзіцца?"

euroradio.fm



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць