У Слуцкім раёне на месцах масавых расстрэлаў устаноўлены і асвечаны Крыжы Памяці

Асвячэнне драўляных крыжоў адбылося ў лясных масівах у трох месцах непадалёк ад вёскі Каліта 2 мая.



 


На асвячэнні прысутнічалі больш за 30 чалавек: грамадскія актывісты Слуцка, жыхары вёскі Каліта, госці з Мінска. Асвяціў крыжы айцец Ігар з Міхайлаўскага сабора.

 

Аўтар ідэі ўстаноўкі крыжоў у месцах масавых расстрэлаў 1930-х гадоў на Случчыне — вядомы палітык Мікола Статкевіч. Дзед Міколы Статкевіча пражыў няпоўныя 40 гадоў, быў арыштаваны па надуманых прычынах і загінуў у Слуцку ў студзені 1938 года


Грамадскі актывіст Анатоль Балакір распавёў прысутным пра вялікую працу, што папярэднічала ўстаноўцы крыжоў:


У нашай краіне замоўчваюцца трагічныя падзеі 30-х гадоў, калі загінулі мільёны людзей падчас сталінскіх рэпрэсій. І Случчына — не выключэнне. У нас да гэтага часу няма помнікаў ні слуцкім паўстанцам, ні людзям, расстраляным у 30-я гады.

 

Родзічы ахвяраў да гэтага часу не ведаюць месцы апошняга прытулку іх блізкіх. Таму вырашыў дапамагчы, калі да мяне звярнуўся мой аднапартыец і сябра Мікола Статкевіч і папрасіў высветліць месца магчымага расстрэлу яго дзеда.


Анатоль Балакір распавёў, што ён вельмі ўдзячны мясцоваму краязнаўцу, былому рэдактару газеты “Слуцкі край” Анатолю Жуку, аўтару кнігі пра Слуцк у 1937-м, які шмат гадоў карпатліва даследаваў мясцовую гісторыю. Праз паўгода сумесных пошукаў, сустрэч з мясцовымі жыхарамі былі дакладна ўстаноўлены некаторыя месцы масавых знішчэнняў людзей.

 

Лідзія Антонаўна Крыхтава, якая жыве ў вёсцы Каліта, таксама спрычынілася да пошуку месцаў расстрэлаў.

 

На жаль, тых старых людзей, якія былі сведкамі гібелі людзей, на свеце ўжо няма, — гаворыць жанчына. — Але помню гэтыя мясціны па расповядах маіх родзічаў. А яны паказвалі вялізныя яміны ў лесе і расказвалі, што ў студзені 1938-года зямля была чырвоная — выступіла людская кроў. Прывозілі людзей у лес уначы, чутны былі крыкі, плач, страляніна.


Помнік рэпрэсіям, які ўстанавіў на 16-м кіламетры шасы Слуцк — Старыя Дарогі былы супрацоўнік расійскага міністэрства замежных спраў Аляксандр Ралько

Помнік рэпрэсіям, які ўстанавіў на 16-м кіламетры шасы Слуцк — Старыя Дарогі былы супрацоўнік расійскага міністэрства замежных спраў Аляксандр Ралько



Усклаў бела-чырвоныя кветкі каля аднаго з крыжоў і 80-гадовы Міхаіл Мікалаевіч Казак:

 

Мне было ўсяго адзін год і 10 месяцаў, калі забралі маці па абвінавачванні ва ўкрывальніцтве шпіёнаў. Бацьку пасадзілі ў турму яшчэ ў 1935 годзе, — распавёў спадар Міхаіл. — Маці была хатняй гаспадыняй, мела сямёра дзяцей. Каб пракарміць нас, шыла адзенне. Карысталася поспехам як швачка, таму ў хаце бывала многа людзей, што і стала прычынай дурнога абвінавачвання. Маці расстралялі ў студзені 1938 года — тады ж, калі і дзеда Міколы Статкевіча. Магчыма, яны ляжаць у адной яме, — уздыхае мужчына. — Пасля маці рэабілітавалі пасмяротна. Але дзе ж тая рэабілітацыя, калі нават не сказалі, дзе пахавана? Вось знайшліся добрыя людзі — крыж устанавілі, бацюшка асвяціў.

 

Аднак існуе рэальная пагроза знішчэння крыжоў. Яна ўвасобілася ў постаці старшыні Сорагаўскага сельскага выканаўчага камітэта Жанжэўскага Адама Леанідавіча.




 

Прадстаўнік улады пад’ехаў у той час, калі ўдзельнікі памінальнага мерапрыемства знаходзіліся ля помніка ахвярам рэпрэсій ля шашы Слуцк — Старыя Дарогі, устаноўленага на свае сродкі ўраджэнцам гэтых мясцін Аляксандр Ралько, які пэўны час працаваў у Міністэрстве замежных спраў Расіі (магчыма, з прычыны расійскага следу помнік дзяржава не чапае і робіць выгляд, што яго не існуе).



Заклапочана і гнеўна мясцовы дзяржаўны чыноўнік задаў звыклыя пытанні: “Хто дазволіў? Як вы адважыліся на такія дзеянні?”

 


 

Каментаваць