У Слуцку ўшанавалі памяць герояў паўстання 1920 года

Больш за 100 чалавек сабраліся 26 лістапада каля кінатэатру «Беларусь» у Слуцку, каб прыняць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Слуцкаму паўстанню, арганізаваных партыяй БНФ і Рухам «За Свабоду».


Ужо стала добрай традыцыяй, што менавіта тут, у Слуцку, пасля падарожжа па баявых мясцінах новыя сябры «Маладога фронту» прыносяць ганаровую прысягу на вернасць Радзіме. Усе прысутныя былі ўзрушаны кранальнымі словамі, якімі хлопцы і дзяўчаты, апранутыя ў вайсковую форму, сімвалічна прысягнулі на вернасць бел-чырвона-беламу сцягу і роднай Беларусі.

Ад кінатэатра «Беларусь» калона рушыла да месца правядзення мітынгу  ў гарадскім парку, дзе месціцца помнік Тарасу Шаўчэнку.

Да ўдзельнікаў мітынгу звярнуліся прамоўцы: кіраўнік Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, лідар партыі БНФ Аляксей Янукевіч, Вячаслаў Сіўчык, Ігар Лялькоў.

Усе прамоўцы казалі пра тое, што падзеі 27 лістапада 1920 году, калі было ўзнята гераічнае паўстанне за незалежнасьць нашай краіны, не страцілі сваёй актуальнасці і праз 96 гадоў.

Выступленне барда Зміцера Захарэвіча, які выканаў уласныя песні на тэму змагання, малітва за Беларусь эмацыйна дапоўнілі палымяныя прамовы выступоўцаў.

У інтэрв'ю НЧ Зміцер Дашкевіч выказаўся наконт наступу ідэалогіі «рускага свету» на Беларусь.
 — Мусім крычаць пра сур’ёзную небяспеку для нашай Айчыны. Случакі, якія пайшлі паміраць за сваю Радзіму — заклалі падмурак і для нашага змагання. Гэта — арыентыр, на які павінен раўняцца кожны змагар. Магчыма, наша цяперашняе замаганне прынясе таксама плён для Беларусі — калі не цяпер, то ў будучыні.

Васіль Долбік, жыхар вёскі Еўлічы, упершыню за свае 72 гады прыняў удзел у мітынгу.
Пра Слуцкае паўстанне мы, сяляне, ведаем няшмат. Вось прыехаў паслухаць разумных, адукаваных людзей. Было вельмі цікава даведацца, што шмат людзей у Беларусі шануе памяць случчан, аддаўшых свае жыцці за Слуцкую народную рэспубліку. Сорамна за случчан, якія вераць прапагандзе ўлады, якая знарок замоўчвае гэтую гістарычную падзею ў нашым рэгіёне.

Напрыканцы мітынгу жадаючыя маглі зрабіць здымкі на памяць пад украінскім сцягам каля помніка знакамітаму ўкраінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку каля ўваходу ў парк.


Каментаваць