У Слуцку збіраюць подпісы за перайменаванне вуліцы ў гонар слуцкіх паўстанцаў

Грамадскія актывісты Слуцка адзначылі дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце зборам подпісаў за перайменаванне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў.

Слуцкае паўстанне — адметная падзея ў гісторыі гораду. Аднак у Слуцку да гэтага часу няма вуліцы, якая б захоўвала памяць пра яе. Назвы вуліц гораду, у асноўным, сведчаць толькі пра савецкае мінулае і нагадваюць пра гістарычныя аскепкі кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Шмат вуліц носяць імёны рускіх літаратараў — Жукоўскага, Пушкіна, Лермантава, Тургенева, Ганчарова, Горкага, Пушкіна, Астроўскага, Някрасава. Ёсць нават вуліца Парыжскай камуны.

— Назвы вуліц горада нічога не гавораць беларускаму чалавеку і случчаніну, — гаворыць Віталь Амяльковіч, актывіст партыі БНФ. — Лічу, што наш народ раўнадушны да праблемы нацыянальнага адраджэння, паколькі з маленства жыве на вуліцы Піянерскай, Савецкай ды Камсамольскай — у мінулым таталітарным часе.

Каб змяніць гэтую сітуацыю жыхары гораду распачалі збор подпісаў за тое, каб вуліца Камсамольская была перайменавана ў вуліцу Слуцкіх паўстанцаў. Менавіта на гэтай вуліцы, якая ў той час называлася Шырокая, у пачатку ХХ стагоддзя знаходзіўся дом знакамітага Эдварда Вайніловіча, дзе засядала Рада Случчыны і была сфармавана 1-я слуцкая брыгада стральцоў войска БНР.


Збор подпісаў вядзецца на вуліцах гораду другі тыдзень падчас пікетаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі за вылучэнне кандыдаткі ў дэпутаты Кацярыны Шуст.

27 ліпеня  Кацярына Шуст разам з лідарам Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам дапамагалі гараджанам збіраць подпісы за ўшанаванне памяці слуцкіх паўстанцаў.


— Мне вельмі падабаецца Слуцк і яго гісторыя, — кажа Кацярына. — Кожны год восенню я прымаю ўдзел ва ўшаноўванні памяці Слуцкага збройнага чыну каля будынка мясцовага краязнаўчага музея. Збіраючы подпісы за перайменаванне вуліцы пачула ад случчан, што яны дрэнна ведаюць пра гэту гераічную падзею. Бачна, што над свядомасцю людзей добра папрацавалі дзяржаўныя ідэолагі. Невядома толькі, на карысць якой дзяржавы гэта было зроблена: сваёй ці чужой.


Па сведчанню грамадскіх актывістаў, на сённяшні дзень ужо сабраны каля 400 подпісаў пад калектыўным зваротам у Слуцкі раённы выканаўчы камітэт. Збор подпісаў працягваецца.


Каментаваць